Урачыстае асьвячэньне адбылося ля царквы Георгія Пераможцы, на сьцяне якой і прымацаваны мэдальён.
Настаяцель царквы айцец Расьціслаў правёў малебен, распавёў вернікам пра тое, чаму праваслаўная царква шануе асобу Канстанціна Астроскага, і зазначыў, што якраз гэты дзень — 11 верасьня — дзень ягонага скону.
Асьвячэньне адбылося адразу пасьля літургіі. Айцец Расьціслаў выйшаў разам зь вернікамі да месца, дзе прымацаваны падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму. Усе разам памаліліся, а потым айцец Расьціслаў пакрапіў мэдальён сьвятой вадой і распавёў прысутным пра заслугі Канстанціна Астроскага перад Бацькаўшчынай і праваслаўнай царквой.
Айцец Расьціслаў: «Ён найперш шмат зрабіў дзеля таго, каб межы нашае радзімы былі абароненыя. А для праваслаўнае царквы пры ім было адчынена шмат новых храмаў. Ён быў па-сапраўднаму веруючым чалавекам, заўсёды наведваў храм, маліўся і шмат зрабіў дзеля таго, каб вера праваслаўная існавала на нашых землях. І нездарма ж яго цела пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Гэта шмат пра што сьведчыць...»
На ўрачыстасьці прысутнічаў старшыня Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік. Айцец Расьціслаў падзякаваў яму за ідэю ўсталяваць мэдальён і за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі. Суднік атрымаў слова перад вернікамі, яўна хвалюецца і распавядае пра Канстанціна Астроскага — гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага, ягоныя цноты і заслугі. Урэшце кажа, што пасьля таго як бацюшка асьвяціў мэдальён, дыхаць стала лягчэй.
Пазьней ён распавёў, што ў нядзелю ўлады не дазволілі правесьці ўрачыстае адкрыцьцё, бо адбылося непаразуменьне: мэдальён назвалі ганаровай шыльдай, а для гэтага, маўляў, існуюць іншыя бюракратычныя дазволы. Але ўсё своечасова высьветлілася, і з дабраслаўленьня япіскапа Наваградзкага Гурыя падзячны мэдальён урэшце асьвяцілі. Кажа Станіслаў Суднік:
Суднік: «Сёньня мы адкрылі падзячны мэдальён ад грамадзян Лідзкага раёну гетману найвышэйшаму Канстанціну Астроскаму за ўсё тое, што ён зрабіў дзеля нашай зямлі і дзеля памяці будучых пакаленьняў. Адкрыцьцё гэтага мэдальёна для мяне — гэта яшчэ адзін сплачаны доўг перад памяцьцю продкаў, тых, хто жыў да нас, хто ствараў гэтую краіну, бараніў яе і перадаў яе нам».
Актывіст Сяргей Трафімчык таксама прыклаў шмат намаганьняў дзеля таго, каб падзячны мэдальён гетману Астроскаму зьявіўся на сьцяне лідзкае царквы. Ён перахваляваўся ў нядзелю, калі забаранілі ўрачыстае асьвячэньне мэдальёна, і відаць, што сёньня гэтае хваляваньне яшчэ яго не пакінула.
Трафімчык: «Дзякуючы Богу, нашу справу асьвяцілі, акрапілі сьвятой вадой, і цяпер будзем спадзявацца, што гэты знак адсюль ня здымуць. Прыемна, што прыйшло шмат вернікаў пасьля літургіі. Да таго ж сёньня дзень сьвятога Яна Хрысьціцеля. Людзі вельмі станоўча да гэтага паставіліся, і на душы вельмі прыемна».
Мясцовы актывіст Міхал Бурачэўскі дадае, што ўшанаваньне памяці такіх людзей, як Канстанцін Астроскі, павінна адбывацца ня толькі ў Лідзе, а і па ўсёй Беларусі.
«Гэта, па-першае, гонар, я вельмі задаволены, што гэты мэдальён зьявіўся, бо ўшанаваны наш нацыянальны герой. Асабліва ён праславіўся ў бітве пад Воршай. І гэта добры знак, што ў нас у Лідзе зьяўляюцца такія помнікі. Гэта выдатна, проста выдатна, і думаю, што гэта будзе не апошні помнік нашым героям. Яны зьявяцца яшчэ для многіх нашых выдатных людзей, памяць пра іх адродзіцца...»