Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Ладуцька адмовіўся адказваць на пытаньні пра карупцыю ў гарвыканкаме


Мікалай Ладуцька
Мікалай Ладуцька

У сувязі з адстаўкай Мікалая Ладуцькі адразу ўзгадаўся працэс над ягоным былым намесьнікам Ігарам Васільевым, якому далі 14 год за хабар у паўмільёна даляраў. І вось чаму, калі я думаю пра Ладуцьку, мне згадваецца Васільеў, які цяпер сядзіць у калёніі «Віцьба-3».

Працэс праходзіў у Менскім абласным судзе — акурат праз дарогу ад Менгарвыканкаму. Каб не жалюзі на судовых вокнах, падсудны Ігар Васільеў бачыў бы з лавы калідоры, па якіх хадзіў за хвіліны да арышту. Заходзіў, дарэчы, і да Ладуцькі. Вярнуўся ад яго, зайшоў да сябе — і тут урываюцца супрацоўнікі КДБ, вымаюць з шафы партфэль, у якім ляжаць 250 тысяч даляраў! А Васільеў жа думаў, што там сувэнір ад прадстаўніка чэскай фірмы, якая бралася, але так і не пабудавала пад Менскам сетку сьмецьцеперапрацоўчых заводаў. На календары быў 2012 год. Каб ня той арышт, магчыма, ужо б працавалі тыя заводы з супэрсучаснымі плязьменнымі печамі. А так растуць вакол гораду сьмецьцевыя тэрыконы, даючы турыстам падставы гадаць, ці ня гэта і ёсьць славутыя беларускія гарналыжныя курорты.

Але ідзём далей. У судзе хутка высьветлілася, што «хабар» інсцэніравалі, бо чалавек, які прынёс яго Васільеву, быў яўна падасланы КДБ, інакш яго б самога пасадзілі за махлярства. Зразумела, і грошы ў партфэлі для віцэ-мэра былі, хутчэй за ўсё, фальшывыя, бо ўзялі іх дзеля спэцапэрацыі з той самай слаўнай установы. Але што пэўная дамова пра хабар была, у мяне мала сумневаў. Тут усё, як кажуць, безь сюрпрызаў.

Што ўразіла — гэта найперш «рука спэцслужбаў» ды іхныя мэтады: Васільева ж адразу, як затрымалі, прымусілі падпісаць яўку з павіннай на імя старшыні КДБ, ад якой ён потым адмовіўся, але — позна ўжо!

І другое моцнае ўражаньне — ад згадваньня на працэсе імя «мэра» Мікалая Ладуцькі. Неяк яно раз-пораз усплывала, але працягу гэтая лінія на сьледзтве і ў судзе чамусьці не атрымлівала. Я нейкі час наіўна зьдзіўляўся: чаму нікога не цікавіць абстаноўка, у якой хабар выглядае як парадак, як завядзёнка? Само ж сьледзтва гэты парадак выразна прадэманстравала, а цяпер — у кусты? Або загаду няма?

Але перанясемся ў цяперашні час. Падымаю свае рэпартажы з суду. Іх ня так і шмат — усяго шэсьць амаль на двухмесячны працэс. Праблема ў тым, што ўжо на пачатку студзеня 2013 году працэс закрылі, і журналістаў пусьцілі толькі на прысуд, які прагучаў у лютым. Дык вось, пачаўся працэс 20 сьнежня 2012 году, а ўжо 21-га, на другі дзень, былі агалошаныя цікавыя зьвесткі пра рознасьць датаў абвешчанага і сапраўднага падпісаньня мэрыяй дамовы з чэскай фірмай на будоўлю тых сьмецьцеперапрацоўчых заводаў.

Аказваецца, тэлеканал СТВ паказваў сюжэт, у якім Мікалай Ладуцька ўрачыста ставіў подпіс пад дамовай з чэхамі. Дата сюжэту — 16 сакавіка 2011 году. Тут нічога не пераблытаеш і не забудзеш. Як і інтэрвію пасьля ўрачыстай цырымоніі, у якім спадар Ладуцька распавядае пра бліскучую пэрспэктыву вырашыць неўзабаве праблему сьмецьця празь яго спальваньне, а не нагрувашчваньне вакол сталіцы.

Але што такое? Вось пэўная сьведка, супрацоўніца Менгарвыканкаму, паведамляе, што насамрэч дамова была падпісаная не 16, а 31 сакавіка, праз два тыдні пасьля ўрачыстай цырымоніі. Гэтая дата стаіць і на самім дакумэнце. Яшчэ сьведка згадала, што заяўку на тэндэр падалі са спазьненьнем: спачатку правялі тэндэр, а потым аформілі заяўку.

Іншы сьведка ўвогуле наўпрост заявіў пра падман. Маўляў, на паседжаньні тэндэрнай камісіі заяўку чэскай фірмы не разглядалі, усё аформілі як мае быць пазьней — як кажуць, задняй датай. Адметна, што пра маніпуляцыі з дакумэнтамі сьведчылі досыць шараговыя супрацоўнікі Менгарвыканкаму, а як пачыналіся допыты «шышак», дык тыя як адзін прыкідваліся «валёнкамі»: ня памятаю, час прамінуў, нешта нехта зблытаў.

Дык вось: хіба ня мог мець дачыненьня да гэтай блытаніны Мікалай Ладуцька? Ці не ягоная гэта «эпархія» — Менгарвыканкам? Ці ня ён рапартуе па тэлевізіі, што вось-вось пабудуем заводы? Мне як журналісту і жыхару Менску вельмі хацелася трапіць на тое паседжаньне, калі суд будзе дапытваць «мэра» ў якасьці сьведкі. Чамусьці падавалася, што ня толькі судзьдзі ці пракурору, але і Васільеву, ягонай адвакатцы было пра што запытаць Мікалая Ладуцьку.

Але не ўдалося. 4 студзеня раптам высьветлілася, што суд зрабілі закрытым. Нібыта будуць агалошвацца нейкія апэратыўныя сакрэты, а ўжо потым працэс адкрыюць для наведваньня ізноў. Аднак гэтага журналісты ўжо не дачакаліся. Якраз таму ў мяне зьявілася падазрэньне, што галоўным сакрэтам быў допыт спадара «мэра».

І падмацавалася гэтае падазрэньне праз два тыдні. 23 студзеня 2013 году «мэр» праводзіў у ратушы на плошчы Свабоды шараговую прэсавую канфэрэнцыю, на якую запісаўся і ваш карэспандэнт. Пасьля шэрагу пытаньняў дайшла чарга і да майго: ці былі, вы, спадар Ладуцька ў судзе над Васільевым і пра што ў вас пыталіся? А таксама я запытаў спадара «мэра» пра ягонае асабістае стаўленьне да справы Васільева — якога абвінавачваюць у хабары ў паўмільёна даляраў не абы-дзе, а ў падначаленым вам Менгарвыканкаме. Вось з чаго пачаў адказваць Мікалай Ладуцька:

«Згодны, што тэма карупцыі — гэта перадвыбарчая тэма нашага прэзыдэнта. Прэзыдэнт краіны неаднаразова ў сваіх выступах вызначаў свае адносіны да гэтай праблемы, якая існуе ў грамадзтве. Сваімі практычнымі дзеяньнямі прэзыдэнт штодня падкрэсьлівае і пацьвярджае сваю непрымірымую барацьбу з гэтым злом...»

І гэтак далей у стылі панэгірыка яшчэ цягам хвілін пяці. Каюся, у выніку я ня вытрымаў і перарваў спадара «мэра» заўвагай, што той не адказвае на маё пытаньне. Тут ужо спадар Ладуцька паставіў мяне на месца: «Прабачце, я вас не перапыняў?» — «Але ж вы не адказваеце». — «Я вас не перапыняў?.. »

У рэшце, да гонару спадара «мэра», сваю прамову ён усё ж скончыў справай Васільева. Пасьля новых разважаньняў пра каштоўнасьць замежных інвэстыцыяў Мікалай Ладуцька зрабіў кароткую паўзу і дадаў: «Наша задача сёньня — каб мы з аднаго не зрабілі высновы пра ўсіх. Што тычыцца ацэнкі дзеяньняў, то ёсьць суд, ён прыме рашэньне».

У мой рэпартаж з той прэсавай канфэрэнцыі не ўвайшоў яшчэ адзін эпізод, які тады мне падаўся залішнім. Цяпер пра яго згадваю. Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я дачакаўся Мікалая Ладуцьку на выхадзе з залі прыёмаў і зноў спытаў: ці хадзіў ён усё ж у суд над Васільевым? Спадар «мэр» прайшоў міма моўчкі. Здаецца, сьціснуўшы зубы.

Яшчэ праз два тыдні суд даў Ігару Васільеву, які так і не прызнаў сябе вінаватым, 14 год. Магчыма, гэта самы вялікі тэрмін, «выпісаны» беларускаму чыноўніку ад такой небясьпечнай для дзяржавы хваробы, як хабарніцтва. Аднак асабіста для мяне гэты прысуд азначаў, што і адстаўка Мікалая Ладуцькі не за гарамі. Дзіўна, што ён пратрымаўся яшчэ больш за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG