Пры канцы мінулага тыдня старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова запэўніла, што напачатку тыдня валюта ў абменных пунктах абавязкова зьявіцца — маўляў, падвышаны попыт, павінен зьбіць абавязковы банкаўскі збор, які пераўтварае цяперашні афіцыйны курс з 11 тысяч рублёў за даляр у больш чым 14 тысяч.
Карэспандэнту Свабоды на ўласныя вочы давялося пераканацца, што абяцаная валюта так і не зьявілася.
У офісным комплексе Sky Towers месьцяцца офісы шэрагу банкаў, на першым паверсе працуюць іх абменныя пункты. Некалькі чалавек запыталіся, ці можна набыць даляры ці эўра «з 30-працэнтнай нацэнкай», але ў адказ гучала адно — пакуль яшчэ ніхто не здаваў. Ахвочых прадаць банкам валюту па 11 тысяч рублёў не назіраецца.
Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што няма мэты забясьпечыць валютай усіх, хто мае ў ёй патрэбы.
Сёньня праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне першых валютчыкаў, якіх традыцыйна спараджае фінансавы крызыс. Паўстаюць старыя і новыя інтэрнэт-пляцоўкі з прапановай валютных зьдзелак — вядомы з 2011 года «народны сайт» prokopovi.ch, а таксама новы сайт dollarnash.соm