Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы Шарсьнёва памятаюць як жорсткага кіраўніка


Новы старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў вядомы сваёй прынцыповасьцю. Такім самым быў ягоны бацька. Але ці дазволяць яму праявіць прынцыповасьць на новай пасадзе?

27 сьнежня Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва. Былы губэрнатар Аляксандар Косінец прызначаны кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Што думаюць пра прызначэньне Мікалая Шарсьнёва жыхары Віцебшчыны і Аршанскага раёну, адкуль паходзіць новы кіраўнік вобласьці?

Мікалай Шарсьнёў
Мікалай Шарсьнёў

Мікалай Шарсьнёў нарадзіўся ў вёсцы Барздоўка Аршанскага раёну, скончыў зоаінжынэрны факультэт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту і вярнуўся на радзіму. Кар’еру пачаў у калгасе імя Куйбышава, дзе працаваў і ягоны бацька, Герой сацыялістычнай працы Мікалай Яфрэмавіч Шарсьнёў. А неўзабаве яму даверылі кіраваць калгасам «Сьцяг Перамогі» ў вёсцы Стайкі.

Пра тыя часы згадвае былая журналістка «Аршанскай газэты» Вольга Шутава:

«Як я памятаю, ён у Барздоўцы апынуўся па разьмеркаваньні, працаваў заатэхнікам. І адразу паказаў сябе моцна: там комплекс быў, дык і каровы пры ім сталі як каровы... А потым яго паставілі ў Стайкі. Ой, тыя Стайкі вечна кляймілі ў райвыканкаме за неўраджаі! І ранейшы старшыня апраўдваўся: што вы хочаце, у мяне ж глебы няякасныя, адны камяні... Потым туды прыйшоў Шарсьнёў, ён камяні сабраў з палёў, гады за два ці тры, хоць яны зь зямлі ўсё лезьлі там і лезьлі... Абнавіў тэхніку. А потым — мужыкі ж там усе пілі на вёсцы — ён першы стаў іх лячыць ад алькагалізму за кошт гаспадаркі. Ён быў першы ў раёне, хто гэта зрабіў. Хто сам лячыцца не хацеў — таго сілай, а хто й сілай не хацеў — проста паўцякалі. І Шарсьнёў усіх сваіх работнікаў так «прасеяў», што засталіся выключна працаздольныя. Гаспадарка ў яго квітнела, але работнікі былі «ў кулаку».

Менавіта такім, упартым і мэтанакіраваным, журналістка запомніла Мікалая Шарсьнёва падчас візытаў у ягоную гаспадарку:

«Я яго выдзяляла з усіх іншых кіраўнікоў гаспадарак. Ён быў, можа, і жорсткі кіраўнік. З моцным характарам. Але як толькі ў Стайках у яго ўсё наладзілася і ўраджайнасьць пачала расьці, як прыйшоў новы кіраўнік Аршанскага райвыканкаму Адашкевіч. Ён адразу аб’езьдзіў гаспадаркі, паглядзеў, якая моцная. І ацаніў характар Шарсьнёва: вырашыў, што такі будзе яму замінаць. І адразу „вымеў“ яго з раёну — той неяк хутка звольніўся і зьехаў з Аршаншчыны».

З 1999 па 2002 год Мікалай Шарсьнёў працаваў на Меншчыне, потым — у Расеі, у беларускай камэрцыйнай структуры. З 2012 году ўзначальваў прадпрыемства «1-я Менская птушкафабрыка». А ў верасьні 2014 году стаў галоўным інспэктарам па Віцебскай вобласьці — замест адпраўленага ў адстаўку Мікалая Дамашкевіча.

За некалькі месяцаў на гэтай пасадзе Мікалай Шарсьнёў не адзначыўся нейкімі гучнымі зьдзяйсьненьнямі. Хоць гэтага можна было чакаць, бо многія жыхары Аршаншчыны памятаюць і «сталёвы» характар самога Мікалая Мікалаевіча, і прынцыповасьць ягонага бацькі, які ўсё жыцьцё аддаў працы ў сельскай гаспадарцы.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў распавядае пра водгукі землякоў на новае прызначэньне Мікалая Шарсьнёва:

«Старэйшыя жыхары памятаюць бацьку, Мікалая Яфрэмавіча Шарсьнёва, які быў Героем Сацыялістычнай Працы і дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. На аршанскім сайце orsha.eu людзі распавялі гісторыю, што бацька цяперашняга губэрнатара мог выступіць з крытыкай на самым высокім узроўні і аднойчы нібыта зрабіў гэта на зьезьдзе КПСС — раскрытыкаваў стаўленьне да сельскай гаспадаркі. Кажуць, што ў вышэйшых колах гэта выклікала абурэньне, а „пратэстоўца“ нават накіравалі на псыхіятрычнае лекаваньне. Ужо ж ня ведаю, ці гэта праўда, але такія водгукі сьведчаць, што чалавек быў прынцыповы».

Пра тое, ці ўдасца на новай пасадзе праявіць прынцыповасьць сыну Героя Сацыялістычнай Працы, аршанцы разважаюць асьцярожна, працягвае Алесь Шутаў:

«Многія лічаць, што замена аднаго губэрнатара з Аршаншчыны на другога — а Косінец таксама паходзіць з Аршанскага раёну — нічога прынцыпова ня зьменіць. Бо не губэрнатары вырашаюць у вялікай палітыцы або эканоміцы краіны. Шмат незадаволеных дзейнасьцю Косінца. Яны лічаць, што ў значнай ступені ён вінаваты ў развале эканомікі Віцебшчыны і што Шарсьнёву тут таксама ня ўдасца нічога паправіць».

Ранейшы старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец цяпер прызначаны кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. На сайце «Народныя Навіны Віцебска» пералічаныя найбольш адметныя падзеі ў жыцьці вобласьці за час ягонага кіраваньня. Сярод іх найбольш вядомая — гэта зьнішчэньне сквэру на плошчы Перамогі, за якое былы губэрнатар атрымаў мянушку «дрывасек». А таксама ўсталяваньне помніка вялікаму князю Альгерду, цяганіна вакол якога ішла доўгія чатыры гады. Што да бальшыні іншых праектаў і абяцаньняў Аляксандра Косінца, то яны так і засталіся нязьдзейсьненымі: не пабудаваныя ні паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева, ні «Шагалаўскі квартал» у раёне вуліцы Пакроўскай, ні новыя будынкі абласной бібліятэкі і Палаца ўрачыстых абрадаў. Не адноўлены Сьвята-Мікалаеўскі сабор, ня створаны «Дзіцячы патрыятычны парк», ня ўзьведзеныя абяцаныя сем лядовых палацаў у Віцебскай вобласьці... Усе гэтыя «не» і перайшлі ў спадчыну новапрызначанаму віцебскаму губэрнатару Мікалаю Шарсьнёву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG