Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панікі няма, даляраў — таксама


Сытуацыя на фінансавым рынку застаецца няпэўнай: беларускі рубель вагаецца на ўзроўні крыху вышэйшым, чым 15 000 за даляр, але канвэртаваць яго па-ранейшаму праблематычна — валюты ў абменных пунктах на ўсіх ахвотных не хапае. Разам з тым афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, што падзеньне рубля ўдалося ўтаймаваць, цяпер настае пэрыяд стабілізацыі. Ці так гэта?

Да банкаўскіх касаў вось ужо каторы тыдзень выстройваюцца дзьве чаргі, адна зь якіх збольшага ўмоўная. Бо калі здаць даляры ці эўра пад ухвальна-зайздросныя позіркі праблемаў не складае, то працэдура куплі патрэбнай сумы расьцягваецца часам не на адну гадзіну — прадаецца толькі тое, што прынесьлі здаваць.

У такой сытуацыі індыкатарам адэкватнага курсу становіцца чорны рынак, на якім даляр прапануецца ў сярэднім па 18 000 рублёў, а эўра перакрочыў адзнаку ў 20 000. Такія дадзеныя падае і «народны сайт» http://prokopovi. ch, які зьявіўся ў крызіс 2011 году і ва ўмовах валютнай няпэўнасьці пры канцы мінулага году зноў ператварыўся ў віртуальную абменную пляцоўку. Праўда, ахвотных набываць па такіх коштах няшмат — пакупнікі хочуць 15 500–16 000 за даляр. Ці здолее ценевы рынак перацягнуць на сябе патэнцыйных кліентаў, як у згаданым 2011-м, — фінансавы аналітык Аляксандар Муха:

Я ў 2011-м таксама карыстаўся гэтым сайтам, але тады сытуацыя ўсё ж выглядала крыху інакш. То бок тады быў афіцыйны курс, і рынкавы яго перавышаў заўважна, мінімум у паўтара раза.

«Я ў 2011-м таксама карыстаўся гэтым сайтам, але тады сытуацыя ўсё ж выглядала крыху інакш. То бок тады быў афіцыйны курс, і рынкавы яго перавышаў заўважна, мінімум у паўтара раза. Таму, я думаю, наўрад ці гэтыя апэрацыі разгорнуцца гэтак жа шырока. Так, яны ёсьць і будуць, гэтага экспэрты не выключаюць. Але зноў жа — як знайсьці вось гэтую залатую сярэдзіну паміж курсам беларускага рубля ў банкаўскіх абменных пунктах і ягонай рэальнай вагой? Разумееце, тут пытаньне ў тым, як аб’ектыўна ацаніць ценевы настрой. Як бы там ні было, трэба гаварыць, што афіцыйны курс перавышае 15 000 рублёў, гэта яшчэ летась запачаткаваў 30-працэнтны збор. Але ці змогуць фізычна, умоўна кажучы, за 18 000 рублёў прадаць валюту тыя фізычныя асобы, якія хочуць зарабіць? Магчымае ажыўленьне ценевага сэгмэнту ўнутранага валютнага рынку, але чакаць сур’ёзнага размаху, як у 2011 годзе, мяркую, усё ж ня варта».

Тым часам прадстаўнікі ўладных структураў запэўніваюць, што валютны курс удалося ўзяць пад кантроль і адчувальных ваганьняў у агляднай пэрспэктыве ня будзе. Але больш шчыльная прывязка ў валютным кошыку беларускага рубля да расейскага дае экспэртам падставу прагназаваць, што нацыянальную валюту будзе трэсьці і надалей. Нафта на ўсясьветным рынку трымаецца ніжэй, чым 50 даляраў за барэль, а расейскі рубель найбольш адчувальна рэагуе якраз на гэты фактар — сёньня ён у межах 65 за даляр і 75 за эўра. Далейшы абвал нафтавых коштаў, што прадказваюць аналітыкі, непазьбежна пацягне за сабою далейшае абясцэньваньне як расейскага рубля, так і ягоных сатэлітаў. Эканаміст Віктар Цярэшчанка кажа, што ўлады хацелі б суняць панічныя настроі ў грамадзтве, але ва ўмовах «ручнога кіраваньня» фінансавымі працэсамі ўсе размовы выглядаюць толькі прафанацыяй:

Мы гадамі прапануем выйсьце, у нас жа нармальныя спэцыялісты. Ладна я, мяне слухаць ня хочуць, але ж іншыя прапануюць: вось шлях стабілізацыі нацыянальных грошай, вось як можна зрабіць.

«Мы гадамі прапануем выйсьце, у нас жа нармальныя спэцыялісты. Ладна я, мяне слухаць ня хочуць, але ж іншыя прапануюць: вось шлях стабілізацыі нацыянальных грошай, вось як можна зрабіць. Дык паслухайце хоць, не адмятайце! Летась 4 красавіка аддаю 68 графікаў, табліц старшыню прэзыдыюму Акадэміі навук Гусакову. „Дзякуй, Віктар Іванавіч, дадзім адказ“. Няма адказу. Дарэчы, 10 сакавіка, месяцам раней, меў аналягічную сустрэчу і аналягічныя абяцанкі. Разумееце, складаецца ўражаньне, што вакол людзі, якія наўмысна робяць усё супраць. Ну, ня ўмееш — аддай пасаду ці запрасі паслухаць разумнага чалавека альбо групу людзей. Давайце правядзём агульныя слуханьні на тэлебачаньні — ня казкі расказваць, як у іх, у суседзяў, усё дрэнна, а ў нас добра, — а паразважаць рэальна. Бо грошы — гэта тое, што тычыцца любога грамадзяніна. Ён ідзе ў краму — зноў хлеб падаражэў, малако, масла. Прадукты харчаваньня, вопратка — што толькі не даражэе».

Паказальна, што ў гэты ж час год таму і кіраўніцтва Нацыянальнага банку, і кіраўнікі ўраду раз-пораз давалі зразумець, што ў эканоміцы склаліся спрыяльныя ўмовы, якія не выключаюць магчымасьці дэнамінацыі. Аляксандар Лукашэнка нават прызнаўся, што надрукаваны наклад дэнамінаваных беларускіх грошай. Але цяпер, мяркуе дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, ідэю лішніх нулёў давядзецца зноў засунуць у далёкую скрыню:

Што тычыцца дэнамінацыі, то і былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, і іншыя аўтарытэтныя адмыслоўцы ўсюды кажуць і пішуць, што гэта мера, якая нічога не вырашае сама па сабе.

«Што тычыцца дэнамінацыі, то і былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, і іншыя аўтарытэтныя адмыслоўцы ўсюды кажуць і пішуць, што гэта мера, якая нічога не вырашае сама па сабе. Гэта толькі адно з наступстваў аздараўленьня ўсёй фінансава-эканамічнай сыстэмы. Занадта прымітыўнае меркаваньне — маўляў, каб не было шмат нулёў, трэба зрабіць дэнамінацыю, і ўсё нібыта наладзіцца. Не наладзіцца, пакуль будзе весьці рэй галоўны вораг — інфляцыя. Чаму яна такая, адкуль бярэцца — гэта ўжо пытаньне іншае, бо тут жа паўстаюць праблемы ўсёй эканомікі, а ня нейкай асобна ўзятай дэнамінацыі. Адно відавочна: праблема даверу да ўласнай валюты была, ёсьць і ў бліжэйшай пэрспэктыве застанецца. Найперш таму, што ёсьць нэгатыўны досьвед, ад якога нікуды не падзецца».

На Беларускай валютна-фондавай біржы сёньня амэрыканскі даляр не гандляваўся — у ЗША трэці панядзелак студзеня адзначаецца як Дзень змагара за правы афраамэрыканцаў Марціна Лютэра Кінга, таму адказаць на пытаньне, ці стала ўмацаваньне рубля на мінулым тыдні тэндэнцыяй або толькі арытмэтычнай хібнасьцю, можна будзе заўтра. А вось эўра 19 студзеня патаньнеў на 120 рублёў — ад 17 320 да 17 200.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG