Пра гэта ў эфіры праграмы «Вечар з Мікалаем Княжыцкім» на Еспресо.TV распавёў старшыня Нацыянальнай рады па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны Юры Арцёменка.
«Калі прымаюцца намі рашэньні аб адключэньні якога-небудзь каналу — гэта значыць прызнаньне каналу такім, які не адпавядае патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным вяшчаньні і на падставе гэтага нашага рашэньня кабэльныя апэратары адключаюць гэтыя каналы.
Па нашым рашэньні адключаныя 17 каналаў, вядома, у першую хвалю гэта былі такія простыя тупа палітычна-інфармацыйныя каналы, як "Расія-24", "Лайфньюз" і іншыя. А потым мы ўбачылі, што расейская прапагандысцкая машына так пабудавана, што яна пранікае і ў дзіцячыя сэрыялы, і ў дзіцячыя каналы, і тэлеканал "Гісторыя", калі ён паказвае карцінку, быццам гісторыя павінна быць адна, а нам паказваюць карцінку з Майдану і паралельна карцінку з фашыстамі, і яны іх параўноўваюць. Таму мы прызналі іх такімі, якія не адпавядаюць патрабаваньням, у тым ліку расейскі канал "Гісторыя", "Беларусь-24"», — распавёў старшыня Нацыянальнай рады.
Ён адзначыў, што сытуацыя з тэлеканалам «Беларусь-24» ёсьць дастаткова цікавым прыкладам, бо ў цэлым канал не зьяўляецца адкрыта прарасейскім, аднак у яго эфіры трансьлююцца асобныя перадачы з адкрыта прапагандысцкім зьместам.
«"Беларусь-24" — гэта ўпершыню, калі сярод расейскіх быў забаронены беларускі канал. Канал — праўкраінскі, ён дае аб’ектыўную інфармацыю, але ў адной перадачы, якая ішла на досьвітку... Гэта быў нейкі жах, гэта параўнаньне з фашыстамі ўсіх украінцаў, жыдамасонамі. Ня памятаю там дэталяў, але мы ўлічылі гэта, забаранілі, рэакцыя беларускага МЗС і беларускай кампаніі: «прабачце, вы за адным сюжэтам не разглядзелі агульную канцэпцыю каналу". Мы напісалі ліст: "дайце гарантыю, што ня будзеце хлусіць, і мы зноў вернем канал"», — распавёў Юры Арцёменка.