У Маскве вядуцца перамовы першага намесьніка старшыні Савету міністраў Уладзімера Сямашкі зь віцэ-прэм’ерам расейскага ўраду Аркадзем Дварковічам. Бакі спрабуюць нівэляваць наступствы для Беларусі так званага «вялікага падатковага манэўру», ініцыяванага Міністэрствам фінансаў Расеі. Сутнасьць навацыі ў тым, каб, зьнізіўшы экспартнае мыта на нафту да ўзроўню іншых дзяржаў Мытнага саюзу, зрабіць нявыгадным продаж нафты бяз сплаты падаткаў. Гэта аўтаматычна ўдарыць па беларускай нафтаперапрацоўцы: памер экспартнага мыта на вуглевадароды зьнізіцца ў разы, і, адпаведна, фінансавая выгада, на якую разьлічвае беларускі бюджэт ад мыта, зьменшыцца.
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, абурыўся, што страты Беларусі ад падатковага манэўру Масквы могуць перавысіць 1 мільярд даляраў:
«Летась мы дамовіліся, што́ Беларусь атрымае ў выніку саступак у эканамічным саюзе. Але цяпер у Расеі ажыцьцяўляецца нейкі падатковы манэўр, у выніку якога мы можам страціць усё, пра што дамаўляліся ў мінулым годзе з Расеяй. Гэта тычыцца пералічэньня ў бюджэт Расеі мыта ад спагнаньня на мяжы па нафтапрадуктах. Гэта ненармальна: не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, як іх адмяняем фактычна другой рукой, і ў выніку Беларусь можа страціць вялізную суму сродкаў. Наколькі ведаю, ідуць перамовы, каб гэтую тэму ўрэгуляваць, і яна павінна быць урэгуляваная».
Гэта ненармальна: не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, як іх адмяняем фактычна другой рукой, і ў выніку Беларусь можа страціць вялізную суму сродкаў
Міхаіл Мясьніковіч паскардзіўся, што партнэры ўчынілі свае «манэўры» ў закрытым рэжыме, паставіўшы беларускі бок перад фактам. Расейскі Мінфін прапанаваў падатковыя карэляцыі: зьніжэньне мыта на экспарт нафты да ўзроўню Казахстану (80 даляраў за 1 тону зь цяперашніх 385 даляраў) і адначасна істотнае падвышэньне падатку на здабычу карысных выкапняў. Рост стаўкі на нафту ў 2015 годзе прадугледжваецца ад цяперашніх 530 да 775 расейскіх рублёў за 1 тону, у 2016-м — 856 рублёў, у 2017-м — 918 рублёў. Па словах Мясьніковіча, ён асабіста зьвяртаўся зь пісьмовымі прапановамі аб урэгуляваньні сытуацыі на імя свайго расейскага калегі Дзьмітрыя Мядзьведзева, аднак ніякага адказу пакуль не атрымана:
«Што тычыцца падатковага манэўру, ці, як у Расейскай Фэдэрацыі яго называюць — „вялікі падатковы манэўр“, то працу над гэтым манэўрам яны вялі ў закрытым рэжыме. У пятніцу адбудуцца перамовы нашага першага віцэ-прэм’ера Сямашкі з намесьнікам кіраўніка расейскага ўраду Дварковічам. Мы накіравалі расейскаму боку адпаведныя прапановы — як выхад з гэтай сытуацыі можа быць унясеньне зьменаў у пагадненьне аб парадку залічэньня мыта ў бюджэты бакоў ад экспарту нафтапрадуктаў. Мы прапануем усё мыта ў поўным аб’ёме — вывазное, экспартнае, мыта ад нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расейскай нафты — пакідаць у беларускім бюджэце. Я думаю, што супольна мы знойдзем падыходы, але пакуль гэтых падыходаў урад Расеі не сфармуляваў».
Паводле Мясьніковіча, з-за зьніжэньня мыта вырасьце ўнутраны кошт нафты, што ўдарыць па маржы нафтаперапрацоўкі ў Расеі і ў Беларусі. Цяпер Беларусь набывае нафту ў Расеі бяз мыта па ўнутраным кошце, а ў якасьці кампэнсацыі аддае мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Зь пераходам на новую формулу бюджэтныя страты ўжо ў 2015-м могуць скласьці 250 мільёнаў даляраў, а ў наступныя гады — ад 300 да 400 мільёнаў штогод.
Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка не перакананы, што ваяж беларускіх урадоўцаў у Маскву будзе плённым. Па яго словах, падобныя навацыі расейскага боку супярэчаць эканамічнай лёгіцы дэкляраваных інтэграцыйных аб’яднаньняў, і таму відавочна, што пытаньне з падатковым манэўрам — цалкам палітычнае:
«Гэта больш палітычнае пытаньне, чым эканамічнае. Відавочна, што наша эканоміка апошнія гады субсыдыявалася Расеяй, і найперш гэта тычыцца нафтагазавага субсыдыяваньня. Памер гэтага субсыдыяваньня наўпрост залежаў ад ляяльнасьці беларускіх уладаў. Але апошнія гадоў пяць Масква заняла больш жорсткую пазыцыю, ціснучы на Менск, дамагаючыся некаторых палітычных рашэньняў, у тым ліку на карысьць Мытнага саюзу, а пасьля — Адзінай эканамічнай прасторы і Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія плянуецца будаваць. Таму гэта, хутчэй, больш інструмэнт уплыву на Менск. Хоць, вядома, калі пазыцыя такая, што маем адзіны рынак, то існаваньне рознага кшталту выняткаў, мыта між краінамі АЭП супярэчыць здаровай эканамічнай лёгіцы. І ўсе так званыя падатковыя камбінацыі — якраз тыя выняткі, якія не дазваляюць нам сапраўды скарыстацца Адзінай эканамічнай прасторай, канцэпцыяй, якая была ў яе закладзеная ад самага пачатку».
З пастаноўкай пытаньня ў той плоскасьці, што ў дадзеным выпадку палітыка пераважае над эканомікай, згодны і вядомы расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка. Па яго словах, усе апошнія гады гаспадарчыя дачыненьні Масквы і Менску суправаджаюцца ўзаемнымі ўльтыматумамі і шантажом:
«Вы ў Беларусі, мабыць, ведаеце сытуацыю нашмат лепш за мяне, нават складана штосьці камэнтаваць... Але пытаньні, падобныя да гэтага, і раней „завісалі“, неаднаразова і надоўга. Скажам, ніводзін крэдыт Беларусі з боку Расеі ня быў гарантаваны адпачатку. Нават калі такія палітычныя абяцаньні і дэкляраваліся, усё роўна ў любы момант магло прагучаць „не“ з той ці іншай прычыны — часьцей за ўсё выкліканай „няправільнымі“ паводзінамі менскіх чыноўнікаў. Таму рашэньне аб пераглядзе прапанаваных навацыяў, як і, яшчэ раз паўтаруся, аб выдачы траншы чарговага крэдыту ці прэфэрэнцыяў па энэрганосьбітах, будзе прымацца, хутчэй за ўсё, сытуацыйна, пад настрой. То бок у нейкі прамежак часу, залежна ад таго, што адбываецца ў адносінах вышэйшых кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Як паказвае практыка, эканоміка ў дадзеным выпадку цалкам падпарадкоўваецца палітыцы».
Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч прызнаў, што ведае пра заклапочанасьць беларускіх калегаў эфэктам ад падатковага манэўру, але пакуль ніякіх рашэньняў на гэты конт няма. У сваю чаргу, намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў агучыў пазыцыю свайго ведамства: Беларусі дастаткова 1,5 мільярда даляраў ад вывознага мыта на нафтапрадукты, якія будуць заставацца ў дзяржаўным бюджэце ад 2015 году, каб пакрыць меркаваныя выдаткі. Аднак праблема ў тым, што Менск разьлічвае на нашмат большыя дывідэнды, а згаданая сума нават не абмяркоўваецца. Як заявіў Міхаіл Мясьніковіч, прапановы беларускага боку — пакідаць у беларускім бюджэце ўсё мыта ад нафтапрадуктаў у поўным аб’ёме — ня ўвязваюцца з 1,5 мільярдамі даляраў, якія ніхто і не зьбіраўся пералічваць у Расею.