Дванаццаты зьезд Таварыства беларускай мовы ў Менску наведала галоўны спэцыяліст Упраўленьня ўстановаў культуры і народнай творчасьці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь. Радыё Свабода паразмаўляла з прадстаўніцаю Мінкульту.
— Вы як прадстаўніца Міністэрства культуры наведалі зьезд Таварыства беларускай мовы. Ці азначае гэта, што для вашага ведамства ініцыятывы, зьвязаныя зь беларускай мовай, — важныя?
— Безумоўна, важныя. Я прыйшла на зьезд ТБМ па даручэньні міністра культуры, які цяпер знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Віетнаме. І справы беларускай мовы як аднаго са складнікаў культуры вельмі важныя. Яе сучасны стан, пэрспэктывы разьвіцьця, праблемы — гэта таксама вельмі важна. Таму я тут, каб выслухаць думкі розных людзей, сяброў таварыства. І працягваць далей нашу справу.
— Якім чынам Міністэрства культуры плянуе супрацу ў справе разьвіцьця беларускай мовы? Як вы плянуеце яе разьвіваць?
— Мы ўжо суіснуём у гэтай мове. У Міністэрстве культуры, у нашых падведамных ініцыятывах дакумэнтацыя вядзецца на беларускай мове. Ня выключаная і расейская мова як раўнапраўная. Дакумэнты, якія прыходзяць да нас па-беларуску, атрымліваюць беларускамоўны адказ. Разьвіваецца беларускамоўны тэатар і наша музычная культура. Нашы паэты-песеньнікі ствараюць добрыя беларускамоўныя песьні, якія з задавальненьнем выконваюць і прафэсійныя артысты, і аматары. Мы проста існуём у беларускім асяродзьдзі.
— Як вы лічыце, ёсьць у Беларусі моўная праблема ці яе няма?
— Тая праблема, якая ёсьць, — гэта праблема сямейнага выхаваньня. Вельмі шкада, што моладзь адлучаная ад беларускай мовы, перакінулася на ангельскую. Не аддае беларускай мове належнай увагі. Але я ведаю, што вельмі вялікая колькасьць моладзі размаўляе і чытае па-беларуску.
— Як вы ставіцеся да ініцыятывы наданьня беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай?
— Я не лічу праблемай суіснаваньне дзьвюх моваў. Таму што мы побач з Расеяй, нас гісторыя вельмі вялікая зьвязвае. Таму хай гэта будзе проста маральны выбар кожнага чалавека, на якой мове размаўляць. Няма аніякіх перашкодаў, каб размаўляць на беларускай мове. Як сказаў Трусаў у адным з інтэрвію, калі хочаце размаўляць па-беларуску, пачніце з банкамату — выберыце там беларускую мову, пачніце з гэтага.
— Але гэта не заўсёды праблема людзей, якія не размаўляюць па-беларуску. Асяродзьдзе таксама ня надта спрыяе.
— Я не магу гаварыць за ўсіх абсалютна, бо ў нас жывуць прадстаўнікі 141 нацыянальнасьці. Для мяне асабіста няма ніякіх перашкодаў гаварыць на той мове, на якой хачу размаўляць, у тым ліку на беларускай. Калі мой суразмоўца расейскамоўны, я в совершенстве владею русским языком.
— Ці будзеце вы заахвочваць да таго, каб беларусы размаўлялі на роднай мове?
— Так, вядома, мы папулярызуем беларускую мову, але нейкіх адміністрацыйных высілкаў нам не даводзіцца прымяняць, калі мы знаходзімся на нейкіх культурных мерапрыемствах. Фэстываль народнай творчасьці праводзіцца па-беларуску, напрыклад. Я ня бачу аніякай моўнай праблемы. Грамадзтва вельмі імкліва разьвіваецца, і былі мовы, якія зьніклі. Я думаю, што нашай мове гэта не пагражае. Носьбіты беларускай мовы ёсьць і ў нас у краіне, і за мяжою — такіх, паводле некаторых падлікаў, каля трох мільёнаў. Наша мова будзе жыць на ўсіх кантынэнтах.
Зьезд ТБМ у фотаздымках: