Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа наконт расстрэлаў пад Віцебскам зрушылася зь месца


 масавыя пахаваньні пад Віцебскам
масавыя пахаваньні пад Віцебскам

Чатырох віцебскіх сябраў КХП БНФ выклікалі ў Сьледчы камітэт, каб узяць паказаньні наконт знойдзеных у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле чалавечых костак і чарапоў з кулявымі адтулінамі. З моманту падачы заяваў пра знаходку прайшло ўжо 2 месяцы, і толькі цяпер сьледчыя вырашылі паразмаўляць зь відавочцамі.

На гутарку ў сьледчы камітэт Віцебскага раёну былі выкліканыя сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, Сяргей Каваленка, Алег Емяльянаў і Пётар Сарапеня. Усе чацьвёра былі ўдзельнікамі ўшанаваньня памяці загінулых, чые парэшткі дагэтуль ляжаць непахаванымі ў лесе за 15 км ад Віцебску: 12 лістапада актывісты ўсталявалі ў тых мясьцінах памятныя крыжы.

І ў той самы дзень былі пададзеныя заявы ў абласную пракуратуру, Сьледчы камітэт і міліцыю. Гэтыя структуры абавязаныя ініцыяваць праверку, бо справы па забойствах людзей ня маюць тэрмінаў даўнасьці.

Але сьледчыя нешта ня дужа сьпяшаюцца, кажа сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які пачаў цікавіцца гісторыяй гэтых мясьцінаў яшчэ гадоў 10 таму, шукаючы, дзе супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі вязьняў віцебскай турмы:

«12 лістапада мы падалі заявы. Цягам месяца я атрымаў некалькі амаль што аднолькавых адказаў зь міліцыі, пракуратуры і Сьледчага камітэту: маўляў, супрацоўнікі выяжджалі на месца, інфармацыя пра парэшткі пацьвердзілася, вядзецца праверка. На гэтым усё і спынілася — ні пра якія вынікі нам не паведамілі. Аж пакуль не патэлефанавала сьледчая Віцебскага раённага сьледчага камітэту, маёр юстыцыі Зоя Высокіх, якая патлумачыла, што мусіць апытаць заяўнікаў. Ад яе мы даведаліся, што распачатая крымінальная справа, але вынікаў пакуль няма. Нібыта адразу пасьля нашых заяваў парэшткі ўзялі на дасьледаваньне, каб вызначыць час і характар сьмерці. Але ў Віцебску такую экспэртызу правесьці ня здолелі, і парэшткі перадалі ў Менск. Колькі часу іх там дасьледуюць і калі будзе вынік — невядома. Мы нават ня ўпэўненыя, што нас спавесьцяць пра вынікі — дужа ўжо зацягваецца гэтая справа. У любым выпадку, у нас засталіся запісанымі аповеды мясцовых жыхароў, якія згадваюць, што ў тым лесе ў 1937–38 гадох расстрэльвалі людзей».

Тамтэйшыя жыхары распавядалі таксама, што яшчэ ў 1990-я гады зьвярталіся ў мясцовы сельсавет, каб быў наведзены парадак, і чалавечыя парэшткі не ляжалі раскіданымі па лесе. У сельсавеце абяцалі «разабрацца», але на косткі і чарапы, часам у неглыбокіх ямінах, а часам проста прыкапаныя, дагэтуль натыкаюцца грыбнікі.

У Віцебскай вобласьці ёсьць усяго адно месца, афіцыйна прызнанае як месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму — гэта ўрочышча Кабыляцкая Гара пад Воршай. Экспэртыза чалавечых парэшткаў, знойдзеных тут падчас будаўніцтва чыгункі, пацьвердзіла, што расстрэльвалі тут менавіта мірных жыхароў, якіх адмыслова звозілі на загубу.

Не прызнанае афіцыйна месца масавых расстрэлаў — гэта ўзьлесак каля вёскі Паляі пад Віцебскам. Як і ў выпадку са знойдзенымі сёлета ўвосень парэшткамі пад вёскамі Хайсы і Дрыкольле, актывісты некалькі гадоў таму запісалі сьведчаньні мясцовых жыхароў. На гэтай падставе былі прапановы да ўладаў Віцебскага раёну, каб усталяваць у Паляях помнік загінулым, але актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG