Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Якаўлеўскі: Указ пра мяжу зьвязаны з сытуацыяй ва Ўкраіне


Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Указ Аляксандра Лукашэнкі пра ўсталяваньне памежнай тэрыторыі на мяжы з Расеяй выкліканы сытуацыяй ва Ўкраіне. Такое меркаваньне Радыё Свабода выказаў палітычны аналітык Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: «Узмацняць мяжу — гэта сувэрэннае права Беларусі.

Таксама ўзмацняецца відавочна мяжа з Украінай, у якой фактычна на сёньняшні дзень няма мяжы з Расеяй. Гэтыя бандыты — яны ж усе вольна ходзяць туды-сюды, хай нават назад і ў рэфрыжэратарах.

Але варта найперш адзначыць, што гэты ўказ ставіць пад сумнеў агульную мяжу саюзнай дзяржавы. Ён сьведчыць пра тое, што ўнутры так званай саюзнай дзяржавы ёсьць паўнавартасная мяжа паміж Беларусьсю і Расеяй. І ўсё гэта зьвязана з сытуацыяй ва Ўкраіне. Гэтая падстава нашмат больш грунтоўная, чым клопат наконт нелегальных міграцыйных плыняў.

Нам увесь час кажуць, што ў нас агульная мяжа з саюзнай дзяржавай, але выходзіць, што яна не такая ўжо і „саюзная“.

Я б не лічыў, што такога кшталту рашэньні прымаюцца ў Беларусі бязь ведама Крамля. Ёсьць жа яшчэ такая структура, як Агульны памежны камітэт. Але і тут Аляксандар Лукашэнка яшчэ раз імкнецца нагадаць, што ён не расейская губэрня».

Новы ўказ прэзыдэнта № 433 уносіць зьмены ва ўказ № 125 ад 9 сакавіка 2009 году, паведамляе БЕЛТА. У адпаведнасьці зь ім памежная тэрыторыя ўсталяваная ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да мяжы Беларусі з Расеяй.

Прэс-служба прэзыдэнта патлумачыла новаўвядзеньні патрэбай «арганізаваць належнае ўзаемадзеяньне з памежнымі органамі Расейскай Фэдэрацыі, накіраванае на рашэньне задач па выяўленьні і спыненьні транзытнай незаконнай міграцыі, наркатрафіку і незаконнага перамяшчэньня празь мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG