Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Уладзімер Харсюк


У Маларыце (Берасьцейшчына) памёр знаны беларускі і ўкраінскі грамадзкі дзеяч Уладзімер Харсюк (1929–2014).

Уладзімеру Харсюку было 86 гадоў. Ён вядомы як адзін з заснавальнікаў БНФ у Маларыце. У яго дома зьбіраліся дэмакратычныя актывісты з пачатку 90-х гадоў.

Уладзімер Харсюк, 2005 год
Уладзімер Харсюк, 2005 год

Акрамя таго, Уладзімер Харсюк вядомы як дзеяч украінскага руху. Быў заснавальнікам і старшынёй аб’яднаньня ўкраінцаў «Просвіта» імя Тараса Шаўчэнкі на Берасьцейшчыне. У 2009 годзе з рук прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі ён атрымаў ордэн «За заслугі» 3 ступені.

Пра Ўладзімера Харсюка ўспамінае праваабаронца з Маларыты Ўладзімер Малей:

«У часе Другой сусьветнай вайны быў разам з маці накіраваны ў Нямеччыну на прымусовыя працы. Пасьля вайны вярнуўся ў Маларыту, дзе і пражыў усё жыцьцё. Быў артыстам, выступаў у драматычным тэатры. І заўсёды ён прытрымліваўся поглядаў незалежнасьці, марыў аб свабоднай Беларусі і Ўкраіне. Шмат займаўся грамадзкай дзейнасьцю, аб’ядноўваў украінскую дыяспару на Берасьцейшчыне. У 1993 годзе быў заснавальнікам БНФ у Маларыцкім раёне, яго хата заўсёды была, так бы мовіць, офісам, дзе мы сустракаліся ўвесь час.»

Уладзімер Харсюк, узгадвае спадар Малей, быў і краязнаўцам, ведаў мясцовыя пахаваньні жаўнераў, да яго прыяжджалі і зь Нямеччыны, і з Польшчы, і з Ізраілю. Добра ведаў нямецкую, польскую, украінскую мовы.

«Мы сябравалі, я яму дапамагаў у справе адкрыцьця ўкраінскай школы ў Маларыце. Мы неаднаразова хадзілі на прыём да кіраўніцтва раёна, але так і не ўдалося адкрыць гэтую школу,» — апавядае Ўладзімер Малей.

Пра Ўладзімера Харсюка ўспамінае кіраўнік Маларыцкай суполкі партыі БНФ Пётар Андрыевіч:

«Гэты чалавек вельмі перажываў за беларускую дзяржаву, не мірыўся з тым, які рэжым у Беларусі, і публічна пра гэта выказваўся. Да канца жыцьця ён займаўся партыйнай дзейнасьцю, у 90-я гады ў яго хаце прымалі Зянона Пазьняка... Пражыў сумленнае і годнае жыцьцё і аддаў усе свае веды на карысьць народу, зь якім ён жыў...»

Пахаваньне Ўладзімера Харсюка адбылося ў Маларыце 3 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG