Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левіятанчык беларускі і вампірка іранская на Дзікім Захадзе


«Подлы „Левіятан“. Гэта ня слабае кіно. Не бяздарнае. Добра зробленае... агіднае, хлусьлівае і подлае кіно». Гэтак напісала адна расейская блогерка пра стужку Андрэя Зьвягінцава, якая атрымала амэрыканскую прэмію «Залаты Глобус» за найлепшы фільм на замежнай мове, а 15 студзеня была вылучаная на «Оскара». Міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі ў інтэрвію газэце «Известия» сказаў, што фільм надзвычай каньюнктурны і зроблены «ў пагоні за міжнародным посьпехам».

«Левіятан» (які можна паглядзець тут) нават тыя, хто паставіўся да фільму з сымпатыяй, пасьпелі ўжо абвінаваціць у псыхалягічных, сацыяльных і палітычных недарэчнасьцях. Мне цікавым і важным падалося пытаньне аглядальніка расейскай «Новай газеты» Дзьмітрыя Быкава: «З чаго раптам мэр перастаў баяцца выкрыцьцяў адваката? „Прабіў“ яго па сваіх каналах? — аднак тэчка [з кампраматам] сапраўдная, ён пры нас яе праглядзеў і не на жарт спалохаўся».

Але ж у фільме адкрытым тэкстам гаворыцца, што само па сабе існаваньне тэчкі не вялікая бяда для чыноўніка. У расейскай уладнай пірамідзе ўсіх зьверху «трымаюць за фабэржэ». І таму мэр палохаецца ня ўласна кампрамату, а таго, што за візытам маскоўскага адваката стаіць нехта з «сур’ёзных людзей» са сваімі плянамі наконт яго будучыні.

Гэта адно з супадзеньняў паміж расейскімі і беларускімі рэаліямі. Можна казаць пра розьніцу маштабаў заняпаду і непавагі да чалавечага жыцьця. Але ці ёсьць сумнеў, якім чынам у абедзьвюх краінах вызначаюць, калі карумпаваны мэр можа пачуць скарагаворачку судзьдзі?

Агулам, погляд на «Левіятана» як на змрочную экзотыку далёкай расейскай правінцыі выглядае не зусім апраўданым. Пры жаданьні там можна знайсьці досыць блізкага — напрыклад, падлеткі, што бавяць вечары ў разбуранай царкве, выклікалі ў памяці дакумэнтальны фільм «Сіманава, 26», які быў зьняты ўвосень 2011 году ў Магілёве.

Шмат хто закідае Зьвягінцаву, што амаральныя ўчынкі яго герояў непраўдападобныя і нелягічныя. Часткова з гэтым можна пагадзіцца, але часам каб паверыць, што галоўная гераіня пойдзе ў гатэльны пакой, дастаткова пабачыць і пачуць яе стомленае «я ведаю» ў адказ на словы мужа «я цябе кахаю». Да таго ж, перарывісты сюжэт пакідае прастору для дадумваньня, дзе глядач можа сам вызначаць, што менавіта зрабілі дзейныя асобы і чаму.

Вось што кажа сам рэжысэр: «Была велізарная колькасьць тэксту. Ужо ў мантажы, зьбіраючы карціну па сцэнары, я зразумеў, што матэрыял трэба сьціскаць як спружыну, „секчы“. Адмовіцца ад правіла пасьлядоўна і аргумэнтавана ўваходзіць у сцэну: экспазыцыя, агульны плян, разьвіцьцё сцэны... Трэба было проста ўрывацца ў самае ядро сцэны. І потым гэтак жа выходзіць зь яе, ня скончыўшы».

Некаторыя крытыкі галоўным грахом «Левіятана» назвалі расплывістасьць. Маўляў, цяжка зразумець, што паказвае Зьвягінцаў — дурную дзяржаўную машыну ці ўвогуле хаос чалавечага існаваньня.

Той жа Дзьмітрый Быкаў піша: «Калі Левіятан — дзяржава, дык не дзяржава ж вінаватая ў тым, што гэтыя людзі „так жывуць“, дый увогуле ня вельмі зразумела, чым яны лепшыя за гэтую дзяржаву: амаль усе другасныя героі зь іх фальшам, адсутнасьцю маральнага стрыжня, карысьлівасьцю, стукацтвам і алькагалізмам ідэальна ёй адпавядаюць. А калі, як у кнізе Ёва, гаворка аб ладзе сьвету ўвогуле, аб тым, што сьвет і ёсьць глябальная мясарубка, і выявіць у жыцьці сэнс гэтак жа немагчыма, як вылавіць вудай левіятана, — няясна, пры чым тут, уласна, Расея і ўсялякага роду канкрэтыка».

Мне гэтыя закіды падаюцца недарэчнымі. Ці сталі б пытацца ў Эміра Кустурыцы пра яго раньнія фільмы «аб ладзе сьвету»: пры чым тут Югаславія і ўсялякага роду канкрэтыка? І наўрад ці нехта скажа, што канкрэтны гандаль людзьмі ў «Часе цыганоў» замінае гледачу шукаць праз гэты фільм жыцьцёвыя сэнсы.

А тым, хто зусім ужо ня хоча мяшаць экзыстэнцыйнае з сацыяльным, можна параіць першую поўнамэтражную стужку амэрыканскай рэжысэркі іранскага паходжаньня Аны Лілі Амірпур «Самотная дзяўчына ідзе ўначы дадому».

Хоць фільм зьняты на фарсі і дзеяньне адбываецца ва ўмоўным Іране, яго нездарма рэклямуюць як «першы іранскі вампірскі вэстэрн». Бязьлюдныя краявіды сапраўды нагадваюць амэрыканскі Дзікі Захад. У адрозьненьне ад «Гораду граху», зь якім фільм параўноўваюць, тут няма ні карумпаванай ўлады, ні паліцыі, ні нават крымінальнага калектыву — гандляр наркотыкамі такі ж самотны, як гераіня-вампірка.

У сюжэце можна пабачыць тэму змаганьня з мужчынскім гвалтам, але нават у гэтай тэме галоўная надзея бадай на тое, што ў дзяцінстве кожнага хлопчыка на вуліцы своечасова запалохае незнаёмая супэржанчына.

І калі не лічыць электрастанцыі, што выглядае як гіганцкая млявая жывёліна альбо рухавы кітовы шкілет, у стылёвых чорна-белых кадрах не відаць ніякага левіятана. Але ён ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG