Пасьля таго як у Менску былі падпісаныя дамовы аб замірэньні, на ўсходзе Ўкраіны загінулі яшчэ каля 300 расейскіх вайскоўцаў. Большая частка зь іх — ад агню баявікоў.
Апошнюю статыстыку стратаў расейскіх войскаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне для Радыё Свабода паведаміла Алена Васільева — расейская грамадзкая актывістка, стваральніца групы ў Facebook «Груз-200 из Украины в Россию».
Учора група «Груз-200 из Украины в Россию», дзе акумулююцца зьвесткі пра расейскіх салдат, якія загінулі і зьніклі ў Данбасе, была выдалена адміністрацыяй Facebook. На момант выдаленьня ў групе было зарэгістравана больш за 22 000 удзельнікаў, пры тым, што суполка дзейнічае крыху больш за месяц.
Паводле слоў Васільевай, напярэдадні Маршу міру ў Маскве была заблякавана яе асабістая старонка ў Facebook. У аўторак, 23 верасьня, яе старонку разблякавалі, але ў той жа час група «Груз-200 из Украины в Россию» была выдаленая.
«Паўстала пытаньне, што нам неабходна працягваць функцыянаваць. Сёньня група ў нас была перазагружаная зь Нямеччыны, а на банэры напісалі, што група была зьнішчана ФСБукам. Цяпер група зноў функцыянуе, туды пайшлі новыя матэрыялы, новыя фатаздымкі. Мы будзем працягваць змагацца за аднаўленьне групы», — кажа Васільева.
Акрамя таго, праваабаронца працягвае атрымліваць пагрозы.
«Ёсьць сапраўды шмат пагроз, якія магчыма ўспрымаць абсалютна рэальна. Але я спрабую быць спакойнай, таму што разумею, што гэта — вайна», — кажа яна.
Паводле дадзеных Васільевай, за час вайны на Данбасе загінула каля 4000 расейцаў. Каля 1000 зь іх — гэта расейскія добраахвотнікі-наёмнікі, якія загінулі да ўварваньня 25 жніўня на тэрыторыю Ўкраіны расейскай арміі. Астатнія — байцы кадравых расейскіх вайсковых часьцей.
«Першая тысяча, якую мы налічылі, была з складу добраахвотнікаў і невялікай колькасьці загінулых там спэцназаўцаў (так званых „зялёных чалавечкаў“). Гэта да ўварваньня. У першыя два дні ўварваньня мы налічылі тысячу. Потым прыйшла інфармацыя пра 800 трупаў, якія вывозілі ў Расею ў КАМАЗах. Потым быў апошні гуманітарны канвой, які вывозіў трупы праз Растоў, плюс яшчэ зьвесткі пра вагон з „грузам-200“ ад людзей, якія займаліся яго загрузкай. Калі мы склалі ўсе гэтыя лічбы, у нас атрымалася 3700 чалавек. І апошняя — гэта расстрэл Арэнбурскай брыгады. І яшчэ было некалькі выпадкаў, калі нашы расейскія бамбілі нашых жа расейскіх. Там таксама пачалі прыходзіць лічбы — гэта прыкладна яшчэ каля 300 чалавек да тых 3700 дадалося. Таму ўжо 4 тысячы атрымліваецца», — распавядае Васільева.
Паводле слоў Васільевай, апошнія 300 вайскоўцаў загінулі ўжо пасьля падпісаньня 5 верасьня менскіх дамоўленасьцяў аб замірэньні на ўсходзе Ўкраіны. Пры гэтым значную частку гэтых страт расейцы панесьлі ў выніку так званага friendly fire (вайсковы тэрмін, якім абазначаюць агонь па сваіх жа часьцях).
«Чамусьці ДНРаўцы пачалі страляць па расейскіх калёнах, якія там кудысь перасоўваліся. Так было пад Ізварынам, цяпер арэнбурцаў расстралялі двойчы. То бок ніякай каардынацыі дзеяньняў там няма», — кажа Васільева.
Паводле дадзеных Васільевай, сярод расейскіх часьцей на Данбасе пастаянна адбываецца ратацыя.
«Яны быццам у камандзіроўку ва Ўкраіну ідуць. Напрыклад, ваююць за данецкі аэрапорт: паваявалі 2–3 дні, і іх выводзяць. Яны тыдзень адпачываюць, а потым у іх зноў ідзе вылазка», — кажа Васільева.
Тых расейскіх вайскоўцаў, якія гінуць ва Ўкраіне, звычайна звальняюць задняй датай, каб было магчыма заявіць, што на вайну яны паехалі добраахвотнікамі.
Цяжэй за ўсё, кажа Васільева, падлічыць параненых — тут няма нават прыблізных лічбаў. Большасьць параненых расейскіх вайскоўцаў адпраўляюць у шпіталі ў Растоў, Валгаград, Ейск, частку — у Санкт-Пецярбург.
«Цяпер шмат маці пачалі нам пісаць, што яны ня могуць знайсьці сваіх параненых. Напрыклад, маці Грыгор’ева паведамілі, што сын паранены ў сьпіну і зьнерухомлены, што ён знаходзіўся ў Растоўскім шпіталі. Ёй пацьвердзілі, што ён там знаходзіцца, але калі яна туды прыехала, то выявілася, што яго там няма — яго перавялі ў Піцер. Але ў Піцеры ён „згубіўся“ — яго там не знайшлі», — распавядае Васільева.
Васільева заклікае ўсіх салдацкіх маці Расеі тэрмінова высьветліць, дзе сёньня іхнія сыны.
«Цяпер ужо надышла восень, восеньскі прызыў пачынаецца, павінна быць дэмабілізацыя многіх хлопцаў, якіх маці ўжо не дачакаюцца», — канстатуе яна.