Так пракамэнтаваў новы ўказ прэзыдэнта № 433, які ўносіць зьмены ва ўказ № 125 ад 9 сакавіка 2009 году, прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Аляксандар Цішчанка.
«Трактаваць гэты ўказ як усталяваньне нейкай мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю — няслушна. Таму што прававы статус дзяржаўнай мяжы, у тым ліку і з Расеяй, быў вызначаны яшчэ пастановай Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь у 1993 годзе. Забесьпячэньне на ўнутраных межах бясьпекі ніякім чынам не супярэчыць рэжыму добрасуседзтва для любых саюзных утварэньняў. Гэта нават у інтарэсах Саюзнай дзяржавы робіцца.
Раней такіх прымежных тэрыторыяў не было на мяжы з Расеяй, і гэта стрымлівала дзеяньні памежнікаў. Напрыклад, міліцыянты маглі спыніць і праверыць дакумэнты ў чалавека, які ўяжджаў у Беларусь з боку Расеі, і гэта не выклікала пытаньняў. А калі правяралі памежнікі, то ў людзей адразу пачыналася паніка. Цяпер такіх пытаньняў быць не павінна, таму што наяўнасьць памежніка на прымежнай тэрыторыі падчас правядзеньня праверачных мерапрыемстваў не павінна выклікаць пытаньняў. Але гэта ня значыць, што будуць нейкія пункты пропуску ўсталёўвацца. Не, ні ў якім разе.
Тое, што тычыцца ўсталяваньня прымежных тэрыторыяў, то гэта зьвязана з умовамі, якія ствараюцца для выкарыстаньня сілаў і сродкаў органаў памежнай службы ў інтарэсах памежнай бясьпекі. Гэта дае магчымасьць больш эфэктыўна супрацьдзейнічаць незаконнай міграцыі, наркатрафіку, кантрабандзе на беларуска-расейскім участку і больш эфэктыўна ўзаемадзейнічаць з расейскімі памежнікамі. Забясьпечваючы ўмовы памежнай бясьпекі на ўнутраных межах Саюзнай дзяржавы, мы, адпаведна, вырашаем і частку праблемаў, якія датычаць і зьнешніх межаў.
Для грамадзянаў Беларусі і Расеі ніякіх прававых наступстваў гэты ўказ ня мае. Гаворка вядзецца толькі пра ўмовы для дзеяньняў памежнікаў. Тактыка прымяненьня ў дадзеным выпадку — гэта сакрэтная інфармацыя», — сказаў Аляксандар Цішчанка.
Памежная тэрыторыя, усталяваная ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да мяжы Беларусі з Расеяй, не азначае ўсталяваньня мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1