Прадстаўнікі пракуратуры абверглі паведамленьні аб тым, што прынамсі адзін чалавек быў забіты ў ходзе перастрэлкі 9 студзеня падчас захопу закладнікаў. Некалькі чалавек былі параненыя.
У жывым рэпартажы тэлебачаньня паказалі паліцэйскія машыны на шашы ў раёне парыскага аэрапорту Шарля дэ Голя, а таксама тое, як паліцыя ачапляе гэты раён.
Агенцтва Associated Press паведамляе, што францускія ўлады закрылі дзьве ўзьлётна-пасадачныя паласы ў аэрапорце Шарля дэ Голя, які знаходзіцца недалёка ад месца супрацьстаяньня паліцыянтаў і двух меркаваных нападнікаў.
Паведамляецца, што адбылася перастрэлка, і прынамсі адзін закладнік быў захоплены непадалёк ад аэрапорта.
Міністар унутраных справаў Францыі заявіў, што вядзецца апэрацыя па затрыманьні падазраваных. Паводле францускага МУС, ёсьць «амаль поўная ўпэўненасьць», што падазраваныя браты Куашы знаходзяцца ў будынку, які акружылі паліцыянты.
Паліцыя мяркуе, што ў нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo бралі трое чалавек. Іх ужо ідэнтыфікавалі. Паліцыя распаўсюдзіла фотаздымкі і выдала ордэр на арышт братоў Саіда і Шэрыфа Куашы, якім 34 і 32 гады адпаведна. Абодва нарадзіліся ў Парыжы. Паводле відавочцаў, узброеныя асобы крычалі, што яны хацелі «адпомсьціць за прарока». Нападнікі заявілі таксама, што верныя еменскай «Аль-Каідзе». Reuters цытуе крыніцу ў еменскай выведцы, паводле якой, старэйшы брат Саід Куашы наведаў Емен у 2011 годзе і сустрэўся з духоўным настаўнікам «Аль-Каіды» Анварам аль-Аўлакі.
32-гадовы Шэрыф Куашы ў 2008 годзе быў асуджаны за датычнасьць да адпраўкі баевікоў ў Ірак.
Былы адвакат Шэрыфа Куашы, які выступіў напярэдадні па францускім тэлебачаньні, заклікаў яго здацца паліцыянтам, «каб праліць сьвятло на гэтую справу».
Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» назвала нападнікаў на сатырычны часопіс «гераічнымі джыхадзістамі».
Трэці меркаваны нападнік — 18-гадовы Мурад Амід — сам здаўся паліцыянтам. Гэта адбылося падчас антытэрарыстычнага рэйду ў Шарлевіль-Мэзьер на поўначы Францыі. Аднак пакуль паліцыя не паведамляе пра ягоную сувязь з абодвума братамі, якіх шукаюць праваахоўнікі. Паводле францускай прэсы, сябры трэцяга меркаванага нападніка сьцьвярджаюць, што ў момант нападу ён быў на занятках у школе.