«Спадзяюся, што размовы з гэтай нагоды адбудуцца на працягу бліжэйшых тыдняў. НАТО на саміце сказала, што спрыяе таму, каб яе чальцы дамаўляліся з Украінай у двухбаковым парадку», — сказаў ён.
Міністар дадаў, што Польшча ўжо накіравала ва Ўкраіну дзьве тысячы бронекамізэлек і заявіў, што польская прамысловасьць гатовая да далейшага супрацоўніцтва з Украінай.
Камэнтуючы нядаўнія заявы дарадцы прэзыдэнта Ўкраіны Юрыя Луцэнкі пра гатовасьць пяці краінаў НАТО пастаўляць зброю ва Ўкраіну і пазьнейшыя абвяржэньні наяўнасьці такіх дамоўленасьцяў, міністар Сямоняк заявіў: «Гэта справы, пра якія ня трэба шмат дыскутаваць на блогах і вакол якіх праводзіць прапаганду. Вакол іх чым цішэй, тым лепш».
Раней старшыня партыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка заявіў, што на саміце НАТО Ўкраіна дасягнула «дамоўленасьцяў аб ваенных дарадцах і пастаўках сучаснай зброі» з Польшчай, Італіяй, ЗША, Нарвэгіяй і Францыяй.
Пазьней прадстаўнікі чатырох з гэтых краінаў зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю.
Томаш Сямоняк адхіліў меркаваньні, што супярэчнасьці вакол магчымых паставак зброі ў Украіну зьвязаныя з тым, што краіны НАТО ня вераць, што іх узбраеньне дазволіць Кіеву весьці эфэктыўныя ваенныя дзеяньні супраць расейскіх войскаў.
«Украінская армія, нягледзячы на вялікія цяжкасьці, спраўляецца», — заявіў ён.
Разам з тым польскі міністар адзначыў, што пастаўкі зброі — гэта доўгі працэс.
«Паставіць зброю ў армію, якая не гатовая яе выкарыстоўваць, не так проста. Навучаньне доўжыцца тыднямі, месяцамі», — заявіў Сямоняк .
«Мне здаецца, у гэтай справе павінна быць менш заяў у прэсе, а больш канкрэтных размоваў», — рэзюмаваў ён.
Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што з асобнымі краінамі НАТО «будуць дасягнуты дамоўленасьці аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве», удакладніўшы, што размова ідзе пра пастаўкі ўзбраеньня, у прыватнасьці, высокадакладнай зброі.