Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё, сьмерць і карыкатуры


Рашэд Чоўдхуры

Забойствы, якія адбыліся ў сераду ў Францыі (у тым ліку забойства паліцыянта-мусульманіна Ахмэда Мэрабіта) зноў паказалі дзьве рэчы: што маладыя, маргіналізаваныя людзі без асаблівых мэтаў у жыцьці могуць даволі проста ператварыцца ў тэрарыстаў, і што дастаткова аднаго-двух такіх людзей, каб дэстабілізаваць на нейкі час (спадзяюся, што хутчэй на кароткі) цэлае грамадзтва. Браты, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні гэтага тэрарыстычнага акту, нібыта заявілі, што яны адпомсьцілі за прарока Мухамада. Але ці гэта так?

Паводле Кур’ана, на рэлігійныя абразы трэба адказваць цярпеньнем (3:186). Кур’ан таксама заклікае веруючых, каб яны адштурхвалі зло дабром, тлумачачы, што калі паводзіць сябе так, нават вораг можа ператварыцца ў блізкага сябра (41:34). А забойцы карыкатурыстаў «Charlie Hebdo» зрабілі акурат адваротнае, адрэагаваўшы на абразу забойствам.

Рэагуючы на ўчорашнія падзеі, Тарык Рамадан, швэйцарскі мусульманін, оксфардзкі прафэсар і адзін з вядучых камэнтатараў па мусульманскіх справах у франкамоўным сьвеце, напісаў у Фэйсбуку, што забойцы «здрадзілі ісламскай рэлігіі ды ісламскім каштоўнасьцям і прынцыпам, а таксама забрудзілі іх».

У 2006 годзе, падчас пратэстаў у некаторых мусульманскіх краінах супраць карыкатураў на прарока Мухамада, мы з жонкаю і сябрамі арганізавалі дзьве сустрэчы ў Манрэалі (адну ў лютэранскай царкве, а іншую ў МакГілаўскім ўнівэрсытэце), дзе прыблізна 80 чалавек — мусульмане, хрысьціяне, атэісты і іншыя — пагаварылі на дзьве тэмы: чаму для заходняга грамадзтва прынцып свабоды слова зьяўляецца фундамэнтальнай каштоўнасьцю, і чаму ня толькі экстрэмістам, але любым мусульманам непрыемна і балюча, калі малююць карыкатуры, у якіх прарока Мухамада паказваюць у якасьці тэрарыста.

На гэтых двух сустрэчах, ня ўсе пагадзіліся адзін з адным. Але сэнс быў ня ў тым, каб усе пагадзіліся, а ў тым, каб людзі розных поглядаў маглі спакойна пагаварыць пра важныя пытаньні з павагай да суразмоўцаў. Гэта тое ж самае, што патрэбна сёньня — паслухаць адзін аднаго.

Мільёны чалавек па ўсім сьвеце (у тым ліку многія мусульмане) выказалі салідарнасьць з ахвярамі ўчорашніх падзей, карыстаючыся хэштэгам #JeSuisCharlie. Я не Шарлі, бо мне ніколі не падабалася тое, што робіць гэты часопіс. Але трэба сказаць ясна й зразумела: Шарлі мае права быць Шарлі. І ніхто ня мае права забіваць людзей за гэта. Тэрарысты, якія забілі супрацоўнікаў «Charlie Hebdo» і паліцыянта тым самым самі зрабіліся карыкатураю, нашмат горшаю, чым будзь-якая карыкатура, апублікаваная на старонках часопіса.

Пра аўтара: Рашэд Чоўдхуры нарадзіўся ў Менску. Скончыў дактарантуру па гісторыі ў МакГілаўскім унівэрсытэце (Манрэаль, Канада). Зьяўляецца навуковым супрацоўнікам Цэнтру індыйскаакіянскага сьвету і выкладчыкам гісторыі ў МакГіле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG