Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская кааліцыя, НАТО і Беларусь


У ноч на гадавіну Эўрамайдану пяць украінскіх партый падпісалі кааліцыйнае пагадненьне. Як стала вядома, адзін з цэнтральных пунктаў пагадненьня — адмова ад пазаблёкавага статусу Ўкраіны і мэта ўступленьня краіны ў НАТО.

Якое значэньне мае заключэньне пагадненьня? Якой рэакцыі Масквы можна чакаць? Днямі прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Масква разглядае пэрспэктыву сяброўства Ўкраіны ў НАТО як пагрозу нацыянальнай бясьпецы Расеі. На гэтыя пытаньні адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і аглядальнік украінскай службы радыё Свабода Дзьмітро Шурхала. Зь імі гутарыў Юры Дракахруст.

Шурхала: Што тычыцца ўступленьня ў НАТО, то тут ня ўсё залежыць ад Украіны, гэта залежыць і ад краінаў-чальцоў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Наколькі я ведаю, ў НАТО неахвотна прымаюць краіны, якія маюць тэрытарыяльныя праблемы. Мне здаецца, што не было такіх выпадкаў, каб ў НАТО прымалі краіну, якая мае з суседам спрэчку наконт тэрыторый. Гэта будзе няпросты працэс. Так што заява наконт НАТО — гэта пакуль дэклярацыя намераў. Што тычыцца кааліцыйных перамоваў, то яны працягваліся вельмі доўга. Магчыма, гэта і да лепшага, бо абмяркоўвалася сур’ёзная справа.

Але там шмат нюансаў, якія прымушаюць дапусьціць, што кааліцыя будзе няпростай. Ёсьць шмат супярэчнасьцяў і непаразуменьняў паміж партнэрамі па кааліцыі наконт таго, хто будзе займаць якія пасады ва ўрадзе. Паводле неафіцыйнай інфармацыі найбольшыя супярэчнасьці паміж «Народным Фронтам» і камандай прэзыдэнта Парашэнкі вакол пасады міністра ўнутраных справаў.

Дракахруст: А што наконт зьнешняй палітыкі? Мне здаецца, што пазыцыя прэзыдэнта Парашэнкі ў зьнешняй палітыцы была больш гнуткай, чым пазыцыя прэм’ера Яцанюка. Варта прыгадаць, што менскія перамовы адбываліся на просьбу Парашэнкі, зьвернутай да Лукашэнкі. Яцанюк яшчэ тады казаў, што на 5 умоваў Пуціна ў яго ёсьць толькі адна: расейскія войскі і зброя — прэч з Украіны. Цяпер Кіеў заяўляе, што адмаўляецца ад менскага фармату перамоваў, гэта кажуць і Яцанюк, і Парашэнка. Наколькі я разумею, ўступленьне Ўкраіны ў НАТО — гэта пазыцыя хутчэй блёку Яцанюка, чым блёку Парашэнкі. Ці не азначае гэта, што ў пытаньнях зьнешняй палітыкі прэзыдэнт пайшоў насустрач партнэрам, перайшоў на іх пазыцыі?

Што да менскага фармату перамоваў, то шмат хто бачыў у ім своеасаблівы Берасьцейскі мір, паўзу ў канфлікце, а не яго вырашэньне

Шурхала: Не, гэта не азначае, што Парашэнка аддаў зьнешнюю палітыку Яцанюка. Парашэнка — ня тая асоба, якая нешта нейкаму занадта лёгка аддае. Уся яго доўгая палітычная біяграфія сьведчыць пра тое, што ён неахвотна нешта камусьці аддае, асабліва тое, што яму належыць безумоўна. Паводле Канстытуцыі зьнешняя палітыка — гэта прэрагатыва Ўкраіны. Урад фармуе кааліцыя, але прэзыдэнт прапануе кандыдатаў на дзьве пасады — міністра абароны і міністра замежных справаў.

Мне здаецца, што прынцыповых супярэчнасьцяў менавіта ў пытаньнях зьнешняй палітыкі няма і нельга казаць, што Яцанюк — «ястраб», а Парашэнка — «голуб». Але варта памятаць, што каманда «Народнага Фронту» — Яцанюк, Турчынаў — прынялі на сябе яшчэ вясной першы ўдар расейскай агрэсіі. Парашэнка тады быў толькі кандыдатам у прэзыдэнты і нічога не вызначаў.

Што да менскага фармату перамоваў, то шмат хто бачыў у ім своеасаблівы Берасьцейскі мір, паўзу ў канфлікце, а не яго вырашэньне. Гэта было відавочным. Невідавочным было, што гэты менскі фармат прапрацуе так нядоўга.

Дракахруст: Аляксандар, і ваша ацэнка кааліцыйнага пагадненьня і гэтага пункту пра НАТО.

Класкоўскі: Гэта, безумоўна, гульня на абвастрэньне з боку Кіева. Наўрад ці Расея гэта моўчкі праглыне. І калі ўявіць сытуацыю, што Расея ідзе на новую агрэсію, то Захад пачне канчаткова дабіваць яе санкцыямі.

Дарэчы, калі пачне валіцца Расея, то хутка згорнецца і эўразійская інтэграцыя, бо без рэсурсаў яна Лукашэнку абсалютна нецікавая. Ён ужо і сёньня манэўруе: прымае Лаўрова, а тут жа ў Менск прылятае з Брусэлю важны чыноўнік Віганд. А вось калі Расея пачне каляпсаваць... Праўда, ў яе пры гэтым могуць быць сутаргавыя рухі, ад якіх Беларусі мала ня будзе, але ў прынцыпе сытуацыя стварае новы кантэкст. Нават цяперашні беларускі рэжым будзе вымушаны ісьці на эканамічныя рэформы і больш манэўраваць у геапалітычным сэнсе. Магчымы каляпс Расеі адкрывае новыя магчымасьці для эўрапейскага шляху Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG