Вярхоўная Рада Ўкраіны на закрытым пасяджэньні ў аўторак прыняла закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу. Дакумэнт, у прыватнасьці, прадугледжвае амністыю прыхільнікам так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», а таксама пазачарговыя выбары ў гэтых рэгіёнах 7 сьнежня 2014.
Як паведаміў народны дэпутат з фракцыі «Свабода» Юры Сірацюк, за прыняцьце законапраекту прагаласавалі 277 членаў украінскага парлямэнту.
Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ў панядзелак унёс на разгляд парлямэнту законапраект аб увядзеньні на тры гады асобага рэжыму самакіраваньня для асобных рэгіёнаў Данбасу. Дакумэнт прадугледжвае амністыю для сэпаратыстаў, гарантыі на права выкарыстаньня рускай мовы, асаблівы парадак прызначэньня кіраўнікоў пракуратуры і судоў, які прадугледжвае ўдзел у працэдуры органаў мясцовага самакіраваньня, а таксама эканамічную і сацыяльную падтрымку Данецкай і Луганскай вобласьцям.
Улады самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» у аўторак заявілі, што законапраект аб рэжыме самакіраваньня асобных рэгіёнаў Данбасу не актуальны для «ДНР», аднак можа стаць «агульнай кропкай для будучых перамоваў». У сваю чаргу, прадстаўнікі так званай «Луганскай народнай рэспублікі» заявілі, што законапраект Парашэнкі ў асноўным адпавядае патрабаваньням сэпаратыстаў, хоць у ім застаецца яшчэ шмат незразумелага.