Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што? Пра што пісаў і казаў Аляксандар Алесін


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Што стала падставай для верагоднага затрыманьня вайсковага экспэрта, аглядальніка газэты «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна? Радыё Свабода паспрабавала разабрацца, якімі тэмамі ў апошні час займаўся журналіст.

Увечары 4 сьнежня ў беларускіх незалежных мэдыях зьявілася інфармацыя, што нібыта затрыманы журналіст газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яго вінавацяць у шпіянажы на карысьць адной зь дзяржаваў. У КДБ не пацьвярджаюць і не абвяргаюць зьвесткі пра затрыманьне журналіста.

Аляксандар Алесін часта даваў камэнтары па вайсковых пытаньнях для Радыё Свабода.

Апошняе інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Алесін даў 26 лістапада, дзе ацэньваў баяздольнасьць беларускай арміі. Ён выказаў меркаваньне, што ў складзе Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь хутка павялічваецца адставаньне там, дзе зброя дарагая і высокатэхналягічная, — найперш гэта авіяцыя. Таксама паступова зьніжаецца і лётнае майстэрства беларускіх пілётаў.

Юры Жадобін
Юры Жадобін

За дзень да гэтага Алесін камэнтаваў Радыё Свабода сытуацыю з адстаўкай міністра абароны Юрыя Жадобіна. Тады ён адзначыў, што гэтая адстаўка азначае зьмену курсу ў справе мадэрнізацыі войска:

«Перш за ўсё адстаўка Жадобіна азначае зьмену палітыкі ў мадэрнізацыі войска. Пры Жадобіне (хоць гэта і не зусім ягоная віна — прычына тут у эканамічнай сытуацыі) мадэрнізацыя ішла недастатковымі тэмпамі. Асабліва ў галінах высокатэхналягічнай зброі, авіяцыі, бранятанкавых сілаў, якія нібыта неабходна было мадэрнізаваць».

Найбольш цікавай тэмай, якой займаўся ў апошні час Алесін, была тэма супрацоўніцтва запароскага заводу «Мотор Січ» зь беларускім бокам. Агучвалася меркаваньне, што пры дапамозе беларускіх уладаў украінскі завод зможа абысьці забарону на гандаль таварамі вайсковага прызначэньня з Расеяй.

Гаворка ішла аб тым, што запароскі завод «Мотор Січ», фармальным уласьнікам якога зьяўляецца хаўрусьнік былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча Вячаслаў Багуслаеў, дамовіўся зь беларускім бокам пра разгортваньне на Аршанскім авіярамонтным заводзе выпуску малапамерных газатурбінных рухавікоў для крылатых ракет. Пасьля ўсталяваньня адмысловай лініі Беларусь зможа ўжо з 2016 году наладзіць вытворчасьць рухавікоў. Такі манэўр дапаможа абысьці забарону на гандаль таварамі вайсковага прызначэньня Расейскай Фэдэрацыяй.

Аляксандар Алесін (Embedded)

Аляксандар Алесін

Нарадзіўся ў 1951 годзе. У 1973 скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і некаторы час працаваў намесьнікам дырэктара школы.

З 1974 па 1976 год — спачатку ў Менску (пры Белдзяржунівэрсытэце), а потым у Маскве (у Інстытуце павышэньня кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў электратэхнічнай прамысловасьці) прайшоў падрыхтоўку па спэцыяльнасьцях «Эканоміка-матэматычныя мэтады арганізацыі вытворчасьці» і «Аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня».

Да 1991 у якасьці сыстэмнага аналітыка працаваў у прамысловасьці над распрацоўкай кампутарных сыстэм кіраваньня вытворчасьцю і збыту прадукцыі. З 1991 займаўся пытаньнямі кампутарызацыі біржавога гандлю, пасярэдніцкай дзейнасьці і апэрацыяў з каштоўнымі паперамі.

Першыя публікацыі ў газэце «Беларусы і рынак» — у 1992 годзе. З 1994 — на сталай працы ў рэдакцыі гэтай газэты, спачатку аглядальнікам, а затым начальнікам аддзелу. Асноўныя тэмы публікацый: аналіз каньюнктуры таварных рынкаў (уключна з узбраеньнямі), сытуацыя на прамысловых прадпрыемствах (у тым ліку ваенных), ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі краінамі, аналіз ваенна-палітычнай сытуацыі.

Алесін у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што праект па выпуску рухавікоў для крылатых ракет у Воршы выглядае цалкам магчымым.

«У прынцыпе, дастаткова арганізаваць яго тут у Беларусі, на плошчах Аршанскага авіярамонтнага заводу, які фактычна належыць „Мотор Січ“, —яны маюць кантрольны пакет, лініі па буйнавузлавой зборцы такіх рухавікоў з камплектуючых, якія пастаўляюцца з Украіны. Разгарнуць вытворчасьць поўнага цыклю ў Беларусі нельга. З камплектуючых, якія вырабляюцца ва Ўкраіне, на тэрыторыі Беларусі іх можна зьбіраць, абышоўшы такім чынам забарону кіраўніцтва Ўкраіны на экспарт вырабаў вайсковага і падвойнага прызначэньня ў Расею. Сабраныя ў Беларусі рухавікі будуць мець краіну паходжаньня Беларусь і могуць пастаўляцца ў Расею. А гэта не сустрэне супраціву з боку Расеі, яна з задавальненьнем будзе іх купляць. У прынцыпе, такі варыянт можа задаволіць усіх. Але канфрантацыя дасягнула такога ўзроўню, што я не выключаю магчымасьці, што на піку канфлікту з Расеяй, на піку папулізму ўкраінскія ўлады могуць чыніць перашкоды такой апэрацыі», — адзначыў Алесін ў інтэрвію Свабодзе 17 лістапада.

Гэтай тэме таксама быў прысьвечаны артыкул Алесіна ў газэце «Белорусы и рынок» «Яшчэ мы робім ракеты», які быў апублікаваны 24 лістапада. Але разам з вэрсіяй пра тое, што Вячаслаў Багуслаеў «мае намер скарыстацца сваім прадпрыемствам у Беларусі, каб у абыход забароны працягнуць пастаўкі газатурбінных рухавікоў ваеннага прызначэньня ў Расею», экспэрт агучваў і іншую вэрсію: ён сьцьвярджаў, што Беларусь мае намер «наладзіць уласную вытворчасьць сучаснай высокадакладнай зброі ў бліжэйшы час». Гэтую вэрсію экспэрт называў больш абгрунтаванай.

«Для дасягненьня сваіх амбіцыйных мэтаў кіраўніцтва РБ зьбіраецца прыцягнуць практычна ўсіх ўкраінскіх спэцыялістаў-ракетчыкаў, якія пасьля забароны на пастаўкі ў Расею тавараў ваеннага прызначэньня засталіся без свайго галоўнага заказчыка», — пісаў Алесін.

Пры гэтым афіцыйна ўлады не пацьвярджалі наяўнасьць плянаў стварэньня ў Беларусі ракетнай зброі.

Артыкул «Яшчэ мы робім ракеты» аказаўся апошнім артыкулам Алесіна, апублікаваным у газэце «Белорусы и рынок» перад імаверным затрыманьнем.

Яшчэ адной важнай тэмай, якой сыстэматычна займаўся Алесін, было пытаньне разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх авіябазаў. На пачатку лістапада аглядальнік пісаў у газэце «Белорусы и рынок», што Расея «плянуе ператварыць Беларусь у стацыянарны авіяносец». У сваім артыкуле «Дробныя ўдакладненьні для вялікага праекта» Алесін зьвяртаў увагу на перабазаваньне ў Бабруйск чатырох транспартна-баявых верталётаў Мі-8, «зьяўленьне якіх некаторыя экспэрты схільныя расцэньваць як пачатак фарміраваньня групоўкі франтавой авіяцыі».

«А верталёты могуць ужывацца для непасрэднай падтрымкі дзеяньняў сухапутных войскаў, што можа стаць вострым раздражняльнікам для Украіны, паколькі ў апошнія месяцы было шмат спэкуляцыяў адносна таго, што Масква можа выкарыстаць беларускі пляцдарм для ваенных дзеяньняў супраць нашай паўднёвай суседкі», — адзначаў Алесін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG