1 жніўня ў прысутнасьці чыноўнікаў так званай саюзнай дзяржавы ў Смаргоні быў адкрыты мэмарыял у памяць пра ўдзельнікаў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны. Зрэшты, завяршыць будоўлю да 100-й гадавіны пачатку крывавых падзеяў не ўдалося, і адказныя за стратэгічны аб’ект паабяцалі мабілізаваць усе сілы, каб нарэшце давесьці даўгабуд да ладу. Аднак, як пераканаўся наш карэспандэнт, за паўтара месяца, якія прамінулі з даты адкрыцьця, істотных зрухаў так і не адбылося.
14 верасьня 1915 году, праз год пасьля пачатку вайны, больш за 16 тысяч жыхароў Смаргоні атрымалі загад цягам трох гадзін пакінуць свае дамы. Як выявілася, практычна ўсе разьвітваліся з родным горадам назаўжды — на паваенныя руіны праз тры гады вярнуліся ўсяго паўтары сотні чалавек. Бальшыню прымусова эвакуавалі ў расейскае Паволжа ды Сыбір, дзе, паступова абжыўшыся, многія і засталіся.
Тым часам у Смаргоні і ваколіцах распачалася 810-дзённая нямецка-расейская пазыцыйная вайна, якая ўвайшла ў аналы гісторыі як самае працяглае супрацьстаяньне на Ўсходнім фронце. За савецкім часам тагачасныя падзеі асабліва ня ўзгадваліся, бо лічылася, што бальшавіцкая ўлада да «свары імпэрыялістаў» ніякага дачыненьня ня мае. Пра гэта кажа і аўтар некалькіх кніг пра падзеі Першай усясьветнай вайны, адстаўны вайсковец і краязнаўца Ўладзімер Лігута:
«Ёсьць адзін момант. Так, тыя падзеі прынамсі пачалі ўзгадваць, нічога ня скажаш. І фільмы робяцца, і публікацыі зьяўляюцца. То бок, калі мы з вамі чуем пра вайну, асабліва калі выступаюць беларускія аўтары, то размова нібыта ідзе, але ў якім разрэзе? Вось, дапусьцім, уцекачы. Пра іх мы ўжо ведаем досыць шмат — дзе яны былі, як жылі, наколькі гэта ўсё было складана і цяжка. Мы ведаем пра многія працэсы, зьвязаныя з гэтым часам і, ускосна, вайной. Возьмем любы падручнік ці энцыкляпэдыю розных аўтараў, розных выдавецтваў — і пабачым, што нацыянальнае адраджэньне прыпала на гэты пэрыяд, так? Адзначаны рост самасьвядомасьці, культуры. Палітычная актыўнасьць — працоўны рух, забастоўкі, „чырвоная“ рэвалюцыя. А вось сама вайна, пагадзіцеся, застаецца неяк за кадрам. Балазе, за апошнія 10–15 гадоў хоць работнікі музэю ў Смаргоні на чале са старшым захавальнікам фондаў сабралі вельмі шмат матэрыялу, грунтоўна пералапаціўшы ўсе нашы архівы».
Жнівеньскі юбілей пачатку ваенных падзеяў актывізаваў цікаўнасьць да забытых старонак гісторыі. З ухвалы вышэйшых уладаў было прапанавана ўшанаваць памяць ахвяраў тых падзеяў у Смаргоні — горадзе, які на тэрыторыі Беларусі найбольш пацярпеў ад абстрэлаў абедзьвюх арміяў.
Праўда, тое, што стварэньне скульптурнай групы ўзяліся фінансаваць зь бюджэту «саюзнай дзяржавы», урэшце абярнулася ідэалягічнай аднабаковасьцю. Спадзяваньні, што будзе ўсталяваны нэўтральны помнік, галоўнай місіяй якога мае быць грамадзянскае замірэньне, хай сабе і праз 100 гадоў, ня спраўдзіліся. Падзеі збольшага падаюцца з пункту гледжаньня Расейскай імпэрыі. Гэта пацьвярджае і вялізны георгіеўскі крыж, складзены з плітаў на ўваходзе, і праваслаўная капліца з гэткім жа крыжам на звоне, і помнік расейскім салдатам, дый, нарэшце, інфармацыйныя стэнды з тэкстамі кшталту «Наша кровь у Сморгони».
Дарэчы, адпачатку комплекс меліся ўвогуле назваць «Паркам перамогі», але абмеркаваньні ў прэсе — чыю перамогу чыноўнікі зьбіраюцца ўвекавечыць — падобныя пляны згарнулі. Цяпер гэта «Мэмарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяньня ў Першую ўсясьветную вайну ў 1915–1917 гадах».
Між тым прадстаўніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч ня лічыць, што на смаргонскім мэмарыяле мае месца прарасейскі перакос. Па яе словах, на той час беларускія землі ўваходзілі ў склад царскай Расеі, і мясцовыя жыхары так ці інакш былі вымушаныя прызнаваць свой статус «Паўночна-заходняга краю». А паколькі вядома, хто быў агрэсарам, то зразумела і тое, каго лічыць пацярпелым:
Нельга падзяляць, што гэта, маўляў, наша, беларускае, а гэта, скажам, расейскае
«Ведаеце, для Беларусі тое, што тычыцца падзеяў ваенных — нават калі браць ня толькі Першую ўсясьветную, а пайсьці ўглыб, у ХІІ стагодзьдзе — нельга падзяляць, што гэта, маўляў, наша, беларускае, а гэта, скажам, расейскае. 900 тысяч нараджэнцаў Беларусі былі мабілізаваныя ў расейскую армію. Расейцы ваявалі на смаргонскай зямлі, але ж гінулі і беларускія людзі — падчас абстрэлаў, газавых атакаў. Таму ваша спроба падзяліць народы па нейкіх пазыцыях не зусім апраўданая. Нельга нікога дзяліць, бо гэта наша агульная гісторыя. І Нямеччыны таксама гісторыя, і Беларусі гісторыя, Расеі, і іншых дзяржаваў, якія бралі ўдзел у Першай усясьветнай вайне і таксама ваявалі на гэтай зямлі. Яшчэ раз паўтараю: падзел абсалютна не апраўданы, асабліва калі ўлічваць тагачасныя рэаліі».
Як бы там ні было, працэс мэмарыялізацыі яшчэ далёкі ад фінішу. Скульптуры «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы» стаяць на бэтоннай аснове, дагэтуль не абшыты пастамэнт галоўнага помніка пад назвай «Крылаты геній салдацкай славы». Пасярод друзу ляжыць чыгунны кругляк мапы ваенных дзеяньняў. Два бэтонныя паўкругі чакаюць, калі на іх нанясуць пералік вядомых і безыменных салдатаў і афіцэраў. Выкладзеная пліткай паўкілямэтровая алея раз-пораз перарываецца бездарожжам. Адносна завершанай выглядае хіба што кампазыцыя зь вялізных валуноў, на якіх усталяваныя бронзавыя мэдальёны зь пералікам галоўных вехаў «смаргонскага катла».
Вакол Смаргоні раскіданыя дзясяткі пахаваньняў часоў Першай усясьветнай вайны, якія вымагаюць хоць бы мінімальнага дагляду. Але фінансаваньня ў дзяржаўным бюджэце на гэтыя мэты не прадугледжана. Як лічаць энтузіясты, якія даглядаюць часта безыменныя магілы на дабрачыннай аснове, нават невялікая частка вялізных сродкаў, укладзеных у пампэзны мэмарыял, магла б стаць добрай падмогай у справе захаваньня памяці пра ўдзельнікаў той крывавай вайны.