Расейскае ведамства «Роспотребнадзор» прыпыніла ад 5 верасьня ўвоз з Украіны кандытарскіх вырабаў фабрык «АВК» і «Конці», якія пастаўлялі ў Расею цукеркі, шакаляд, бісквіты, вафлі. Прычынай названае парушэньне правілаў маркіроўкі прадукцыі. Летась аналягічная забарона была ўведзена супраць кампаніі «Рашэн». У Кіеве рашэньне называюць палітычным і кажуць, што яно ня мае нічога агульнага з клопатам пра спажыўцоў. Ці скарыстаюць беларускія вытворцы пазбаўленьне ад моцнага канкурэнта?
Яшчэ год таму, у зьвязку з прэтэнзіямі да якасьці і бясьпекі цукерак, «Роспотребнадзор» увёў абмежаваньні на імпарт прадукцыі кампаніі «Рашэн», якая належыць украінскаму прэзыдэнту Пятру Парашэнку. З улікам сёньняшніх захадаў пад забарону ў Расеі падпала практычна ўся кандытарская галіна Ўкраіны. Паводле афіцыйных дадзеных, за мінулы год украінскія кандытары экспартавалі ў Расею прадукцыі на паўмільярда даляраў.
Варта нагадаць, што ад 1 жніўня доступ на паліцы расейскіх крамаў закрыты для ўкраінскіх сыроў, малака і вытворных ад яго, гароднінных і рыбных кансэрваў, мяса, соі, сокаў, піва і моцных алькагольных напояў. Увесь гэты асартымэнт нібыта не адпавядае патрабаваньням заканадаўства. Як кажа адзін з кіраўнікоў асацыяцыі сельгасвытворцаў Канстанцін Бабкін, расейскі рынак не адчуе нэгатыўных наступстваў, бо ў агульнай масе тавараў доля ўкраінскага імпарту складае лічаныя працэнты:
«Прыкладам, мы імпартуем мяса і субпрадуктаў з Украіны на 160 мільёнаў даляраў, малочных прадуктаў — на 382 мільёны. Насамрэч — мізэрныя лічбы, калі ўзяць у разьлік, што агулам Расея імпартуе з розных дзяржаў на 40 мільярдаў даляраў штогод, ток бок гэта дзесьці 50-я частка. Таго, што перад расейскімі вытворцамі пасьля гэтага адкрыецца вялікая прастора, я б таксама не казаў, але нейкія дадатковыя манэўры будуць, на гэтыя сумы яны, зразумела, змогуць павялічыць продаж сваёй прадукцыі. Ці будзе нанесены моцны ўдар па Ўкраіне? Тут ужо бліжэй да ісьціны, таму што ўвесь экспарт з Украіны складае 13 мільярдаў даляраў, і калі ўрэшце будзе адрэзаны нават мільярд, то гэта будзе адчувальна. Асабліва ў цяперашніх умовах».
Украіна разглядае магчымасьць асымэтрычнага адказу, цана якога для Расеі можа перавысіць 3 мільярды даляраў
У сваю чаргу, Украіна разглядае магчымасьць асымэтрычнага адказу, цана якога для Расеі можа перавысіць 3 мільярды даляраў. У прыватнасьці, на зацьверджаньне ў Кабінэт міністраў перададзены асартымэнтны пералік з сотні тавараў, імпарт якіх у Расею мяркуецца забараніць. Абмежаваньні, у прыватнасьці, тычацца харчоў, мэдыкамэнтаў, касмэтыкі, вырабаў хімічнай галіны, а таксама прадукцыі падвойнага прызначэньня. Пры гэтым у Кіеве разумеюць, што мера будзе мець хутчэй палітычны, чым эканамічны характар, бо істотнага ўплыву на агульны імпарт Расеі ня зробіць.
На пачатку жніўня Масква наклала аналягічныя «палітычныя» абмежаваньні на пастаўкі шэрагу тавараў зь дзяржаваў, якія асудзілі расейскую агрэсію супраць Украіны. Аднак неўзабаве здабыткам галоснасьці сталі факты рээкспарту замежнай прадукцыі празь Беларусь. У лепшым выпадку за беларускія выдаваліся прадукты, перапакаваныя на мясцовых перапрацоўчых заводах, у горшым — на маркіроўку краіны-вытворцы проста налепліваліся паперкі з надпісам «Зроблена ў Беларусі ».
Ці можа паўтарыцца такая гісторыя з цукеркамі ды печывам? Украінская слодыч займае істотную долю на кандытарскім рынку Расеі, а беларускія фабрыкі пасьля нацыяналізацыі так і ня здолелі «праціснуцца» на рынак суседняй дзяржавы ў жаданых аб’ёмах. Меркаваньне на гэты конт выказвае эканаміст Леў Марголін:
«На першае пытаньне адкажу адмоўна. Найперш, кандытарская прадукцыя — ня тая, якую вельмі лёгка перафасаваць, таму наўрад ці хто гэтым будзе займацца. Па-другое, гэта ня вельмі патрэбна і самой Украіне. Пасьля таго, як Эўразьвяз спрасьціў гандлёвыя адносіны з Украінай, заўважна расьце ўкраінскі экспарт на Захад, і якраз кандытарка — тая прадукцыя, якая можа знайсьці свайго пакупніка ў Эўропе. Тым больш, што гэта не такі вялікі аб’ём экспарту ў параўнаньні з астатняй колькасьцю. Гэта тычыцца літаральна некалькіх кампаніяў, у тым ліку кампаніі „Рашэн“, таму думаю, што яны знойдуць выйсьце з гэтай сытуацыі, знойдуць новыя альтэрнатыўныя рынкі. Што тычыцца таго, ці паспрыяе сытуацыя беларускім кандытарскім вытворцам, — мяркую, што паспрыяе. Як кажуць, сьвятое месца пустуе нядоўга, і заняць вызваленую нішу шанцаў досыць шмат».
Тым часам у некаторых рэгіёнах згортваньне ўкраінскага экспарту ўжо прывяло да дэфіцыту шэрагу тавараў. Перадусім гэта тычыцца анэксаванага Расеяй Крыму, дзе перабоі з пастаўкамі харчоў пачаліся адразу ж пасьля таго, як ён стаў расейскім. У гэтай сувязі новыя крымскія ўлады нават зьвярнуліся да расейскага ўраду з просьбай дазволіць увоз украінскай сельгаспрадукцыі, бо паўвыспа ня ў стане забясьпечыць сябе малаком, цукрам, алеем, бульбай ды іншымі прадуктамі першай неабходнасьці, а падтрымка з Расеі недастатковая.