22 верасьня да прыватнага дома грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага прыехалі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС Гомеля. Яны прапанавалі яму выйсьці для «гутаркі».
Днямі на даху свайго дома Кастусь Жукоўскі зьмясьціў вялікую расьцяжку з надпісам: «Піліпец сядзіць, а справа яго жыве. Патрабую выкананьня ўказа № 58 прэзыдэнта. Стоп карупцыя!».
Актывіст адмаўляецца ісьці на гутарку зь міліцыянтамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Напрыканцы жніўня актывіст выклікаў супрацоўнікаў ДАІ, каб тыя зафіксавалі правапарушэньне. Тады грузавыя аўтамабілі з суседняй будоўлі дзесяціпавярховага дома, якую вядзе ААТ «ЦэнтрЛізінг», заблякавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд кіроўцы не рэагавалі. На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія затрымалі актывіста за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі» (арт. 23.4 КаАП).
Актывіст пісаў скаргі ў розныя інстанцыі на парушэньні заканадаўства падчас будоўлі. Але гэта не прынесла плёну. Таму, каб зьвярнуць увагу на праблему будаўніцтва, у якім, магчыма, ёсьць карупцыйны складнік, Кастусь Жукоўскі размясьціў на даху дома расьцяжку.
Былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму. Такі ж самы вырак атрымаў і іншы фігурант справы, супрацоўнік Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Ігар Адарчанка, які да моманту прысуду знаходзіўся пад хатнім арыштам і быў узяты пад варту ў судовай залі. Трое іншых фігурантаў справы аб злоўжываньні службовым становішчам былі вызваленыя ў залі суду «па амністуючых матывах».
Крымінальную справу супраць старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца і чатырох супрацоўнікаў гомельскага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва распачалі пасьля выкрыцьця, як заяўляецца ў абвінавачваньні, «злачыннага мэханізму разьмеркаваньня кватэраў у шматпавярховых дамах». Паводле сьледзтва, абвінавачаныя разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных цэнах, а таксама афармлялі ўгоды па набыцьці кватэраў на падстаўных асобаў.
У матэрыялах справы фігуруюць 27 кватэраў. Іх прадавалі не па рынкавых цэнах, а па тых, якія былі на момант прыёму ў эксплюатацыю. Розьніца між цаной продажу і рынкавай, як гаворыцца ў абвінавачаньні, склала больш за 3 мільярды 652 мільёны рублёў. Кватэры павінны былі выдзяляцца людзям, якія жывуць у дамах пад знос ці непрыдатных для пражываньня.
У абвінавачаньні гаворыцца, што сам Віктар Піліпец зьбіраўся набыць па заніжаных коштах 4 кватэры — дзьве для сябе і дзьве для дачкі.