Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: Для Лукашэнкі нацыяналісты — носьбіты анталягічнага зла


Валер Булгакаў, архіўнае фота
Валер Булгакаў, архіўнае фота

«Я ненавіджу нацыяналістаў, бо гэта радыкальныя людзі, якія абавязкова, як ва Ўкраіне, прывядуць да катастрофы ў грамадзтве», — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Ці характарызуюць гэтыя словы ягонае стратэгічнае стаўленьне да нацыянальных праблемаў? Чаму нават на фоне ўкраінскіх падзеяў беларускі кіраўнік так і не зрабіў крок у бок нацыянальных каштоўнасьцяў, як гэта прагназавалі некаторыя аглядальнікі? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў.

— Ці можна сказаць, што сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі (маўляў, я ненавіджу нацыяналістаў, але бываюць і нацыяналісты ў добрым сэнсе слова) адлюстроўвае сутнасьць ягонага стаўленьня да гэтай тэмы?

— Я думаю, гэта досыць шчырае выказваньне Лукашэнкі. Факт, што «нацыяналісты» (то бок людзі, якія адстойваюць нацыянальныя інтарэсы, хочуць адраджэньня беларускай культуры) апошнія 20 гадоў у Беларусі перасьледуюцца, выціскаюцца з краіны, пазбаўляюцца пасадаў, іхнія канстытуцыйныя правы мэтадычна і цынічна парушаюцца.

Таму гэта даволі шчырая канстатацыя з боку Лукашэнкі, але яна зробленая з такой «дзіцячай падкладкай». Лукашэнка ненавідзіць нацыяналістаў, бо ў ягоным разуменьні ня ён аўтакратычны кіраўнік, які ўзурпаваў уладу і дэспатычна кіруе Беларусьсю, не дапускаючы канкурэнцыі. На ягоную думку, менавіта нацыяналісты — і ёсьць носьбіты так званага анталягічнага зла. Маўляў, гэта каста, якая сее хаос, разбурэньні, якая, як ён заявіў, дарвалася да ўлады ва Ўкраіне і запачаткавала катастрафічны сцэнар.

— Якраз у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне некаторыя экспэрты выказвалі меркаваньне, што Лукашэнка вымушаны будзе зрабіць крок у бок нацыянальных каштоўнасьцяў. Але, акрамя некалькіх рытуальных рэплік, гэтага не адбываецца. Чаму?

— Экспэртная супольнасьць часам выяўляе сваю блізарукасьць. Доўгі час яна праракавала непазьбежнасьць эканамічнага краху рэжыму Лукашэнкі. Ад 2001 году яны штогод заяўлялі, што крах немінучы, і давалі дакладную дату, калі гэта адбудзецца.

Такі ж самы радавод мае й ірацыянальная думка, што Лукашэнка пяройдзе раптам на пазыцыі агрэсіўнага беларускага нацыяналізму. Якая нічога супольнага з рэчаіснасьцю ня мела, ня мае і ня будзе мець. Лукашэнкаўскае пацьверджаньне пра талераваньне «добрага» нацыяналізму ў пэўных рамках таксама ня мае нічога новага. Гэта проста канстатацыя таго гетаізаванага існаваньня беларускай культуры, якое ёсьць цяпер.

Калі перакласьці ягоныя словы на зразумелую мову, то ён яшчэ раз катэгарычна заявіў, што так, беларуская культура, нацыянальныя інтарэсы будуць перасьледвацца. Але адначасова будуць дазваляцца пэўныя нішы, будуць выдавацца накладам у тысячу асобнікаў літаратурныя часопісы, будуць праводзіцца вечарыны, і ня будуць зрывацца моўныя курсы. Нічога новага для мяне тут няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG