«Ніяк я іх не ацэньваю. Я там не была і не назірала, таму нічога не магу сказаць. Але па рэпартажах зь месца падзей відаць, што яўка выбарцаў была высокая. Калі зыходзіць з сувэрэннага права народа, можна сказаць, што выбары адбыліся», — цытуе Лідзію Ярмошыну Інтэрфакс.
Кіраўнік парлямэнцкай камісіі па міжнародных справах Мікалай Самасейка адзначыў, што беларускі бок «заўсёды выступаў за тое, каб народы маглі самі, без умяшаньня звонку вырашаць свой лёс».
«Таму любыя выбарчыя працэсы, якія будуць служыць справе міру, справе стабілізацыі, мы вітаем», — сказаў Мікалай Самасейка ў адказе на пытаньне, як ацэньвае беларускі парлямэнт выбары ў «ДНР» і «ЛНР».
Такая пазыцыя цалкам супадае з афіцыйнай пазыцыяй Крамля, які выбары пакуль не прызнаў, але выказаў павагу да выбару мясцовых жыхароў.
«Афіцыйная пазыцыя Расеі выказаная ў кароткай, але ёмістай заяве МЗС па выніках выбараў. Там выкарыстоўваецца слова „паважаем“», — заявіў памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ўшакоў.
Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка адразу пасьля выбараў у «ДНР» і «ЛНР» сказаў, што «Ўкраіна ніколі не прызнае так званыя выбары 2 лістапада. Мы ня можам паважаць выбар, якога не было і няма — ні фактычна, ні юрыдычна».