Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскі ласось зь беларускім пашпартам


Дзякуючы расейскаму эмбарга на пастаўку прадуктаў з краін, якія асудзілі агрэсію Расеі супраць Украіны, значны ўздым перажывае перапрацоўчая галіна Беларусі. Але наколькі сумленныя беларускія вытворцы ў адносінах да расейскіх спажыўцоў? Што насамрэч хаваецца за лэйблам «Зроблена ў Беларусі»? Сёньня цікавасьць журналістаў зь Беларусі і Расеі (апошнія тут з традыцыйным прэс-турам) паспрабаваў задаволіць міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Харчовае імпартазамяшчэньне ў выніку асымэтрычнага адказу на палітычныя санкцыі Захаду ўжо ня першы месяц выклікае кпіны з боку аналітыкаў як у Маскве, так і ў Менску. Маўляў, зьніклі з паліцаў крэвэткі нарвэскія, затое зьявіліся беларускія, перакрылі доступ італьянскім гатункам сыру пармэзан — вакантнае месца тут жа занялі «аналягічныя» зь Беларусі. Думкаю міністра Зайца наконт такой зьявы пацікавіліся нават прадстаўнікі ўладных мэдыяў. Так, журналістка «Советской Белоруссии» запытала: як ён сам успрымае такое паняцьце, як «беларускі ласось»?

«Сёньня ў нашай краіне восем прадпрыемстваў, якія займаюцца гандлем і перапрацоўкай рыбы. У тым ліку марской рыбы, якую мы імпартуем з-за межаў Беларусі. Тры зь іх забясьпечваюць пастаўку гатовай прадукцыі з рыбы на расейскі рынак. Апроч таго, мы дасягнулі паразуменьня з „Россельхознадзором“ па тых акрэдытаваных прадпрыемствах Нарвэгіі, зь якіх дазволена завозіць рыбу ў Беларусь дзеля далейшай перапрацоўкі. Што тычыцца аб’ёмаў рыбы, якая пастаўляецца з краінаў, адносна якіх уведзеныя санкцыі, то яны павялічаныя на 1,4 тысячы тон супраць аналягічнага пэрыяду мінулага году. Усё пад кантролем. Тая рыба, якая ў асноўным пастаўляецца з Нарвэгіі, тут праходзіць глыбокую перапрацоўку, мяняецца код тавару і пастаўляецца на спажывецкі рынак Расейскай Фэдэрацыі. Пяць прадпрыемстваў з васьмі, якія займаюцца пастаўкай рыбы на беларускі рынак, цалкам забясьпечваюць патрэбы нашага насельніцтва».

Леанід Заяц
Леанід Заяц

Паводле кіраўніка аграрнага ведамства, практычна па ўсіх пазыцыях рост паставак харчаваньня ў Расею істотна вырас, а да канца году ўлады разьлічваюць перакрыць паказьнікі мінулага году амаль у паўтара раза:

«За жнівень месяц пастаўлена парадку 5,3 тысячы тон мяса птушкі, гэта практычна 115% да аналягічнага пэрыяду мінулага году. 9 тысяч тон пастаўлена масла, або 148% да жніўня 2013 году. Пастаўлена 17,5 тысячы тон сыроў, або 141%, зноў жа, да жніўня 2013-га. Цэльнамалочная прадукцыя таксама пастаўленая ў аб’ёмах, якія задавальняюць попыт Расейскай Фэдэрацыі — 100% да аналягічнага пэрыяду летась. Разам з тым мы пралічылі свае харчовыя балянсы і прыйшлі да высновы, што маем магчымасьць істотным чынам нарасьціць гэтыя пастаўкі. З улікам тых запасаў, якія сёньня ёсьць у Беларусі, з улікам росту вытворчасьці малака ў краіне — а ён складае парадку 112,6%, то бок штодня пастаўляецца на 1600 тон малака больш, чым на такую ж дату мінулага году — ёсьць рэальная магчымасьць павялічыць аб’ём у 1,4 раза ў параўнаньні зь леташнім пэрыядам. Маецца на ўвазе — да канца гэтага году».

Ну, хочуць сёньня адпаведныя расейскія службы на свае вочы пераканацца ў якасьці прадукту, які пастаўляецца зь Беларусі, дык гэта іх права

Актыўнасьць беларускіх пастаўшчыкоў, — а некаторыя зь іх не цураюцца таго, каб выдаваць замежную прадукцыю за беларускую, проста пераклеіўшы налепкі на пакунках, — ужо ня раз выклікала абурэньне расейскіх наглядных органаў. На «празрыстай» саюзнай мяжы паўсталі пункты агляду фураў зь беларускімі нумарамі, якія вязуць тавары ў суседнюю краіну, з уладных кабінэтаў нават чуліся пагрозы пачаць разбор у Радзе Адзінай эканамічнай прасторы адносна ценевага рээкспарту. Ці не напружвае беларускіх партнэраў публічны недавер расейскага боку? Міністар Леанід Заяц лічыць, што ніякіх падставаў для гэтага няма:

«Што тычыцца выстаўленых пастоў на бранскім, смаленскім, пскоўскім напрамках Расейскай Фэдэрацыі, тут мы, па вялікім рахунку, ніякіх прэтэнзіяў ня маем. Ну, хочуць сёньня адпаведныя расейскія службы на свае вочы пераканацца ў якасьці прадукту, які пастаўляецца зь Беларусі, дык гэта іх права. Мы проста бачым прынцыповы падыход „Россельхознадзора“ да той прадукцыі, якая пастаўляецца на расейскі рынак, і ніякага абурэньня з боку беларускіх прадпрыемстваў ніколі не выказвалася і ня выкажацца. Чаму? Мы самі зацікаўленыя, каб наша прадукцыя мела высокія спажывецкія ўласьцівасьці і ні ў кога не выклікала сумневу, што да сваёй бясьпекі. Таму нічога страшнага: выставілі — значыць, выставілі, хай правяраюць. А мы, са свайго боку, будзем выконваць свае абавязаньні наконт паставак той прадукцыі, якая будзе выклікаць падвышаны попыт спажыўцоў у Расейскай Фэдэрацыі».

Журналісты з расейскага дэсанта папрасілі таксама спадара Зайца растлумачыць схемы паставак малочнай прадукцыі, вырабленай з эўразьвязаўскага малака, якое Беларусь закупляе ў Польшчы і краінах Балтыі. Міністар запэўнівае, што гэтая пазыцыя ўзгодненая з Масквой, а аб’ём малочных рэкаў з замежжа мізэрны ў параўнаньні з тым, колькі перапрацоўваецца айчыннай сыравіны:

«Пасьля прыняцьця Расейскай Фэдэрацыяй санкцыяў у адносінах да дзяржаў, імі ахопленых, нам было дазволена — і гэта было агаворана на ўзроўні двух прэзыдэнтаў нашых краінаў, на ўзроўні прэм’ер-міністраў — тое, што не забаронена ў Беларусь пастаўляць сыравіну, якая прайшла перапрацоўку на малочных прадпрыемствах Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі для далейшай пастаўкі на нашы прадпрыемствы перапрацоўкі. То бок з глыбокай перапрацоўкай гэтай сыравіны на нашых магутнасьцях з канчатковай пастаўкай гатовага прадукту на харчовыя рынкі Расеі. Ад 1 жніўня да 2 кастрычніка пастаўлена на прадпрыемствы перапрацоўкі Беларусі малака ў аб’ёмах 22 тысячы тон. Многа гэта ці мала? Хачу адказаць: наша краіна перапрацоўвае ў месяц парадку 510 тысяч тон, а гэта ўсяго 2,8% удзельнай вагі менавіта імпартаванай сыравіны. Хачу адзначыць, што нашай вэтэрынарнай службай праводзіцца паглыблены кантроль за пастаўкай такой сыравіны на прадпрыемствы перапрацоўкі, выключаныя выпадкі пастаўкі недабраякаснай сыравіны. Мы вельмі прынцыпова ставімся да той сыравіны, якая пастаўляецца зь пералічаных краінаў».

Пры гэтым Леанід Заяц наракае, што рост фізычнага аб’ёму экспарту беларускай прадукцыі ў Расею не дае дывідэндаў у даляравым эквіваленце. Прычына, па яго словах, — абясцэньваньне расейскага рубля, бо менавіта ў гэтай валюце адбываецца разьлік за тавары і харчы, пастаўленыя зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG