Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны беларус можа стаць палітвязьнем, — Севярынец

абноўлена

Форум «Палітвязьні Беларусі» пачаўся з хвіліны маўчаньня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

У Менску пачаўся форум беларускіх палітвязьняў, якія адседзелі за кратамі цягам 20 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

У сядзібе БНФ сабралася некалькі дзясяткаў былых палітвязьняў, іх сваякоў, праваабаронцаў.

Адкрываючы форум, былы вязень Плошчы-2010 Павал Севярынец заклікаў найперш ушанаваць памяць тых, хто зьнік ці загінуў ад катаваньняў за 20 гадоў існаваньня ў Беларусі цяперашняга рэжыму.

"Наша мэта — абудзіць у беларусаў памяць пра палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах, зьніклых і загінулых, і даць беларусам зразумець, што палітвязьнем можа стаць кожны з нас. Цяпер мы вольна ходзім па вуліцах, але ў любы момант можам апынуцца за кратамі, страціць здароўе, або і жыцьцё",— заявіў Севярынец.

Чакаецца, што на форуме ўхваляць дзьве рэзалюцыі. Адна — зварот да грамадзянаў з заклікам далучыцца да патрабаваньня перастаць кідаць у турмы іншадумцаў. Другі зварот будзе адрасаваны эўрапейскім палітыкам.

Форум «Палітвязьні Беларусі», які прайшоў у Менску, заклікаў кіраўніцтва Эўразьвязу працягваць патрабаваньні ад беларускага рэжыму аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў і правядзеньні ў Беларусі сумленных і свабодных выбараў паводле стандарту АБСЭ.

Таксама форум выказаў абурэньне "з таго факту, што, насуперак афіцыйнай пазыцыі Эўразьвязу, дыялёг зь беларускім рэжымам ажыцьцяўляецца без вызваленьня палітвязьняў. У сувязі з заявай спадарыні Майры Моры, якая ўзначальвае прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі і якая заклікала беларусаў "падтрымліваць свайго прэзыдэнта (нягледзячы на тое, што Эўропа ніколі не прызнавала выбары ў Беларусі сапраўднымі). Мы лічым, што беспакаранасьць і непрынцыповасьць эўрапейскіх чыноўнікаў прыводзяць да ўзмацненьня рэпрэсіяў і зьяўленьня новых палітвязьняў«,— гаворыцца ў заяве.

Таксама форум «Палітвязьні Беларусі» зьвярнуўся да беларусаў, у якім заклікаў дамагацца вызваленьня ўсіх цяперашніх палітвязьняў, а таксама не дапускаць, каб у краіне зьявіліся новыя палітвязьні.

На форуме выступіў першы дарадца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Рудольф Рышар, які пракамэнтаваў прэтэнзіі на адрас Майры Моры. Ён паўтарыў, што Майра Мора, калі ўдзельнічала ў тэледэбатах, заклікала беларусаў падтрымліваць Лукашэнку ў змаганьні на мір ва Ўкраіне. Што да пазыцыі Эўразьвязу адносна праблемы палітвязьняў ў Беларусі, паводле Рудольфа Рышара, яна застаецца нязьменнай:

«Эўразьвяз, як і раней патрабуе вызваленьня ўсіх палітвязьняў і выкананьня правоў чалавека ў Беларусі», — сказаў Рудольф Рышар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG