Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт супроць наркотыкаў: Валянтэры ўхваляюць, праваабаронцы крытыкуюць


Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў», які робіць больш жорсткімі захады супроць распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў. Ці дапаможа дэкрэт спыніць наступ наркаманіі ў Беларусі?

Да 25 гадоў зьняволеньня цяпер будзе пагражаць збытчыку наркотыкаў, калі ў выніку гэтых дзеяньняў памёр чалавек. Гэта вынікае з новага антынаркатычнага дэкрэту, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 28 сьнежня. Па большасьці пазыцыяў крымінальнага перасьледу за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, санкцыі ўзрасьлі амаль удвая, прычым да крымінальнай адказнасьці за збыт наркотыкаў можна будзе прыцягваць ужо не з 16, а з 14 гадоў. Прадугледжаныя больш жорсткія пакараньні асобаў, якія не зрабілі захадаў, каб не дапусьціць распаўсюджваньня наркотыкаў. Штрафы для гаспадароў дыскатэк і начных клюбаў падвысяць да 50 базавых велічынь, а адносна інтэрнэт-рэсурсаў, на якіх знойдуць зьвесткі пра абарот наркотыкаў, увядуць абмежаваньні доступу. Запрацуюць адмысловыя лячэбна-працоўныя прафілякторыі, куды будуць зьмяшчаць хворых наркаманаў.

Як гэтыя захады ўспрымаюць валянтэры змаганьня з наркотыкамі? Актывіст фонду «Цэнтар здароўя моладзі» Аляксандар Прыдвераў назваў іх патрэбнымі і насьпелымі:

«Абстаноўка з наркотыкамі ў краіне вельмі напружаная, зьяўляецца ўсё больш новых, як мы кажам, дызайнэрскіх наркотыкаў, зь вельмі дрэннымі пабочнымі наступствамі. Спадзяёмся, што гэтыя захады дапамогуць спыніць іх распаўсюд».

Сярод новых мераў барацьбы — магчымасьць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за распаўсюд наркотыкаў не з 16 гадоў, як цяпер, а ўжо з 14. Як да гэтага ставяцца валянтэры? Аляксандар Прыдвераў згодны, што трэба амаладзіць кантынгент тых, з кім варта працаваць прафіляктычна, але зьмяшчэньне 14-гадовага падлетка ў калёнію лічыць не найлепшым сродкам барацьбы з наркаманіяй:

Рэальнай дапамога такім дзецям была б у тым выпадку, калі б іх зьмяшчалі не за краты, а ў мэдычныя ўстановы, дзе займаліся б праблемамі наркаманіі

«Рэальнай дапамога такім дзецям была б у тым выпадку, калі б іх зьмяшчалі не за краты, а ў мэдычныя ўстановы, дзе займаліся б праблемамі наркаманіі. У калёнію трапляюць людзі з розных сацыяльных групаў, там да ўсіх будзе аднолькавае стаўленьне. А гэтым трэба не выроўніваньне, а дапамога. Гэта дзьве розныя рэчы. Не пакараньне, а дапамога. Бо перш за ўсё наркаманія — гэта хвароба, якая цягне за сабой наступствы, за якія ідзе адказнасьць».

Паводле афіцыйных зьвестак, 25 чалавек загінулі ў бягучым годзе ад ужываньня спайсаў — курыльных сумесяў. Сярод іх большасьць — маладыя людзі, у тым ліку непаўналетнія. Чаму падлеткі гэтак лёгка спакушаюцца на наркотыкі, у тым ліку на звышнебясьпечныя спайсы? Былая кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Маці супроць наркотыкаў» Алена Пісарэнка адзначае асаблівасьць падлеткавай псыхалёгіі:

«На траўку падбел пырснулі з пульвэрызатара, але пырснулі зашмат. Дзіцёнак удыхнуў — і ў яго мозг закіпеў. І ўсё. З наркотыкамі, вядома, трэба нешта зрабіць такое, каб іх увогуле не было, але попыт нараджае прапанову. Праблема ў тым, што моладзь хоча быць у стане зьмененай сьвядомасьці. Ім гэта прыкольна, клясна. Але наркотык забівае цалкам сумленьне і волю. У іх інтуіцыя працуе толькі на тое, дзе ўзяць, як разьвесьці, колькі пырснуць».

Попыт нараджае прапанову. Праблема ў тым, што моладзь хоча быць у стане зьмененай сьвядомасьці

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, ад таго, што за распаўсюд наркотыкаў цяпер пагражае 25 год калёніі, наркадылеры ня спыняць сваю дзейнасьць, як не спынялі і пры пагрозе атрымаць 12 год зьняволеньня. Надыход крымінальнай адказнасьці з 14 гадоў замест 16 прывядзе найперш да амалоджваньня кантынгенту калёніяў, але ня спыніць цікавасьці да наркотыкаў сярод людзей, якія ўваходзяць у дарослае жыцьцё без дастатковых ведаў пра яго пагрозы. Не дапамогуць і лячэбна-працоўныя прафілякторыі, мяркуе праваабаронца:

«ЛПП — гэта ў чыстым выглядзе парушэньне правоў людзей. Бо гэта прымусовая праца без парушэньня, толькі таму, што чалавек хворы. Але акрамя таго, што гэта парушэньне, ад гэтага ня будзе і карысьці. Гэта выключна спроба ізаляваць людзей, якіх немагчыма абвінаваціць у злачынстве. У нас дастаткова вялікі досьвед рэабілітацыйных цэнтраў, як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных, і ён паказвае, што прымус ніяк не вырашае праблемы. Што да рэабілітацыі, дык дакладна прымусам нічога ня зробіш».

Маладафронтавец Эдуард Лобаў нядаўна выйшаў з калёніі пад Івацэвічамі, дзе адбыў 4 гады. Былы палітзьняволены згадвае, што з маладых вязьняў, якія папаўнялі калёнію ў апошнія гады, большасьць была пакараная за распаўсюд наркотыкаў. Некаторыя гэтага саромеліся, але шмат было і тых, хто казаў, што, выйшаўшы на волю, зноў зоймецца гэтым бізнэсам, бо ён выгадны. Стрымаць распаўсюд наркотыкаў можна найперш прафіляктычнай працай сярод моладзі. Але з досьведу Эдуарда Лобава, які скончыў школу ў Менску ў 2007 годзе, з гэтым якраз праблема.

«У пачатковых клясах, памятаю, праводзілі нейкую працу, але ў старэйшых — нічога ня памятаю. Мімаходзь нешта казалі, але ня больш за тое».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG