Беларускі палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў узнагароду польскага амбудсмена імя Паўла Ўладковіча. Прэмія прысуджаецца штогод за абарону асноўных правоў і свабодаў.
Як паведамляе Polska Agencja Prasowa, Алесь Бяляцкі — першы ляўрэат гэтай узнагароды, які не зьўляецца грамадзянінам Польшчы. Цырымонія прайшла ў Сэнаце Польшчы ў Міжнародны дзень правоў чалавека.
Старшыня парлямэнцкага камітэта па замежных справах Робэрт Тышкевіч ў сваёй прамове ў гонар Алеся Бяляцкага сказаў, што гэта вялікі дзень для ўсіх сяброў Беларусі. Ён адзначыў, што Бяляцкі, будучы «тварам народа гэтай краіны», імкнуўся да дэмакратыі і асноўных правоў чалавека.
«Беларускага грамадзянская супольнасьць і яе ініцыятывы ў барацьбе за правы чалавека дэманструюць у першую чаргу мужнасць людзей, якія жадаюць і чакаюць пераменаў. Людзі, якія гатовыя змагацца за каштоўнасьці, па-ранейшаму ахвяруюць сабой. Алесь Бяляцкі — яркі прадстаўнік беларускай грамадзянскай супольнасьці, яе твар», — сказаў Тышкевіч.
Прымаючы ўзнагароду з рук амбудсмэна Польшчы Ірэны Ліпковіч, Алесь Бяляцкі сказаў, што разумее, што гэта ясная праява салідарнасьці з боку польскага народа і ўпаўнаважанага па правах чалавека ў дачыненні да ўсіх беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне.
«Барацьба за правы чалавека, за свабоду ў Беларусі працягваецца. Выдатна памятаю, як змагаюцца палякі, якія ёсьць выдатным прыкладам для нас», — дадаў ён.
Ён падкрэсьліў, што, хоць ён сам, дзякуючы намаганьням міжнароднай супольнасьці быў вызвалены з турмы, у Беларусі застаюцца шэсьць палітвязьняў, моладзевыя актывісты падвяргаюцца перасьледу, а дзейнасьць незалежных СМІ абмяжоўваецца. Паводле яго ацэнак, сытуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне пагаршаецца ў выніку агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.
"Мы павінны памятаць пра тое, што вельмі гвалтоўна пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека ў самой Расеі, хоць мы стала гаворым толькі пра канфлікт у Данбасе. У Расеі таксама атакуюць няўрадавыя арганізацыі, якія назвалі мянушкай замежных агентаў, закрываюць СМІ і зьмяншаюцца грамадзянскія свабоды",— падкрэсьліў Алесь Бяляцкі.