На 71-м годзе раптоўна пайшоў з жыцьця знакаміты полацкі фотамастак Эрнст Цецярэўскі.
Ягоныя здымкі ўвайшлі ў дзясяткі фотаальбомаў пра Полацак і Наваполацк, а таксама ў кнігі Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Краіна Беларусь» і «Вялікае княства Літоўскае».
Яшчэ зусім нядаўна Эрнста Цецярэўскага можна было ўбачыць на прэзэнтацыях у галерэі «Ў», куды ён прыяжджаў з роднага Полацку.
Уладзімер Арлоў працаваў з Эрнстам Цецярэўскім у наваполацкай газэце «Хімік»:
«Эрнст Цецярэўскі быў асобай неверагодна сьветлай і шчодра адоранай. Адоранай у тым ліку і філязофскім падыходам да жыцьця. Невыпадкова, калі я даведаўся пра гэтую сумную навіну, мне ўзгадаліся словы Мантэня, які казаў, што хацеў бы, каб сьмерць засьпела яго за працай. Мне ўяўляецца, што менавіта так здарылася з Эрнстам, які ніколі не разлучаўся са сваім фотаапаратам.
Мне выпала працаваць зь Цецярэўскім у наваполацкай гарадзкой газэце „Хімік“ у тую легендарную пару, калі перажывала ўзьлёт наша літаб’яднаньне „Крыніца“, якое дало беларускай літаратуры не адзін дзясятак імёнаў. У канцы 80-х наша „Крыніца“ ператварылася ў сапраўдны дэмакратычны клюб, дзе зьбіраліся ня толькі літаратары і журналісты, але і мастакі, музыкі, эколягі. Мне здаецца, што менавіта тады рэпартэрскі талент Эрнста Цецярэўскага пачаў трансфармавацца ў талент фотамастака.
Практычна кожны нумар газэты аздаблялі здымкі Цецярэўскага. З тых часоў ён захаваў добрыя знаёмствы і са мной, і з маімі калегамі-літаратарамі Ірынай Жарнасек, Алесем Аркушам, Вінцэсем Мудровым, з мастаком Сяргеем Цімохавым, якога ўжо таксама няма з намі, з мастачкай Тацянай Козік.
Сярод шматлікіх выставаў Эрнста я б адзначыў праект „50x50“, дзе ў ліку іншых былі выстаўленыя глыбокапсыхалягічныя партрэты Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Давіда Сімановіча і іншых людзей, зьвязаных з Прыдзьвіньнем. Мой партрэт з той выставы заўсёды сустракае мяне ля дзьвярэй майго так званага кабінэту. Цяпер ён будзе глядзець на мяне і вачыма аўтара».
Мастачка Тацяна Козік сустракалася з Эрнстам Цецярэўскім на выставах і іншых мастацкіх імпрэзах:
Дый усё жыцьцё яго было падарожжа — падарожжа ў Прыгажосьць
«Эрнст быў сапраўдным палачанінам. Ён заўсёды быў шчырым беларусам. Калі жывеш у невялічкім горадзе, заўсёды трэба разумець, з кім ты можаш размаўляць і на якія тэмы. Эрнст быў свой. Такіх людзей сёньня вельмі мала, і ён быў свой на працягу ўсяго жыцьця. Ён вельмі добра разумеў, што адбываецца ў гэтай краіне, што пісьменьнік і мастак значыць для гэтай краіны. Ведаў, хто ёсьць хто. Ён любіў быць у асяродзьдзі творчых людзей. Вельмі любіў свой горад Полацак. І таму столькі выдатных кніг пра Полацак ён аздобіў сваімі фатаздымкамі. Гэта назаўсёды застанецца для нашага гораду. Вельмі любіў падарожнічаць. Дый усё жыцьцё яго было падарожжа — падарожжа ў Прыгажосьць. Калі я нядаўна сустрэла яго ў Полацку, ён быў вельмі шчасьлівы, бо набыў новы фотаапарат. Ён вельмі перажываў за Ўкраіну, адкуль толькі што вярнуўся».
Разьвітаньне з Эрнстам Цецярэўскім адбудзецца ў аўторак, 28 кастрычніка, у адным з храмаў Полацку.