Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-актывісты рыхтуюць свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2015 году — Гэндальфа


Сацыяльная суполка «Мая краіна Беларусь», якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, вылучыць свайго кандыдата на прэзыдэнта. Актывісты вырашылі, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен герой кніг Толкіена чараўнік Гэндальф, і шукаюць асобу, якая б пераўвасобілася ў гэтую ролю.

Галоўныя патрабаваньні да кандыдатаў — 35 гадоў, беларускае грамадзянства і «дастатковая адэкватнасьць». Стваральнікі суполкі «Мая краіна Беларусь» кажуць, што «праца ня пыльная» і абяцаюць будучаму кандыдату дапамогу ў кампаніі і зборы подпісаў.

Гэндальф — адзін з цэнтральных пэрсанажаў легендарыюму Джона Р. Р. Толкіна, у прыватнасьці, аповесьці «Хобіт, або Туды і назад» і раману «Ўладар Пярсьцёнкаў».
Гэндальф — адзін з цэнтральных пэрсанажаў легендарыюму Джона Р. Р. Толкіна, у прыватнасьці, аповесьці «Хобіт, або Туды і назад» і раману «Ўладар Пярсьцёнкаў».



На вылучэньне Гэндальфа ў прэзыдэнта натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах, але ня быў зарэгістраваны. Паводле арганізатараў, Гэндальф — добры чараўнік і сябра гобітаў, а гобіты, як вядома, падобныя да беларусаў. Як лічыць доктар Лант з Брыстальскага ўнівэрсытэту (Вялікабрытанія), Шыр — зелянінны край, дзе жылі Гобіты, — нагадвае Беларусь.

Вылучэньне на прэзыдэнцкія выбары Гэндальфа, паводле арганізатараў, мае высьмеяць рэжым і прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма. Як заявіў адзін з ініцыятараў, які называе сябе Арагорнам сын Араторна, кампанія будзе пабудаваная на пазытыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцьця:

«Спокліч нашай кампаніі просты і зразумелы. Гэндальф — наш лідэр, які павядзе краіну да лепшага жыцьця. Гэндальф — наш кандыдат».



На пытаньне, што Гэндальф будзе рабіць, калі пераможа, арганізатары сьцьвярджаюць, што галоўнае цяпер — змаганьне супраць оркаў і супрацьстаяньне Мордару:

«Як вядома, у Маскве хацелі ўчора запаліць вока Саўрана. Гэта невыпадкова. Недзе там і знаходзіцца Мордар», — кажуць актывісты.

Паводле сюжэтаў Толкіенаўскіх апавяданьняў, Вялікае Вока Саўрана ёсьць сымбалем прыгнёту і страху.



А пакуль шукаецца адпаведны кандыдат, у сацыяльных сетках поўнай хадой ідзе фармаваньне каманды і папярэдняя агітацыя. Хаштэг кампаніі — #ГендальфНашКандыдат

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG