Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы бяз чэргаў: «чаўнакі» зьніклі


Пачынаючы ад Новага году, на памежных пераходах Беларусі з суседнімі краінамі практычна паўсюль зьніклі чэргі. Езьдзіць у суседнія Польшчу і Літву жыхарам памежных рэгіёнаў стала нявыгадна.

Паводле сайта пагранкамітэту Рэспублікі Беларусь, 20 студзеня на ўезд і выезд зь Беларусі ва ўсе суседнія краіны не было чэргаў — ні легкавых, ні грузавых аўта. Толькі на пераходзе «Берасьце — Тэрэспаль» з раніцы ў чарзе на выезд легкавых аўта стаялі 20 машынаў, а бліжэй пад абед — усяго 10. Гэта пачалося пасьля Новага году. Такая сытуацыя зусім нетыповая, бо звычайна, каб пераехаць мяжу з Польшчай альбо Літвой, даводзілася стаяць па некалькі гадзінаў.

Для жыхароў Гарадзеншчыны, якія ў пераважнай большасьці езьдзілі ў суседнія краіны набываць таньнейшыя харчы і тавары, сытуацыя зусім нетыповая. Мае суразмоўцы, якія гадамі рэгулярна езьдзілі ў Польшчу і Літву, тлумачаць гэта эканамічнымі і фінансавымі праблемамі, якія пачаліся ў Беларусі.

Спадар Сяргей нагадвае схему паездак у суседнія краіны, якой карысталіся звычайна на Гараденшчыне: заліваеш бак саляркі, бярэш цыгарэты, там усё гэта прадаеш, набываеш больш танныя харчы і тавары для сям’і альбо мяняеш злотыя на даляры, да ўсяго бярэш тавар на «Полі цудаў» і за перавоз кожнае рэчы атрымліваеш пару даляраў — так і павялічваеш сямейны бюджэт.

Спадар: «Тавару абсалютна ніякага на перавоз цяпер няма, а асноўная маса людзей езьдзіла на „Поле цудаў“. Салярку прадаваць нявыгадна, бо цана ў Польшчы падае — 4,20 злотых, а была 4,60. На 40 грошаў — гэта шмат. Ну, і даляр там пайшоў уверх — 3,70 злотых каштуе, такога даўно не было».

Спадар Станіслаў кажа, што яшчэ вельмі моцна на паездкі паўплывала дэвальвацыя беларускіх грошай. Купляючы даляры за беларускія рублі, набываць нешта ў Польшчы цяпер становіцца зусім нявыгадна.

Спадар: «Цяпер бачыце — чэргі ў нас, і немагчыма купіць тае валюты. І гэта таксама прычына. Але ўсё ж большасьць людзей з Гарадзеншчыны і так не куплялі ў нас валюту, каб везьці яе ў Польшчу. Гэта рабілі людзі багацейшыя, у каго быў добры заробак. А астатнія імкнуліся нешта туды завезьці, прадаць, і там за гэта набывалі і тавары, і валюту. І вось цяпер відаць, што больш езьдзяць менчукі, бо ў іх большыя заробкі. І купляюць яны ня так, як мы — на 70 злотых, а вязуць адразу на 300, на 500 злотых».

Спадарыня Сьвятлана вазіла з Польшчы рэчы на рынак у Горадню і прадавала. Але яе бізнэс стаў нерэнтабэльны, бо рубель дэвальваваўся, а да таго ж падатковыя службы пачалі патрабаваць абавязковай сэртыфікацыі тавару.

Спадарыня: «Там жа тавар увесь за валюту купляеш. А цяпер валюта вырасла, і калі, да прыкладу, тая кофтачка каштавала 100 тысяч, то цяпер — 140. А ў нас людзі як атрымлівалі ў беларускіх рублях, так і атрымліваюць. І тут розьніца ідзе ў цане. А да ўсяго, тавар трэба размытніць. Потым, польскі сэртыфікат у нас не прызнаецца — і яшчэ трэба заплаціць за сэртыфікацыю. Ну і ўсё...».

На літоўскім кірунку найчасьцей вялікія чэргі на пераезд мяжы заўсёды зьбіраліся на памежным пераходзе «Каменны лог», што непадалёк Ашмянаў і Астраўца. Дарэчы, гэты ж памежны пераход — найбліжэйшы да Менску. Спадар Мікалай кажа, што цяпер поўная цішыня. Прычыны называе тыя самыя. Паводле яго, паездкі ў суседнюю Літву былі добрым спосабам, каб папоўніць бюджэт. А цяпер яны спыніліся, і людзі гэта на сабе ўжо адчулі.

Спадар: «Напэўна, людзі нешта думаюць, як выкручвацца. Але на гэты момант, калі існуюць такія перашкоды, і яшчэ валюту нельга купіць, і розьніцы ў цэнах, — то баюся, што тут людзям ужо няма чаго шукаць. Хіба трэба ўжо нейкія іншыя схемы распрацоўваць».

Спадар Аляксей з Горадні, які ўвесь час дарабляў на сям’ю паездкамі ў Польшчу, кажа, што памежны рух напэўна ня хутка адновіцца. І гэта моцна адаб’ецца на тых, хто часта езьдзіў за мяжу.

Спадар: «Асноўная частка маіх знаёмых у Горадні зарабляюць каля 4 мільёнаў — мужчыны. Жанчыны — тры з паловай. Раней яны атрымлівалі трыста даляраў, цяпер — дзьвесьце. І што з гэтага, якім чынам яны змогуць цяпер езьдзіць на тыя закупы?».

Карэспандэнт: «На вашу думку, чым цяпер гэтыя даробкі будуць замяняць людзі?»

Спадар: «Ды нічым гэта замяніць цяпер немагчыма. Людзі чарговы раз заціснуць паясок і праткнуць у ім яшчэ адну дзірачку. Я практычна на сваёй працы бачу, што людзі таксоўкамі карыстаюцца ўсё менш і менш. Атрымаць заказ у таксі — трэба прачакаць на марозе дзьве гадзіны. Людзі зьбяднелі зусім...».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG