Самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР» хочуць унесьці ў пагадненьне аб спыненьні агню на Данбасе пункт аб прадстаўленьні ім незалежнасьці ад Украіны.
Пра гэта заяўляе так званы прэм’ер-міністар «ДНР» Аляксандр Захарчанка. Зрэшты, раней кіраўнікі ўзброеных груповак сэпаратыстаў нібыта настойвалі на тым, каб ўсходнія рэгіёны заставаліся ў складзе Ўкраіны, але атрымалі поўную аўтаномію і права выбудоўваць самастойна свае адносіны з Крамлём. Экспэрты мяркуюць, што такая рыторыка можа сьведчыць аб жаданьні Ўладзімера Пуціна і яго рэжыму рэалізаваць ва Ўкраіне басьнійскі сцэнар. Падобна Босьніі, Украіна павінна складацца з некалькіх слаба зьвязаных паміж сабой частак. Пры гэтым цэнтральная ўлада страціла б магчымасьць прымаць важныя стратэгічныя рашэньні адносна ўдзелу ў НАТО ці Эўразьвязе. Ўсходнія рэгіёны змогуць іх блякаваць.
Балканская краіна, якая складаецца з Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны і Рэспублікі Сэрбскай, жыве ў міры на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў з тых часоў, як былі заключаныя Дэйтанскія пагадненьня ў 1995 годзе пасьля трохгадовай вайны. Але Босьнія атрымала рэпутацыю краіны ў стане пастаяннага крызысу, у якой ні адна з частак не можа выйсьці за свае этнічныя межы. У той час, як яе суседзі далучыліся да НАТО, ЭЗ і іншых заходніх структур ці маюць намер гэта зрабіць, магчымасьць прымаць такія рашэньні ў Босьніі проста заблякаваная праз яе складаны фэдэратыўны лад. Такая мадэль вельмі прыцягвае Маскву, калі гаворка ідзе пра будучыню Украіны, лічыць галоўны рэдактар часопісу «Расія ў глябальнай палітыцы» (Russia in Global Affairs) Фёдар Лук’янаў:
"Ідэальным сцэнаром для Расеі будзе басьнійскі, гэта абмяркоўвалася шмат разоў. Ўсход Украіны павінен атрымаць шырокую аўтаномію, быць практычна цалкам самакіраваны, але фармальна заставацца часткай палітычнага і прававога поля Ўкраіны«,— тлумачыць пракрамлёўскі экспэрт.
Крамлю трэба закласьці пад палітычную сыстэму Ўкраіны «міну» — экспэрт
Кіраўнік дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў», дыплямат Багдан Яроменка лічыць, што для Крамля статус Усходу Ўкраіны не прынцыповы. Для Уладзімера Пуціна прынцыпова «закласьці міну запаволенага дзеяньня» пад палітычную сыстэму Ўкраіны. «Для Расеі важна ня проста адшчапіць якую частку тэрыторыі Ўкраіны, але і закласьці пэўныя міны запаволенага дзеяньня пад ўсю палітычную сыстэму Ўкраіны. Дык гэта не абмяжоўваецца толькі спробамі Расеі атрымаць пэўны статус для Данецкай і Луганскай абласьцей. Так, будуць патрабаваньні дэцэнтралізацыі, фэдэралізацыі, гэта значыць стварэньне такой палітычнай сыстэмы, якая б аслабляла Ўкраіне ў цэлым і дазваляла чыніць на яе ў будучыні ціск», — лічыць экспэрт. Басьнійскі сцэнар для Крамля выгаднейшы за распад Украіны?
Масква ніколі публічна не прапаноўвала, каб Украіна стала такой свабоднай фэдэрацыяй расейскамоўных усходніх рэгіёнаў і ўкраінамоўных заходніх, як Босьнія зь яе сэрбскай часткай і басьнійска-харвацкай. Менавіта басьнійская мадэль прапануе альтэрнатыву двух варыянтам, якія зьяўляюцца для Расеі непрымальнымі.
Першы — гэта плян дэцэнтралізацыі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прадугледжвае перадачу рэгіёнах часткі паўнамоцтваў цэнтральных органаў улады. Крэмль лічыць, што гэтага не дастаткова, каб вырашыць крызыс.
Іншая опцыя — літаральны распад Украіны як дзяржавы, Крэмль таксама сам па сабе не задавальняе.
Але могуць існаваць больш сур’ёзныя прычыны для прывабнасьці басьнійскай мадэлі, якая можа адпавядаць стратэгічным інтарэсам Крамля.
Лук’янаў лічыць, што вельмі важна, каб ўсходнія тэрыторыі, кантраляваныя сэпаратыстамі, заставаліся часткай Украіны. Калі Украіна возьме прыклад з Босьніі, кантраляваны сэпаратыстамі Усход, цалкам верагодна, будзе мець больш цесныя стасункі з Крамлём, чым з Кіевам.
«Фармальна тэрытарыяльная цэласнасьць краіны будзе захаваная, але статус Усходняй Украіны будзе падобным статусу Рэспублікі Сэрбскай ў Босьніі, у яе будуць бліжэй адносіны з Расеяй, чым з астатняй Украінай», — піша Ян Красьцеў, кіраўнік Цэнтра лібэральных стратэгій у Сафіі ў сваім артыкуле для часопіса Prospect .
Гэта азначае, што ў рэальнасьці Ўкраіна будзе падзеленая і будзе здольнай прымаць стратэгічныя рашэньні ў галіне зьнешняй і эканамічнай палітыкі толькі пры маўклівай згодзе Крамля.
Палітычны аналітык Іван Лазавы з Кіева адзначае, што «чырвонай лініяй» зьяўляецца тое, ці пагодзіцца афіцыйны Кіеў саступіць сувэрэнітэт над часткай сваёй тэрыторыі. Уладзімер Пуцін і яго падстаўныя асобы ў «ДНР» і «ЛНР» імкнуцца да значна большага, чым павялічанай аўтаноміі для асобных рэгіёнаў, адзначае экспэрт. Тым час, па словах Багдана Яроменкі, Крэмль пастаянна жанглюе патрабаваньнямі, падыходамі, сцэнарамі, назвамі для тых тэрыторый, на якія ён робіць замах, таму ня варта занадта засяроджвацца толькі на адным сцэнары разьвіцьця падзей.