Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ не пускаў замуж


«Дзеці Сталіна» англійскага журналіста Оўэна Мэцьюза адразу пасьля выхаду (2008) пераклалі на 22 мовы. У расейскім перакладзе кніга называецца «Антысавецкі раман».

У ім тры ўзаемазьвязаныя гісторыі. У цэнтры — раман-перапіска паміж яго будучымі бацькамі: масквічкай Людмілай (Мілай) Бібікавай і валійцам Мэрвінам Мэцьюзам, які спачатку працаваў у брытанскай амбасадзе (з 1958-га), затым паступіў у асьпірантуру Маскоўскага ўнівэрсытэту. Міла была дачкой «ворага народу», бацьку амаль ня памятала, ёй было тры гады, калі яго расстралялі. Яны з Мэрвінам падалі заяву ў ЗАГС, але жаніха выставілі з СССР (1964). КДБ вельмі пакрыўдзіўся, што пасьля вельмі доўгай і цярплівай апрацоўкі Мэцьюз адмовіўся папрацаваць «дзеля дабра народу Савецкага Саюзу». Пазыцыю Лубянкі падтрымлівала вышэйшае савецкае начальства.

Мэцьюз быў абвешчаны пэрсонай нон грата і ня мог разьлічваць на візу. І тут завязваецца сапраўдны шпіёнскі раман, у дадатак да гісторыі зь яго вярбоўкай, аб якой сам ён здагадаўся далёка не адразу: проста новыя маскоўскія сябры вадзілі яго па самых модных рэстаранах, вывозілі ў загарадны дом (замежнікі без дазволу не маглі пакідаць горад), арганізавалі падарожжа ў Бухару і на Байкал самалётам. Апынуўшыся дома, Мэрвін пачынае змаганьне за шлюб, якому ён надаў міжнароднае гучаньне і шырокі розгалас.

У англічан існуе выраз crazy English – маюцца на ўвазе вар’яцкія ўчынкі, на якія яны часам здольныя. Мэрвін Мэцьюз відавочна паводзіў сябе менавіта як crazy English. Калі яго высылалі з СССР, абурыла паслужлівасьць прадстаўніка брытанскага консульства адносна савецкіх службоўцаў і Мэцьюз адмовіўся размаўляць зь ім па-ангельску, і той вымушаны быў выклікаць перакладчыка.

Намячаўся візыт Хрушчова з жонкай у Швэцыю. Мэцьюз накіраваўся ў Гётэборг, але ў аэрапорце даведаўся, што савецкі кіраўнік толькі што пакінуў горад. Што рабіць, давялося сесьці на начны цягнік у Стакгольм. Спыніўся ў танным гатэлі, даводзілася эканоміць. З сабой меў кіпяцільнік, «лыжачку зь дзірачкамі для заваркі гарбаты» і кубак, піша Оўэн Мэцьюз. Уласны «чайны набор» ён вазіў з сабой усё жыцьцё і надалей — у Праванс, Турцыю, Егіпет, у Італію (ня выключана, кіпяцільнікі ён палюбіў яшчэ ў СССР). І меў таксама сваю талерку і нож зь відэльцам. Раніцай ён наведаў рэдакцыі дзьвюх буйных газэт. Яму паабяцалі надрукаваць ягоную гісторыю. Назаўтра ў адной з газэт было напісана, што асьпірант з Оксфарду, «якому не дазволілі ажаніцца з рускай дзяўчынай», хоча перадаць ліст Хрушчову, і ахоўнікі, «узбударажаныя інфармацыяй аб пагрозе выкраданьня містэра Хрушчова», атрымалі загад страляць... З выразак на швэдзкай мове Мэрвін Мэцьюз пачаў зьбіраць газэтнае дасье, прысьвечанае сваім высілкам атрымаць дазвол на жаніцьбу.

Яму раілі адмовіцца ад далейшай барацьбы, быць рэалістам. Але гэта было б супраць ягонага характару, піша сын. Да таго ж, бацька напэўна пасьпеў у Маскве «заразіцца рускім ірацыяналізмам і максымалізмам». Ягоную рашучасьць падтрымаў ліст, які Міла пераслала праз італьянскага камуніста, і які не чытала цэнзура. Міла пісала, што кахае яго як сваё дзіця, як частку свайго цела... Ён замовіў тэлефонную размову з Масквой. Міла напісала пазьней, што ёй хацелася цалаваць ягоны голас.

У МІ-5 узьнікла думка спраўдзіць: ці не падсоўвае яму нявесту сам КДБ? Аднак доказаў не знайшлося. А тым часам зяць Хрушчова Аляксей Аджубей, галоўны рэдактар «Известий», меў наведацца ў Бон. Мэрвін вылецеў туды, здолеў трапіць на сустрэчу і ўручыць яму ліст. Бяз вынікаў... Афіцэр з МІ-5 сустрэўся з Мэрвінам у Оксфардзе і пахваліў яго за маскоўскую справаздачу, у якой вельмі спадабалася адна фраза — «выкарыстоўваючы для вярбоўкі абстаноўку дружбы»; яе нават узялі ў даклад.

Наступнай была сустрэча з Аляксандрам Керанскім, які ўзначальваў часовы ўрад у Піцеры ў 1917-м. Мэрвін расказаў яму сваю гісторыю зь няўдалай жаніцьбай, той паспачуваў. Яны паразмаўлялі аб тым, якіх бязьлітасных людзей рэвалюцыя прывяла да ўлады ў Расеі.

Мэрвін зьвяртаўся па дапамогу да вядомых у Англіі асобаў: да Бэртрана Расэла, да Ісаі Бэрліна, да былога міністра замежных справаў ад партыі кансэрватараў, да сакратара кангрэсу прафсаюзаў. Усе яму спачувалі. Ён дамогся сустрэчы з асабістым сакратаром савецкага амбасадара Салдатава. І ўпарта запаўняў блянкі заявы на савецкую візу. Міла пісала яму: «Калі ласка, ніколі не кажы, што ты адмаўляесься біцца галавой аб сьценку. Не адступай! Сьцяна паддаецца не адразу».

У няўдалага жаніха ўзьнікла думка, каб Мілу ўключылі ў «абмен шпіёнамі», які практыкаваўся час-часам паміж заходнімі краінамі і СССР. Але яго назойлівасьць стала моцна раздражняць «форын офіс». Мэрвіну давялося пакінуць прэстыжнае месца працы ў Оксфардзе ў каледжы сьвятога Антонія.

Між іншым, у Маскве яго таксама змусілі пакінуць працу ў амбасадзе: ён пераслаў у Англію з дыпляматычнай поштай раньнія вершы Барыса Пастэрнака, перапісаныя ў Ленінскай бібліятэцы.

Каб ён моцна не журыўся, кіраўніцтва каледжу на разьвітаньне накіравала яго на канфэрэнцыю ў Вену, хоць у яго не было ніякага дакладу. Была толькі просьба: каб ніякіх сумнеўных учынкаў! Мэрвін уцякаў з банкетаў у рускі рэстаран «Жар-птушка», гаспадар якога, «тоўсты рускі», асабіста сустракаў наведнікаў і частаваў гарэлкай, нават калі яны не замаўлялі. Але ў яго сапраўды ўзьнікла нечаканая задума: ён сеў на цягнік, каб у Празе (віза не патрабавалася) даслаць заказны ліст у Маскву чалавеку, які яго няўдала вэрбаваў. Паабяцаў яму «істотную суму грошай» (якіх ня меў), калі Мілу выпусьцяць з краіны. Ніякага адказу не атрымаў.

Оўэн Мэцьюз піша, што лісты паміж Мэрвінам і Мілай замянілі ім сапраўднае жыцьцё. Яна пісала яму, што быццам жыве «у складаным мэханізьме па імені Мэрвін» і бачыць «вакол сябе ўсе ягоныя болцікі і колцы». Яна жыла дзеля лістоў Мэрвіна, падсумоўвае аўтар.

Наступнай была паездка ў Заходні Бэрлін, каб сустрэцца з адвакатам з ГДР, які ўдзельнічаў у абмене людзьмі паміж двума лягерамі. Размова адбылася ў дарагім бары, але вынікаў не прынесла. Але думка англійскага жаніха працавала ў самых нечаканых накірунках. Няхай бы Міла ўзяла фіктыўны шлюб з афрыканскім студэнтам, каб выехаць! Альбо, можа, яму падараваць аўтамабіль супрацоўніку савецкай амбасады, каб паспрыяў? Але дзе ўзяць грошы? Мэрвін выбраў самы танны варыянт: набыў набор пячатак з думкай пра падробленую візу для Мілы. Але ўрэшце астыў, вырашыўшы, што за падробку дадуць турму.

Потым ён вывучаў на мапе савецка-аўганскую мяжу – а раптам яна не паўсюль ахоўваецца, горы як-ніяк?! У сьнежні 1965-га газэты напісалі пра ўцекача, што нелегальна перайшоў савецка-фінскую мяжу. У наступным годзе Мэрвін сустрэўся з «перабежчыкам» у ФРГ у Франкфурце. Той аказаўся спартыўным хлопцам, аматарам альпінізму і турыстычных паходаў... І тут новая ідэя: фінскае турбюро робіць паездкі ў Талін і Ленінград, прычым бязь візы! У Таліне адзін дзень, у Ленінградзе — два. З дапамогай кансьпірацыі ім удалося двойчы сустрэцца! У другім выпадку яны нават мелі ноч у студэнцкім інтэрнаце. І ўсюдыісны КДБ нічога не разьнюхаў.

Мэрвін асьмялеў. Ён едзе ў Брусэль і атрымлівае ў турфірме пяцідзённую савецкую візу, упісаўшы кірыліцай адзін з варыянтаў свайго прозьвішча, напэўна не асноўны. Праз два дні ён быў у Маскве. Сачэньня за сабой не заўважыў і патэлефанаваў Міле, якая, зразумела, ні аб чым ня ведала. І КДБ таксама. Яны самі ўсё сапсавалі: прыйшлі ў ЗАГС... Мэрвіна выслалі паўторна.

Але ён у пэўным сэнсе трымаў руку на пульсе: у Лёндан намячаўся візыт Касыгіна (ліст перадаць не ўдалося), але паявіўся плян знайсьці невядомыя лісты Леніна і зрабіць падарунак СССР. У Брытанскай бібліятэцы Мэрвін вывучыў узоры почырку правадыра працоўных, каб ня быць падманутым: у Парыжы быў на прыкмеце прыватны архіў, у якім нібы захоўваліся ленінскія лісты...

Шлюбная вайна ўпартага валійца супраць СССР працягвалася. У нейкі момант запыняеш сябе на думцы, што нават толькі прачытаць ягоную гісторыю — праца, а як было яму весьці самотна ўпартае змаганьне? Праз 5 год і 5 месяцаў маскоўскі ЗАГС зь бюстам Леніна капітуляваў: іхні шлюб зь Мілай быў зацьверджаны. Яе, а таксама яшчэ адну савецкую нявесту і аднаго жаніха ўключылі ў «абмен шпіёнамі».

Найбольш уражваюць дзьве рэчы. Мэрвін Мэцьюз быў русафілам, «сябрам Расеі». Але яна вяла зь ім сапраўдную вайну. У гэтым бадай выяўляецца расейскі нораў: не цаніць тых, хто да цябе па-сяброўску, паступаць зь імі як з ворагамі. Другое: да Мілы Палітбюро ЦК КПСС ставілася як да рэчы. Хоць для СССР яна ніякай каштоўнасьці не ўяўляла. Не вучоная, не чэмпіёнка... Мала таго, чалавек з жорстка паламаным савецкай уладай жыцьцём.

Першая частка «Антысавецкага раману» адбываецца ў 1930-х ва Ўкраіне. Бацька Мілы Барыс Бібікаў – сярод начальнікаў, якія кіруюць паскораным будаўніцтвам у голым полі амаль голымі рукамі Харкаўскага трактарнага заводу. Навокал галадамор, выкліканы дзеяньнямі савецкай улады, Сталіна. У 33 гады бацьку Мілы прызначаць кіраваць Чарнігаўскай вобласьцю, а потым расстраляюць (1937). Іх зь сястрою Ленінай будзе чакаць турма для непаўналетніх у Крыме, жахлівае галоднае жыцьцё, пазьней — дзіцячы дом на Дняпры. Затым эвакуацыя ў Сталінград, да якога падыходзіла нямецкая армія.

Апошняя частка — гісторыя самога Оўэна Мэцьюза. Пошукі сябе, свайго месца. Спачатку ўзятая напракат бронекамізэлька, ён ваенны карэспандэнт у былой Югаславіі. Але яму наканавана апынуцца ў Маскве. Праца ў новай газэце «Moscow Times», ён піша: «Масква сярэдзіны 90-х гадоў была вульгарнай, прадажнай і жорсткай, быццам зьехала з глузду, непрыстойнай, гвалтоўнай, апантанай ідэяй нажывы. Але галоўнае, я спазнаваў яе між іншым, з жартамі і вясёлым сьмехам».

Была яшчэ паездка на чачэнскую вайну. Жахлівая карціна перабітых расейскай арміяй мяцежнікаў каля сяла Камсамольскае. Калі вярталіся, з-над лесу ўзьняўся баявы ўдарны гэлікоптэр і стрэліў з гармат у джып. Оўэн застаўся жывы... У 2006-2012 г. ён кіраваў маскоўскім бюро часопісу «Newsweek».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG