"Калі чакаць абяцаны Лукашэнкам заробак у тысячу даляраў? Няўжо зь 1 студзеня?.."
Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прыхільна выказваўся на адрас беларускай мовы, і нават абяцаў, што месца яе ў грамадзкім ужытку павінна пашырыцца. Увесну на тле вайны ва Ўкраіне ён абвясьціў, што калі развучымся размаўляць па-беларуску, то перастанем быць нацыяй… Зрэшты, ніякіх заўважных, рэальных крокаў у справе дэрусіфікацыі грамадзкага жыцьця пасьля гэтага зроблена не было. А нядаўна кіраўнік Беларусі, нібы просячы ў кагосьці прабачэньня за свае ранейшыя прабеларускія выказваньні, зноў паўтарыў даўні звыклы тэзіс – пра тое, што ненавідзіць нацыяналістаў. Але рэвэрансы Лукашэнкі ў бок беларускай мовы не засталіся незаўважанымі. Выказваюцца пра іх у сваіх лістах і слухачы Свабоды.