У наступным годзе ў Беларусі павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Вялікай грамадзкай цікавасьці да гэтай кампаніі, аднак, няма, і наўрад ці яна зьявіцца ў бліжэйшы час. Чаму?
З размовы на гэту тэму пачну сёньняшнюю праграму. Наш слухач Анатоль Чачотка зь Менску на сваім вяку пабачыў не адну беларускую выбарчую кампанію, яму ёсьць з чым параўноўваць. Пра выбары-2015 ён у сваім лісьце піша так:
"Усьлед за кіраўнікамі нашай апазыцыі і мы, шараговыя дэмакраты, ня верым у плён наступных выбараў, у тое, што яны будуць дэмакратычнымі ды легітымнымі. Захапіўшы 20 год таму ўладу, гэты чалавек разьвітвацца зь ёй не зьбіраецца.
Тым ня менш, нейкае змаганьне за хаця б мітычныя выбары патрэбнае. Таму выклікае зьдзіўленьне, што апазыцыйныя лідэры ніяк ня могуць вызначыцца з адзіным кандыдатам.
Натуральна, самай яркай фігурай мог бы стаць Зянон Пазьняк. Але, на жаль, ягоны час мінуў.
Найбольш значнай і гістарычна апраўданай фігурай на гэты час зьяўляецца кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Ён, як ніхто іншы, спазнаў нікчэмнасьць, шкоднасьць для грамадзтва таталітарнай сыстэмы. Сядзеў за праўду за кратамі, ня раз цярпеў пабоі, зьдзекі. Праўда, ясна ўжо сёньня, што ўлада ніколі не прапусьціць яго ў пераможцы. І гэта добра разумее сам Анатоль Уладзіміравіч.
Вось чаму ён прапанаваў вылучыць адзіным кандыдатам Міколу Статкевіча. І многія яго падтрымалі.
Я таксама лічу, што мужны змагар з рэжымам Статкевіч зьяўляецца рэальным адзіным сымбалічным кандыдатам на высокую пасаду. Гэта будзе і падтрымкай для яго, і адзнакай таго, што беларусы яшчэ ня страцілі надзеі на сьветлую будучыню«
Сапраўды, спадар Анатоль, здаецца, ужо ніводная палітычная сіла ў Беларусі ня ставіцца да гэтай кампаніі як да паўнавартасных выбараў і ня ўкладвае ў падрыхтоўку да іх сур’ёзных рэсурсаў. І вынік загадзя вядомы, і хаду кампаніі няцяжка прадбачыць, і наступствы нескладана спрагназаваць. Навошта ж у такім разе марнаваць і час, і грошы, і сілы?
З крытычнымі заўвагамі і нават папрокамі на адрас Свабоды зьвяртаецца ў сваім лісьце Сымон Борыс зь Менску. Слухач піша:
«Слухаю вас неяк увечары. Журналістка задае пытаньні былым палітвязьням пра так званых „петухоў“ і „апушчаных“ у турмах. Зьміцер Дашкевіч пацьвярджае, што такая праблема ёсьць. А Еўтуховіч распавядае пра турму, але не пра „петухоў“. Падобным жа чынам і іншыя распавядаюць.
І які сэнс цэлую гадзіну слухаць гэтую балбатню? Тым больш, лічу, неэтычна жанчыне-журналістцы гутарыць з мужчынамі пра сэкс у турмах. Мог бы Валер Каліноўскі хвілінаў пяць пагаварыць з Дашкевічам — і хапіла б. Так што прымач я выключыў, не даслухаўшы.
Наогул. Аналітычныя перадачы ў вас кепскія. „Можа, так, а можа, і ня так“ — вось якія высновы ў вашых аналітыкаў...
Няма сэнсу і пра выбары па радыё гаварыць. Калі не зьмяніць выбарчы закон і Ярмошыну разам з усім складам Цэнтарвыбаркаму, дык вынік усіх выбараў будзе прыблізна аднолькавы: 80-85 працэнтаў за Лукашэнку ды ягоных памагатых.
Цяпер я БТ увогуле не гляджу, бо там няма беларускай мовы. Расейскім тэлеканалам не давяраю і таксама не гляджу. Ну, а калі ўбачу на тэлеэкране палітычнага клоўна Жырыноўскага, дык выключаю адразу.
Што да дзейнасьці вашага радыё, то скажу праўду, якая вам не спадабаецца (бо праўду ж ніхто ня любіць). Але нехта ж павінен вам яе сказаць. Дык вось, калегі, вы не заўважаеце, што свой патэнцыял ужо вычарпалі. Тую ролю, якую Свабода выконвала ў
часы існаваньня СССР, да 1991 году, вы цяпер не выконваеце.
Вам трэба толькі радавацца, што пры ўладзе цяпер Лукашэнка, а не Пазьняк і не Шушкевіч. Пры двух апошніх вас даўно ўжо закрылі б, і засталіся б вы бяз працы»
Закрылі б, спадар Сымон, — у тым выпадку, калі б Беларусь цьвёрда стала на дэмакратычныя рэйкі, калі б у краіне бесьперашкодна дзейнічалі свабодныя сродкі масавай інфармацыі і грамадзяне мелі вольны доступ да іх. Так яшчэ ў 90-ыя гады адбылося ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі — і нацыянальныя рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа, якія вяшчалі на гэтыя краіны, спынілі сваё існаваньне. Тое ж рана ці позна адбудзецца і ў Беларусі. І журналісты беларускай Свабоды працуюць дзеля таго, каб гэты момант надышоў хутчэй. Пры гэтым, спадар Сымон, нас ня надта палохае пэрспэктыва страты працы: у свабоднай Беларусі сродкаў масавай інфармацыі будзе значна болей, чым цяпер — без занятку не застанемся.
Што да іншых Вашых заўвагаў. Вядома, Вам могуць не падабацца нейкія тэмы — напрыклад, зьвязаныя з праблемамі вязьняў у беларускіх турмах. А вось мы лічым іх важнымі і цікавымі. Тым больш, што вельмі нямногія мэдыі займаюцца іх асьвятленьнем. А ўвогуле, праваабарончая тэматыка займала і займае важнае месца ў дзейнасьці Свабоды.
Да нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Вушачаў як да чалавека, добра абазнанага ў інтэрнэце, зьвярнулася адна вушацкая знаёмая — каб адшукаў адрас аднаго сяла ў Казахстане. Спадар Кастусь дапамог і адначасова сам зацікавіўся гісторыяй гэтага раёна, які, як выявілася, населены ня столькі казахамі, колькі — палякамі. Раён гэты — Тайыншынскі, у Паўночна-Казахстанскай вобласьці. Кастусь Сырэль так апісвае плён сваіх краязнаўчых пошукаў:
«Дэпартаваныя палякі прыехалі сюды пераважна ў 1936-м годзе з Украіны — Жытомірскай, Кіеўскай, Віньніцкай, Кіраваградзкай ды іншых абласьцей. Была і другая хваля дэпартацыі (як, дарэчы, і ў Беларусі) — у 1939-41 гадах. Ого, ды тут ня толькі палякі! У 1940 разам з заходнеўкраінскімі палякамі ў Казахстан прыбылі немцы, а ў 1944 — чачэнцы і інгушы.
Чытаю на адным з сайтаў успаміны Феліксы Францаўны Сасноўскай зь сяла Лятовачнае Тайыншынскага раёну:
«Старэйшыя пачалі ставіць намёты, а маладзейшыя — капаць зямлянкі, бо, як нам патлумачылі, лета тут кароткае, а зіма зусім не ўкраінская... Цяжка расказаць, што давялося перажыць людзям у гэтых намётавых вёсках. Поўная адсутнасьць санітарных нормаў гігіены, цяжкія побытавыя ўмовы хутка далі свой плён. Першымі пачалі паміраць дзеці, часам пасьля ночы раніцай ля намётаў зьбіралася да 10 дзіцячых трунаў. Я памятаю жанчыну, звалі яе Рафаэля, прозьвішча Багінская. Яна раніцай пахавала дзіця, вечарам у яе памерла другое, а пасьля прыйшла чарга старых. Паміралі і ад хваробы, і ад нуды, а, можа, ад усяго разам... Пазьней людзі прыстасаваліся да мясцовага будаўнічага матэрыялу — саланчак і салома, якая называлася саман. І, здаецца, толькі пачалі людзі ажываць — пачалася вайна. Ня буду тлумачыць цяжкасьці камэндатуры, калі нельга было сустрэцца з маці, што жыла за 1 кілямэтар, калі забіралі абодвух бацькоў у так званую „трудармію“ і за старэйшую заставалася дзесяцігадовая дзяўчынка, а малодшай было два месяцы.»
Вось яшчэ расповед з афіцыйнага сайту сяла Вішнёўка: «Усіх прыбылых ставілі на ўлік у райкамэндатуры, якая знаходзілася ў пасёлку № 12. Пашпарты забіралі. Прыбылыя на месца прызначэньня перасяленцы найперш браліся за будаўніцтва жытла. З-за адсутнасьці як прыродных, так і адмысловых будматэрыялаў на будаўніцтве выкарыстоўваўся дзёран, зь якога выразаліся пласты і складаліся ў шахматным парадку. Такія дамы зь земляных пластоў у народзе называліся „сталінскімі“. У халады сырыя зямлянкі ацяпляліся саломай або кізяком, нарыхтаваным і высушаным загадзя летам. Звычайна столь зямлянкі была пакрытая лёдам, а падлога ўяўляла сабой месіва бруду.»
"Шаноўны чытач ці слухач, ты толькі ўдумайся, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.— На двары ХХ стагодзьдзе, 1936 год. У СССР прынятая сталінская Канстытуцыя, і абвешчана пра завяршэньне будаўніцтва сацыялізму.
І ў гэты самы час у гэтым самым СССР, у сяле Вішнёўка Казахскай ССР у прымусова пераселеных людзей гвалтам забіраюць пашпарты, прамерзлыя зямлянкі ацяпляюцца кізяком і саломай, а ў сяле Лятовачнае (і, напэўна ж, ня толькі ў гэтым сяле) з-за невыносных умоў жыцьця дзясяткамі мруць дзеці прымусова пераселеных. Якая такая гістарычная неабходнасьць была ў гэтых зьдзеках зь людзей? Таварышы камуністы, а-ууу, дзе вы? Чаму ня ўкленчыце перад народамі былога СССР, чаму не пакаецеся, не папросіце прабачэньня за зьдзейсьненае? Вам даўно трэба чаргу ў пекла займаць, на самы ніжні, дзявяты яго круг, а вы ўсё да ўлады рвяцеся. Дарагія расіяне! Спадзяюся, вам ня варта тлумачыць, што ўсе гэтыя жахі — справа рук вашай Масквы, з гэтым не паспрачаесься. Ці варта вам, прачытаўшы ўсё гэта, зьдзіўляцца, што вас, дарагія расіяне, мякка кажучы, ня любяць ні палякі, ні ўкраінцы, ні чачэнцы, ні інгушы? Дадам: ні крымскія татары, якія таксама былі выгнаныя са сваёй зямлі, на якой яны жылі восем стагодзьдзяў. Але ў вас няма часу, каб над гэтым задумацца, вам трэба ў ладкі пляскаць і сьвяткаваць з нагоды чарговага скарэньня Крыму. КРЫМНАШ!
Дадам, што 10 лютага 2015 году спаўняецца роўна 75 год з дня трагічнай падзеі ў гісторыі Беларусі — у гэты дзень у 1940 годзе была пачатая дэпартацыя польскіх асаднікаў. Магчыма, нехта зь іх усё ж такі дабраўся да казахскіх стэпаў і здолеў выжыць, што малаверагодна: надта ўжо лютая зіма выдалася ў той год. Хутчэй за ўсё, усыпаныя іх костачкамі ўзбочыны ўсіх расейскіх дарог, што вядуць туды, у Казахстан. І сёньня ўжо няма каму ні памаліцца за іх, ні паплакаць над магіламі. Ды й магіл тых няма і ніколі не было. Хто іх там хаваў? Выкідвалі зь цялячага вагону на адкос чыгункі скасьцянелыя трупы — вось і ўсё пахаваньне.
Давайце хоць мы памянём іх на Радыё Свабода.
З павагай — Кастусь Сырэль зь мястэчка Вушачы, што пад Полацкам.«
Падобныя высылкі, спадар Кастусь, у той і наступны гады перажылі ня толькі палякі: і літоўцы, і латышы, і эстонцы... Ды і сотні тысяч беларусаў і ўкраінцаў, якія мелі няшчасьце быць адносна заможнымі альбо адукаванымі, у тую суворую зіму адразу пасьля так званага «вызваленьня» былі асуджаныя на гвалт, няволю, пакуты, а многія і на сьмерць. І калі сёньня мы назіраем, зь якімі непакоем, трывогай і страхам назіраюць народы Ўсходняй Эўропы за так званым «уставаньнем з каленяў» пуцінскай расейскай імпэрыі, дык усе гэтыя пачуцьці вельмі лёгка зразумець, калі ўзгадаць тую не такую ўжо і далёкую гісторыю.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by