Якія новыя выдаткі зьявяцца ў беларусаў у 2015 годзе пасьля прыняцьця чарговых паправак у Падатковы кодэкс?
1 адсотак на «Вялікую сям’ю»
У 2015 годзе падаходны падатак будзе павышаны з 12% да 13%.
Міністар фінансаў Уладзімер Амарын, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, падкрэсьліў, што гэтыя сродкі пойдуць на падтрымку сем’яў зь дзецьмі.
Ідэя павысіць падаходны падатак упершыню была агучана ў жніўні 2014 году Аляксандрам Лукашэнкам у сувязі з запускам праекту «Вялікая сям’я» па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
«Не разумею, хто тут можа абурацца: гэта ж для твайго дзіцяці! Але калі ў цябе адзін — прабач. Хто хоча штосьці ад гэтага адсотка атрымаць, хай траіх нараджае», — заявіў тады прэзыдэнт.
Праўда, нават пасьля нараджэньня трэцяга дзіцяці атрыманьня сваёй долі ад гэтага адсотка давядзецца пачакаць. Сэнс праекту «Вялікая сям’я» заключаецца ў тым, што пры нараджэньні трэцяга дзіцяці маці адкрываюць дэпазыт у «Беларусбанку» на суму 10.000 USD, якой можна будзе скарыстацца толькі па дасягненьні дзіцем 18-гадовага ўзросту і толькі па мэтавым прызначэньні (паляпшэньне жыльлёвых умоў, атрыманьне дзіцем адукацыі і г.д.). Такім чынам, дадатковы адсотак са сваіх даходаў беларусы будуць адлічваць ужо цяпер, а грошы атрымаюць (калі атрымаюць) ня ўсе і толькі празь дзесяцігодзьдзі.
Адразу пасьля гэтай заявы Лукашэнкі экспэрты адзначалі, што «Вялікая сям’я» — гэта выключна перадвыбарчы праект улады, які зьяўляецца захадам апэратыўнага рэагаваньня на бягучыя бюджэтныя праблемы.
Дадатковы «аўтапабор»
Будзе ўзьняты памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху: на 1 базавую велічыню — па легкавых аўтамабілях, якія належаць фізычным асобам, а на 2 базавыя велічыні — па астатніх відах транспартных сродкаў.
У Міністэрстве фінансаў тлумачаць гэта неабходнасьцю кампэнсаваць страты бюджэту ад таго, што адначасова з гэтым уводзіцца льгота ў памеры 50% ад стаўкі дзяржаўнай пошліны ў дачыненьні да транспартнага сродку, уладальнікам якога зьяўляецца пэнсіянэр паводле ўзросту, інвалід I або II групы.
Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху, якую мусяць плаціць усе ўласьнікі транспартных сродкаў, дзейнічае ў Беларусі з 2014 году. Яе ўвядзеньне выклікала абурэньне ў грамадзтве і нават справакавала акцыі пратэстаў аўтамабілістаў («Стоп-падатак»), новы падатак адразу ахрысьцілі «аўтапаборам».
Урад абяцаў, што сродкі ад дзяржпошліны будуць накіроўвацца «мэтавым парадкам на рамонт, рэканструкцыю і будаўніцтва рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, а таксама вуліц, якія зьяўляюцца іх працягам», аднак з самага пачатку нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказвалі падазрэньні, што гэтыя сродкі на самай справе, магчыма, пойдуць на латаньне бюджэтных дзірак. Экспэрты ж у падобным выкарыстаньні сродкаў, атрыманых ад дзяржпошліны, нават не сумняваліся.
Акцызы за цьвярозы лад жыцьця
У 2015 годзе будуць павялічаны стаўкі акцызаў на ўсе групы падакцызных тавараў, за выключэньнем аўтамабільнага паліва і піва. На моцны алькаголь акцызы павысяцца на 6%, на цыгарэты — на 15-30%.
Беларускія ўлады часьцей за ўсё тлумачаць рост акцызаў неабходнасьцю «скарачэньня шкоднага ўплыву на здароўе насельніцтва алькаголю і тытуню», аднак таксама сьцьвярджаюць, што гэта трэба для «гарманізацыі акцызнай палітыкі ў рамках Мытнага саюза».
Стаўкі акцызаў у выніку растуць штогод, і іх рост у 2015 годзе яшчэ даволі ўмераны. Для параўнаньня, у 2014 годзе стаўкі акцызаў на моцны алькаголь будуць павышаны на 27,3%, на віны пладовыя мацаваныя — на 75,1%, на іншы алькаголь — на 20%. Стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы вырасьлі ў памеры ад 24 да 56% у залежнасьці ад коштавай катэгорыі. Больш за тое, акцызы на аўтамабільнае паліва таксама вырасьлі, чаго ў плянах на 2015 год не прадугледжваецца.