Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі ня маюць намеру аслабляць рэжым санкцый супраць Крамля, разьлічваючы на тое, што пагаршэньне эканамічнай сытуацыя прымусіць Уладзімера Пуціна адступіцца ад Украіны, заявіў у аўторак прэсавы сакратар Белага дома Джош Эрнэст. Драматычныя падзеі аўторка — начное паведамленьне пра сэнсацыйнае падвышэньне Цэнтрабанкам Расеі ўліковай стаўкі, зьмены курсу рубля на 25 адсоткавых пунктаў — наглядна выявілі, з пункту гледжаньня суразмоўцаў Радыё Свабода, хісткасьць расейскай эканамічнай сыстэмы.
«Расейская эканоміка асуджаная» — абвясьціла газэта The Washington Post. «Расея перажыве яшчэ адно бедзтва, прычынай якога стала, па вялікім рахунку, катастрафічная палітыка прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна» — тлумачыць чытачам The New York Times. Пры гэтым фармальная рэакцыя Белага дома на фактычны каляпс рубля і шматлікія прыкметы поўнамаштабнага фінансавага крызісу ў Расеі застаецца ранейшай. Прадстаўнікі адміністрацыі кажуць, што яны чакаюць, калі санкцыі і падзеньне коштаў на нафту зробяць яшчэ больш адчувальнае ўзьдзеяньне на расейскую эканоміку.
Як выказаўся прэсавы сакратар прэзыдэнта Абамы Джош Эрнэст, гэтыя фактары зробяць відавочным для прэзыдэнта Пуціна выбар, перад якім ён апынуўся. «Наступствы нашай стратэгіі, аб якіх мы папярэджвалі, сталі відавочныя», — сказаў прэсавы сакратар Белага дому. Ён пацьвердзіў, што Барак Абама падпіша да канца тыдня так званы «Закон аб падтрымцы Ўкраіны», прыняты Кангрэсам. Гэты закон дае прэзыдэнту права ўвядзеньня новых санкцый супраць расейскіх карпарацый і функцыянэраў, а таксама прадастаўленьня Кіеву баявой зброі. Умова для прадухіленьня яшчэ больш сур’ёзных эканамічных бедаў, якія пагражаюць Маскве, застаецца, па словах прадстаўнікоў Вашынгтона, ранейшай — спыненьне ўмяшальніцтва ў справы Ўкраіны.
Як кажа аўтарытэтны амэрыканскі спэцыяліст па Ўкраіне, былы амбасадар ЗША ў Кіеве Стывен Пайфэр, у Крамля зараз зьявіцца рэдкая магчымасьць для адступленьня:
Частка санкцый, я думаю, застанецца ў сіле да той пары, пакуль Крым застанецца пад кантролем Расеі
Пайфэр: Я б не перабольшваў значэньне падпісаньня прэзыдэнтам Абамам новага закону. Па-першае, таму што гэты закон моцна адрозьніваецца ад першапачатковай вэрсіі, падрыхтаванай Кангрэсам. Большая частка новых санкцый, якія прадугледжваюцца законам, па вялікім рахунку, можа быць не ўведзеная. Прэзыдэнт, згодна з законам, «можа» іх ўвесьці. Пры гэтым яму дадзенае права ўстрымацца ад іх увядзеньня, зыходзячы з інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі. Па-другое, калі паглядзець, наколькі маштабнай была падтрымка гэтага закона ў Кангрэсе, то вета прэзыдэнта хутчэй за ўсё, не вытрымала б выпрабаваньня паўторным галасаваньнем. Іншымі словамі, у прэзыдэнта Абамы ёсьць даволі вялікая свабода ва ўжываньні гэтых санкцый.
Гэтыя абставіны, на думку Стывена Пайфэра, даюць магчымасьць Маскве пазьбегнуць далейшых санкцый і пайсьці на кампраміснае пагадненьне зь Кіевам.
Пайфэр: Гэтае пагадненьне можа ўключаць наданьне большай палітычнай і фінансавай самастойнасьці рэгіёнам на ўсходзе Ўкраіны, у той час як агульнадзяржаўныя пытаньні застануцца ў распараджэньні Кіева, акрамя таго, наданьне афіцыйнага статусу расейскай мове ў рэгіёнах, якія гэтага хочуць, нэўтралізацыю патэнцыйных нэгатыўных наступстваў пагадненьня Ўкраіны і Эўразьвязу для ўкраіна-расейскіх эканамічных адносінаў. Я думаю, Масква і Кіеў, на падставе таго, што нядаўна сказаў прэзыдэнт Пятро Парашэнка, маглі б казаць і пра тое, што пытаньне аб патэнцыйным уступленьні Ўкраіны ў НАТА можа быць адкладзенае больш чым на шэсьць гадоў. Яны маглі б дамовіцца вярнуцца да вырашэньня пытаньня аб Крыме ў будучыні, на такім падмурку можна было б вырашыць крызіс ва Ўсходняй Украіне і даць пачатак працэсу адмены санкцый.
РС: Іншымі словамі, вы мяркуеце, што Крэмль можа дамагчыся адмены санкцый, не вярнуўшы Крым Украіне?
Пайфэр: Частка санкцый, я думаю, застанецца ў сіле да той пары, пакуль Крым застанецца пад кантролем Расеі. Але, я мяркую, што санкцыі, уведзеныя ў ліпені і верасьні ў адказ на падзеі ва Ўсходняй Украіне, могуць быць значна аслабленыя, калі Расея падпіша адпаведнае пагадненьне і пачне яго выконваць, калі зьявяцца рэальныя прыкметы ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўсходняй Украіне.
РС: У Крамлі любяць казаць пра тое, што рэальная мэта заходніх сталіц — гэта «зьмена рэжыму» у Маскве. Яго прадстаўнікі пагражалі захадамі ў адказ пасьля ўхвалы Кангрэсам гэтага новага закону. Наколькі, па-вашаму, вялікая спакуса ў Вашынгтоне даць санкцыям спрацаваць і паглядзець, што адбудзецца?
Пайфэр: Пуцін пастараўся зрабіць усё магчымае, каб пераканаць расейцаў, што мэта заходніх сталіц — гэта зьмена рэжыму. У Вашынгтоне, хутчэй за ўсё, ёсьць людзі, якім гэтая ідэя блізкая. Але чалавек на вяршыні ўлады, які вызначае амэрыканскую палітыку, — прэзыдэнт Абама — далёкі ад яе. Самы галоўны аргумэнт супраць стаўкі на зьмену рэжыму — тое, што ніхто ня можа прадказаць, да якіх наступстваў можа прывесьці зьмена рэжыму ў экстрэмальных абставінах.