Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклікаў міліцыю — і адправіўся за краты


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Вольга Казлова пакарала 28 жніўня грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага 5 суткамі арышту за непадпарадкаваньне міліцыі.

Міліцыю тую выклікаў сам Жукoўскі ў мінулы панядзелак, калі пад’ехаў на машыне да свайго дому з дачкою і ўбачыў, што два КамАЗы з бліжэйшай будоўлі перакрылі ўезд на панадворак. Ён выклікаў ДАІ, а прыехалі на мікрааўтобусе ажно чацьвёра амапаўцаў, а за імі яшчэ й двое супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі на службовай аўтамашыне.

На вуліцу Кніжную да дома Жукоўскага падасьпела яшчэ й спэцмашына сьледчага ізалятара, які знаходзіцца побач. Калі КамАЗы ад’ехалі, Жукоўскі загнаў свой легкавік на панадворак. У яго супрацоўнік ДАІ узяў пашпарт, а амапаўцы сталі патрабаваць, каб ішоў зь імі на вуліцу ці то ў мікрааўтобус, ці то ў аўтамабіль ДАІ. Жукоўскі запратэставаў: АМАП ён не выклікаў — і гучна патрабаваў пакінуць ягоную прыватную тэрыторыю. Скончылася гэта тым, што амапаўцы гвалтам адвезьлі актывіста ў Цэнтральны РАУС, а потым — у ізалятар часовага ўтрыманьня. Пасьля 18 гадзін знаходжаньня ў ізалятары Жукоўскага адпусьцілі наняць адваката, бо супраць яго склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.4 — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службоўца пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў. На падставе гэтага пратаколу судзьдзя Вольга Казлова і пакарала Кастуся арыштам.

Жонка Жукоўскага Алена апавяла ў судзе, што яшчэ да прыезду мужа з дачкою прасіла кіраўцу КамАЗа не загароджваць праезд. Але пасьля гэтага побач спыніўся яшчэ адзін грузавік. А супрацоўнік ААТ «Центрлізінг», якое вядзе будоулю пад вокнамі дома актывіста, даваў інструкцыю кіроўцу: «Калі будзе выступаць гэты дробны паскуднік, то ты ведаеш што рабіць». Дарэчы, жонка актывіста паказала ў судзе й відэа, запісанае на тэлефон, якое пярэчыла некаторым абвінавачваньням амапаўцаў і супрацоўніка ДАІ пра непадпарадкаваньне мужа. Алене Жукоўскай нават прыйшлося ехаць самой у міліцыю, шукаць дзяржаўтаінспэктара, які прыяжджаў на Кніжную, каб той запісаў і яе сьведчаньні наконт інцыдэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG