Ці непазьбежная дэвальвацыя беларускага рубля? Наколькі глыбокай яна будзе і што яна вырашыць? Якія іншыя крокі можа і павінна зрабіць Беларусь у адказ на выклік расейскага эканамічнага крызісу?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст, удзельнік праекту «Цытадэль» Аляксандар Сінкевіч.
Прапануем вашай увазе тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут:
Эўразійскі саюз у крызісе: кожны памірае ў адзіночку
Дракахруст: У Расеі — востры эканамічны крызіс. Рубель за лічаныя месяцы патаньнеў ледзь не ўдвая, прэзыдэнт Расеі на сваёй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ў горшым выпадку, якога ён ня выключыў, краіна выйдзе з крызісу праз два гады. Чым можа і чым павінна адказаць Беларусь на выклік крызісу? Шмат хто кажа пра непазьбежнасьць і неабходнасьць істотнай дэвальвацыі беларускага рубля. Аднак прэзыдэнт Лукашэнка на ўрадавай нарадзе ў чацьвер заявіў, што дэвальвацыі ня будзе. Чаму ня будзе? І ці сапраўды ня будзе?
Раманчук: Гэта трэба запытаць у Аляксандра Лукашэнкі, чаму ён кажа, што яе ня будзе, калі яна ідзе. Высновы з крызысу 2011 году ніякія ня зробленыя і наш ўрад застаецца такім жа неадэкватным, як і тады. Да зьнешняга шоку трэба было прыстасоўвацца, але нельга, безумоўна, ісьці ў хвасьце расейскай палітыкі, бо яна вельмі непрафэсійная. Наша хвалёная стабільнасьць рассыпалася. Калі яна сыплецца кожны трэці год, то трэба ставіць пытаньне не пра тое, што Расея дрэнная ці Захад дрэнны, а пра тое, што ў вас мадэль дрэнная.
Дракахруст: Яраслаў, усё ж такі адкажыце на пытаньне: дэвальвацыя будзе?
Раманчук: Яна ўжо ідзе. Калі ня будзе рэакцыі адпаведнай, то да канца году мы будзем мець рэальны курс «шэрага» рынку недзе 15 000 рублёў.
Сінкевіч: Прыхаваная дэвальвацыя адбылася праз увядзеньне 30-адсоткавай камісіі на продаж валюты для юрыдычных і фізычных асобаў. Гэта не дэвальвацыя з пункту гледжаньня тэрміналёгіі, але фактычна гэта дэвальвацыя.
Расейскі шторм працягнецца доўга — гэта дакладна і на такі выклік можна адказаць толькі наступнай ідэальнай схемай: мабілізацыяй, згуртаваньнем грамадзтва.
Улада павінна адшукаць вялікія прарыўныя праекты, якія былі б цікавыя ня толькі ўнутры Беларусі, але і абодвум варагуючым бакам — Расеі і Эўропе, перадусім Эўропе. Тады Беларусь можа ператварыцца ў тэрыторыю, стабільнасьць якой будзе патрэбная вялікім гульцам.
Будучыня Эўразійскага эканамічнага саюзу шмат у чым залежыць ад узгодненасьці валютнай палітыкі краін-чальцоў. Зараз мы назіраем маленькі рэгіянальны аналяг Вялікай дэпрэсіі, калі адбывалася гонка дэвальвацый валют, якую распачаў англійскі фунт стэрлінгаў. Зараз Беларусь апынулася ў канцы гэтай гонкі дэвальвацый і мае найбольшыя рызыкі працяглай дэпрэсіі.
Дракахруст: Кірыл, у якой ступені антыкрызысныя крокі ўзгадняюцца паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам? Ці кожны памірае ў адзіночку?
Коктыш: Зараз не ўзгадняецца нічога. Калі адбываюцца хуткія падзеі, то перш-наперш Пуцін павінен неяк адрэагаваць, потым ужо ўзгадняць.
Беларусь, выкарыстоўваючы сваю індустрыяльную ідэнтычнасьць, можа шмат чаго дасягнуць у Эўразійскім саюзе.
Дзьве траціны імпарту, які Расея атрымлівала раней ад заходніх краінаў — гэта Кляндайк для Беларусі.
Чаму не растуць цэны ў Расеі?
Дракахруст: Як можна патлумачыць дзіўную зь беларускага гледзішча зьяву — курс расейскага рубля падае, а цэны калі і растуць, то значна больш павольнымі тэмпамі? Якая імавернасьць, што расейскія цэны падцягнуцца да дэвальвацыі? Тады ж і беларускі рубель ня будзе вялікай патрэбы дэвальваваць.
Коктыш: Расейскі ўрад адмовіўся друкаваць грошы і, здаецца, пакуль ня мае такога намеру. Рублёвая маса засталася ранейшай і ніхто не зьбіраецца яе папаўняць.
Імпартэры зараз распрадаюць тыя складзкія запасы, якія былі завезеныя. І яны ня маюць ніякай магчымасьці іх пераацаніць, бо інакш іх ніхто ня купіць.
Сінкевіч: У расейскай эканоміцы іншая залежнасьць ад імпарту, чым у Беларусі. У нас, нягледзячы на ўсе праграмы імпартазамяшчэньня, надзвычай вялікая доля імпартных складнікаў практычна ў кожным прадукце. У Расеі залежнасьць не такая вялікая і не такая апэратыўная.
Пакупніцкая здольнасьць расейскага рынку драматычна скарачаецца, таму Беларусі альбо давядзецца зьмяншаць аб’ем продажаў у натуральным вымярэньні, альбо зьмяншаць цэны — у тым ліку, магчыма, праз дэвальвацыю беларускага рубля.
Раманчук: Дэвальвацыя і інфляцыя — гэта розныя зьявы, і таму казаць, што як толькі скокне курс, то адразу настолькі вырастуць цэны — нельга.
Дракахруст: У Беларусі ж так бывала.
Раманчук: Калі ЦБ Расеі будзе паводзіць сябе, як ён паводзіць сябе сёньня, ня будзе дадрукоўваць грошы, то тады інфляцыя, можа, падскокне да 20% у 2015 годзе і ня больш за тое.
У Беларусі доля імпарту ў ВУП складае недзе 65%, у Расеі яна значна меншая, таму і такой прамой залежнасьці няма.
Мы можам страціць у Расеі 30-35% нашага экспарту, а гэта значыць, што наш ВУП можа скараціцца ў наступным годзе недзе да 10-15%.
Дракахруст: А што, ўласна, можа вырашыць дэвальвацыя? Зараз беларускія экспартныя прадпрыемствы атрымліваюць за свой тавар значна менш грошай у даляравым эквіваленце, чым атрымлівалі раней, да падзеньня курсу расейскага рубля. Ну пройдзе ў Беларусі дэвальвацыя. А што яна зьменіць у гэтым сэнсе? Даходы ад беларускага экспарту ў далярах ад гэтага не павялічацца.
Сінкевіч: Дэвальвацыя дае тры галоўныя эфэкты:
1. Гэта разавая вялікая зьніжка на ўсе беларускія тавары, якімі забітыя ўсе склады, але ўрад распрадаваць са стратамі іх забараняе. У выніку дэвальвацыі і склады будуць расчышчаныя, і прыбыткі на паперы будуць атрыманыя. Хоць гэта і самападман, але ён дае магчымасьць не спыніць вытворчасьць.
2. Гэта, як кажуць каталікі, «юбілейны год» для закрэдытаваных прадпрыемстваў. Шалёныя банкаўскія працэнты, як у сярэднявечных ліхвяроў, на рублёвыя крэдыты паставілі на калені ўвесь перапрацоўчы сэктар Беларусі. Адзіная магчымасьць вырашыць гэтую праблему без банкруцтва ўсёй беларускай прамысловасьці — гэта чарговая дэвальвацыя.
3. Дэвальвацыя зьменшыць панічны ціск на валютным рынку, ціск на золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку.
Што акрамя дэвальвацыі?
Дракахруст: А якія яшчэ крокі можа зрабіць Беларусь акрамя вырашэньня дылемы рабіць дэвальвацыю ці не? Вось Лукашэнка і прэм’ер Мясьніковіч кажуць пра неабходнасьць дывэрсыфікаваць экспарт, «ня трэба маліцца на Расею», як сказаў Лукашэнка. Некаторыя мяркуюць, што цяперашняя сытуацыю можна выкарыстаць для правядзеньня рынкавых рэформаў, якія падвысяць канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі — памруць прырэчаныя крызісам да сьмерці прадпрыемствы, ну дык і зямля ім пухам. Гэтыя меры могуць стаць заменай дэвальвацыі?
Коктыш: Проста так замацавацца на нейкіх іншых рынках, акрамя расейскага, у сёньняшняй рэальнасьці амаль неверагодна. Бо ўсе рынкі высокаканкурэнтныя, ніхто там беларускія тавары не чакае.
Трэба скарыстоўваць той факт, што Эўразійскі саюз будуецца не на манэтарысцкіх, а на адміністрацыйных прынцыпах.
Расея будзе вымушаная замяшчаць 70% свайго імпарту, які раней пастаўляла Эўропа. Гэта пэрспэктыва шалёнага росту для беларускай індустрыі, бо Беларусь адзіная краін з Эўразійскага саюзу, якая мае індустрыяльную традыцыю.
Індустрыяльная ідэнтычнасьць — гэта сыстэма адукацыі, сыстэма падрыхтоўкі кваліфікаванага пэрсаналу, гэты цыкл патрабуе 10-12 гадоў. У Беларусі ўсё гэта ёсьць гатовае.
Як паказвае досьвед Кітаю і Індыі, каб рухацца да высокіх тэхналёгіяў, трэба, каб у цябе была індустрыяльная пляцоўка і каб яна працавала на поўную моц.
Сінкевіч: Рынкавыя рэформы, лібэралізацыя эфэктыўныя толькі на эканамічным уздыме. А ва ўмовах крызісу трэба не скідаць лейцы з эканомікі ў наіўным спадзеве, быццам коні самі знойдуць шлях у сёньняшнім тумане. Коні могуць спужацца і кінуцца ў прорву.
Таму трэба зрабіць адзіны і агульны плян і жорсткай рукой весьці краіну па дакладнай «дарожнай мапе».
Патрэбныя маштабныя праекты, якія ўяўляюць цікавасьць для сусьветных гульцоў. Гэта можа быць стварэньне энэргетычнага клястэру на чале зь Беларускай АЭС, паскоранае разгортваньне Парку высокіх тэхналёгій, уваходжаньне эўрапейскіх і амэрыканскіх інвэстараў у кітайскі індустрыяльны парк, разьвіцьцё высокіх тэхналёгій, асабліва ваенных.
Беларускі ВПК можа стаць лякаматывам эканомікі, бо зараз адбываецца нарастаньне сусьветных тэрарыстычных пагрозаў. Тут варта каапэравацца з расійскім ВПК, а таксама не паленавацца і «разабраць на запчасткі» ўкраінскі ВПК, які зараз фактычна развальваецца.
Дракахруст: Яраслаў, і ваш адказ. «Антыліберальны Картеген павінен быць разбураны»?
Раманчук: Я ў шоку ад таго, што мае суразмоўцы тут прапануюць: імпартазамяшчэньне, лейцы, кантроль. Гэта ўсё тое, што давяло да гэтага крызысу. Гэтая мадэль, якая сёньня існуе, яна менавіта гэтым і славіцца, менавіта так бяздарна яна і выкарыстоўвала «грант» ад Расеі ў памеры 15% ВУП.
Тое, што адбываецца ў Беларусі, безумоўна, сьведчыць пра абсалютна неадэкватных непрафэсійных падыходах, заснаваных на даўно замшэлых Марксе, Леніне, Сталіне.
Вера з тое, што прыйдзе добры экспэрт альбо палітык і скажа, што трэба разьвіваць ВПК, альбо энэргетыку, альбо нешта іншае. Людзі, а вы палічылі нешта, ці вы зноў хочаце забраць 50% ВУП у грамадзянаў і потым разьмеркаваць іх так, каб потым ізноў 4 мільёны ўкладчыкаў заплацілі сваімі ашчаджэньнямі за ваш экспэрымэнт.
Калі Пракаповіча памяняць на Сінкевіча, а Кабякова — на Коктыша, нічога б не зьмянілася.
Гэта шанец упершыню ў беларускай гісторыі, калі можна зрэалізаваць антыкрызысны пакет «лібэралізацыя + прыватызацыя». І перш за ўсё — не забіраць грошы ў людзей, а даць ім самім адаптавацца да крызысу.
І тыя забароны, якія сёньня існуюць, яны яшчэ больш падаграваюць ажыятаж і яшчэ больш падліваюць алею ў вогнішча.