У апошнія дні 2014 году Міністэрства гандлю Беларусі прыпыніла працу трох дзясяткаў інтэрнэт-крамаў. Пры гэтым самай распаўсюджанай прычынай забароны на дзейнасьць стала пазначэньне на сайтах кошту тавараў не ў беларускіх рублях, а ў замежнай валюце. Ці вярнуліся ў легальную прастору «крамольныя» сайты і да якіх паказьнікаў курсу прывязваюцца інтэрнэт-гандляры ў разьліках?
20 сьнежня былі зачыненыя 13 камэрцыйных крамаў, якія працавалі ў віртуальнай прасторы. Празь дзень такі ж лёс напаткаў яшчэ 4 пляцоўкі. Калі гэты сьпіс папоўніў папулярны і, бадай, самы масавы рэсурс Onliner.by, пра захады Мінгандлю ў інтэрнэт-асяродзьдзі загаварылі як пра «карныя». Між тым у ведамстве тлумачаць, што прэтэнзіі грунтуюцца найперш на парушэньнях, зьвязаных з выстаўленьнем коштаў: згодна зь беларускім заканадаўствам, цэньнікі павінны быць толькі ў нацыянальнай валюце.
Інтэрнэт-аглядальнік Марк Бэрнштэйн перакананы: дзяржаўная структура цяпер намагаецца рабіць тое, чым у Расеі доўгія гады займаўся «легендарны» Генадзь Анішчанка, якому нават прыклеілі мянушку «ядзерная зброя Крамля»:
«Што тычыцца Мінгандлю, тое, чым ён цяпер займаецца, мне вельмі нагадвае небезьвядомага Анішчанку і ягоныя структуры ў Расеі. То бок там яны бралі на сябе функцыі фактычна і цэнзурныя, і палітычныя, і эканамічныя, але зусім ня функцыі абароны здароўя, на якія былі ад самага пачатку арыентаваныя. У нас цяпер прыблізна тое ж самае. Прыкладам, закрыцьцё таго ж Onliner.by. Яны ж ня проста «Барахолку» зачынілі, яны спаралізавалі пяты па велічыні сайт у Беларусі! Калі б зачынілі доступ на канкрэтны ІР-адрас канкрэтным крамам, якія месьцяцца на рэсурсе, – гэта адно. Але ж яны «хлопнулі» ўсё разам. То бок я яшчэ магу зразумець, каб прыпынілі толькі гандлёвую частку, бо там можна канкрэтна, як я ўжо казаў, вырубіць па ІР-адрасе. А яны зачынілі ўвесь сайт – форумы, абмеркаваньні і г.д. Пры тым, што тыя ніякім канцом ня тычыліся гэтай дзейнасьці. Іншымі словамі, гэткая ядзерная бомба, скінутая на асобны дом».
Да канца году з матывіроўкай «за парушэньні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў» агулам была прыпыненая праца 30 крамаў. Сярод іх нямала «доўгажыхароў», якія былі пачынальнікамі беларускага інтэрнэт-гандлю: mobilgsm.by, sfera.by, energo.shop.by, radiomarket.by, artway.by, redmond.by, limpopo.by, stroygip.by, connector.by, pentagon.by, aqua-decor.by. Асноўныя прэтэнзіі – неадпаведнасьць валюты на цэньніках і недакладныя зьвесткі на сайтах.
Але ў Міністэрстве гандлю раяць не разьдзімаць жарсьці, тлумачачы свае захады на прыкладзе рэсурсу Stroyka.by:
«Выяўленыя парушэньні заканадаўства, у прыватнасьці, разьмяшчэньне на інтэрнэт-пляцоўцы Stroyka.by недакладнай інфармацыі пра кошт тавару: замест грашовага эквіваленту – «цана дагаворная». Згодна з законам «Аб рэкляме», нядобрасумленнай зьяўляецца рэкляма, якая ўтрымлівае ілжывыя зьвесткі пра тавар, від дзейнасьці рэклямадаўцы, распаўсюд якіх можа прывесьці да парушэньня інтарэсаў арганізацыяў і грамадзянаў. На бюлетэнь «Стройка» выдадзена прадпісаньне аб спыненьні парушэньня заканадаўства, вядзецца праца на прыцягненьне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасьці. Міністэрства папярэджвае гандлёвыя пляцоўкі аб неадкладным выкананьні заканадаўства аб гандлі, абароне правоў спажыўцоў і рэкляме».
Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан – таксама прыхільнік таго, што з павальнай далярызацыяй у Беларусі трэба змагацца, інакш разуменьне рэальнага кошту нацыянальнай валюты ня прыйдзе ніколі:
«Я адношуся да тых людзей, якія вельмі нэгатыўна ставяцца да далярызацыі нашай эканомікі, усіх сфэраў жыцьця наогул. Лічу, што трэба і на ўзроўні Грамадзянскага кодэксу, і на ўзроўні заканадаўства забараніць ужываць словы «даляр», «эўра» ў гаспадарчых разьліках, ня кажучы ўжо пра тое, каб, як у нас гэта робіцца нават на вышэйшым узроўні, прывязваць заробак у ацэнках да даляра. І гэтак усюды: крэдыты даваць у валюце можна толькі пад імпарт, дзе ёсьць нейкія зьнешнеэканамічныя зьдзелкі. А ня так, як нашы прадпрыемствы робяць: бяруць у валюце, бо ніжэйшыя стаўкі, а цяпер дэвальвацыя, дык у іх грошай не хапае вярнуць. Як гэта можна даваць пазыкі ў валюце ўнутры краіны? Мы ж гэтую валюту нідзе ня возьмем, толькі ад экспарту. Альбо, зноў жа, пазычым у кагосьці. Таму трэба ўмацоўваць свае грошы, давер да іх, а гэта няпростая праца. І ўсё ж трэба некалі пачынаць».
Тым часам Міністэрства гандлю запэўнівае, што ўсе зачыненыя інтэрнэт-крамы змогуць аднавіць працу, як толькі выканаюць прадпісаньні на ліквідацыю парушэньняў. Але нават павярхоўны маніторынг дазваляе пераканацца, што вярнуцца назад ня так проста, як страціць ранейшыя пазыцыі.
Пасьля двухтыднёвага пакараньня «рэабілітаваны» партал Onliner.by, які на час блякады нават пасьпеў пераехаць у расейскую дамэнную зону. Аднак разьдзелы «Каталёг і цэны» і «Барахолка» не працуюць дагэтуль. Як паведамілі ў офісе рэсурсу, існуюць тэхнічныя праблемы, якія нельга вырашыць за такі кароткі тэрмін. Калі пляцоўка запрацуе ў ранейшым фармаце – не ўдакладняецца. Недаступныя сайты бытавой тэхнікі redmond.by, інтымных тавараў limpopo.by ды некаторыя іншыя.
Але шэраг сайтаў, выправіўшы тое, да чаго міністэрства мела прэтэнзіі, сапраўды вярнуліся ў беларускую зону інтэрнэту. Так, крама мабільных тэлефонаў mobilgsm.by даступная для наведваньня, усе кошты – у рублях. Праўда, па якім курсе пераразьлік – невядома, сумы канстатаваныя як факт. Гэткая ж гісторыя з radiomarket.by, sfera.by, energo.shop.by, pentagon.by і г.д.
На некаторых сайтах цэны даюцца і ў далярах, і ў рублях, але наведнікаў папярэджваюць: канчатковы разьлік – выключна ў нацыянальнай валюце. Курс вагаецца. Як правіла, ён вышэйшы, чым афіцыйны. Прыкладам, сайт прафэсійнага інструмэнту для цырульняў artway.by працуе па курсе 16 000 рублёў за даляр, іншыя «зараджаюць» крыху меней. Ранейшы досьвед паказвае, што звычайна прадпрымальнікі перастрахоўваюцца і закладаюць «рызыку» – тысячу-дзьве звыш афіцыйнага курсу.