Міжнародныя навуковыя чытаньні «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах», прысьвечаныя памяці народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменкі, пройдуць у Гомелі 25–26 верасьня.
Арганізатары мерапрыемства — Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны і мясцовы філіял Нацыянальнай акадэміі навук.
Як паведамілі БелаПАН на катэдры беларускай літаратуры ГДУ, у канфэрэнцыі бяруць удзел дзеці народнага пісьменьніка, аўтарытэтныя вучоныя з Расеі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Германіі. Прафэсар Ольдэнбургскага ўнівэрсытэту Гун-Брыт Колер, якая дасканала валодае беларускай мовай, выступіць на плянарным пасяджэньні з дакладам па-беларуску.
На плянарных пасяджэньнях і ў трох сэкцыях будуць разгледжаныя актуальныя праблемы спадчыны Івана Навуменкі, яе месца ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама ўзаемадзеяньне рэгіянальных і агульначалавечых пачаткаў у славянскіх літаратурах і пэрспэктывы літаратуры клясычнага тыпу ў эпоху глябалізацыі.
У рамках канфэрэнцыі пройдзе чарговая прэзэнтацыя трэцяга і чацьвёртага тамоў з заплянаванага дзесяцітомнага збору твораў, якія будуць уручаныя прадстаўнікам бібліятэк горада і вобласьці.
Арганізатары спадзяюцца, што правядзеньне навуковых чытаньняў будзе спрыяць актывізацыі духоўнага жыцьця Гомельскай вобласьці і росквіту нацыянальнай культуры.