Міжнародная супольнасьць асудзіла правядзеньне сэпаратыстамі нелегітымных «выбараў» на частцы тэрыторыі Данбаса, акупаванай прарасейскімі баевікамі. Заходнія палітыкі адзначаюць, што гэтыя выбары парушаюць менскія мірныя дамоўленасьці і ня будуць спрыяць пошуку ўрэгуляваньня канфлікту і ўсталяваньню трывалага міру ў рэгіёне.
Таксама гучаць заклікі да ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Расеі, што падтрымлівае сэпаратыстаў, і прадстаўнікі якой заяўляюць аб прызнаньні гэтых псэўдавыбараў. «Выбары» ў Данбасе адбыліся на наступны дзень пасьля таго, як сваю працу пачаў новы склад Эўрапейскай камісіі.
Першай заявай новага шэфа эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні позна ў нядзелю як раз і была заява аб так званых «выбарах» як перашкодзе на шляху да міру ва Ўкраіне.
«Гэтыя „выбары“ незаконныя і нелегітымныя, яны супярэчаць літары і духу менскіх дамоўленасьцей аб урэгуляваньні сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны, і Эўразьвяз не прызнае іх», — гаворыцца ў заяве Магерыні.
Магерыні дадала, што менавіта пазачарговыя выбары, якія павінны быць праведзеныя 7 сьнежня згодна з украінскім заканадаўствам, як прапісана ў менскіх дакумэнтах, зьяўляюцца «законным і легітымным спосабам аднавіць дэмакратычны мандат мясцовай улады ў гэтых частках Украіны».
Новы камісар Эўразьвязу па эўрапейскай палітыцы суседзтва і пашырэньня Ёханэс Хан у інтэрв’ю Радыё Свабода адзначыў:
«З нашага пункту гледжаньня, тут гаворка ідзе аб цэласнасьці ўкраінскай дзяржавы, і ў гэтым стаўленьні, зноў жа, мы ня можам пагадзіцца з гэтымі выбарамі і заўсёды палітычная ўлада мае вырашаць, як прымаць разам дэмакратычныя рашэнні. І тут ўкраінскі ўрад быў выразным: яны не ўспрымаюць гэтыя выбары і таму не ўспрымаюць іх наступствы».
Камандуючы сіламі НАТО ў Эўропе амэрыканскі генэрал Філіп Брыдлаў на прэс-канфэрэнцыі ў Пэнтагоне заявіў аб рашучым непрызнаньні так званых «выбараў» у Данбасе:
«Мы іх не прызнаем. Мы іх не падтрымліваем. Мы ня лічым, што іх правядзеньне ідзе на карысьць. Яны ня ў рэчышчы менскіх пагадненьняў і не адпавядаюць менскім пагадненьням і ў працяглай пэрспэктыве яны ня будуць спрыяць паляпшэньню сытуацыі ва Ўсходняй Украіне».
Генэрал таксама адзначыў, што перамір’е, якое прадугледжана верасьнёўскімі дамоўленасьцямі ў Менску, стала парушаецца. Спарадычна маюць месца баявыя дзеяньні, і праблема заключаецца ў некантралюемым участку ўкраінска-расейскай мяжы.
Паколькі Расея заявіла аб прызнанні «выбараў» на Данбасе, то цяпер шырока абмяркоўваецца тэма санкцый супраць Масквы. З аднаго боку, ёсьць галасы палітыкаў, якія лічаць, што з-за такой пазыцыі Масквы пытаньне зьмякчэньня санкцый ЭЗ цяпер ужо напэўна не стаіць.
Прадстаўнік нямецкага канцлера Ангелы Меркель Штэфі Зайберт наўпрост сказаў, што пасьля заявы аб прызнаньні выбараў у «ДНР» і «ЛНР» магчымасьць адмены санкцый супраць Расейскай Фэдэрацыі выключаная. Некаторыя ў ЭЗ лічаць, што цяпер варта было б нават ўзмацніць санкцыі супраць Масквы ў выпадку афіцыйнага прызнаньня Крамлём сэпаратысцкіх выбараў.
Аднак новы прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер быў асьцярожны:
«Расея застаецца важным партнэрам Эўразьвязу. Ня будзе пасьпяховай эўрапейскай архітэктуры ў галіне бясьпекі без Расеі як часткі нашых разьлікаў і пошуку адпаведнай нашай палітыкі ў дачыненьні да Расеі. Але гэта ня значыць, што мы будзем ігнараваць парушэньне міжнародных нормаў», — сказаў Юнкер, знаходзячыся ў Бэрліне.
Уплывовы эўрапейскі палітык Карл Більт са Швэцыі лічыць, што прызнаньне Расеяй «выбараў», праведзеных сэпаратыстамі, зьяўляецца «поўхай у твар Эўразвязу».
Да ўзмацнення жорсткасьці санкцый Захаду супраць Расеі заклікалі некаторыя вядучыя заходнія выданьні. У прыватнасьці лёнданская Times лічыць, што псэўдавыбары на Данбасе былі падробкай дэмакратыі, паколькі «ў гонцы змагаўся адзін конь, уведзены з расейскай стайні».