Пісьменьнік Уладзімер Вайновіч асудзіў дзеяньні расейскай дзяржавы ў Данбасе, але заявіў, што яму ня сорамна быць расейцам.
У Кіеве прэзэнтавалі ўкраінскі пераклад сатырычнай кнігі расейскага пісьменьніка і дысыдэнта Уладзімера Вайновіча «Жыцьцё і неверагодныя прыгоды Івана Чонкіна». А выдаўцы і перакладчык перакананыя: сёньня гэты раман так жа актуальны, як і 50 гадоў таму.
Кніга «Жыцьцё і неверагодныя прыгоды Івана Чонкіна» выйшла ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя ў самвыдаце. У рамане Ўладзімер Вайновіч высьмеяў савецкую сыстэму, распавёўшы гісторыю пра маленькага чалавека, які зьяўляецца толькі інструмэнтам таталітарнай улады. Вайновіча выгналі з Саюза пісьменьнікаў, а пазьней і наогул выслалі з Саюза. Між тым кніга стала надзвычай папулярнай і з тых часоў атрымала мноства адаптацыяў, сярод іх — спэктакль у адным з кіеўскіх тэатраў.
Я разумею, што цяпер ідзе вайна, і ва Ўкраіне бачаць расейцаў як ворагаў. Але гэта ашуканыя прапагандай людзі — тыя, што ідуць на Данбас ваяваць. Трэба памятаць, што сярод тых, хто ідзе на вас, заўсёды ёсьць, паводле выразу Высоцкага, «той, хто не страляў»
Выдаць «Жыцьцё і неверагодныя прыгоды Івана Чонкіна» вырашыў «Клюб сямейнага вольнага часу». Перакладаў раман украінскі пісьменьнік Міхаіл Камянюк. У яго інтэрпрэтацыі Чонкін загаварыў «слэнгам адэскага Прывозу і львоўскага базару».
«Цяжкасьці гэтага перакладу і спрэчкі з выдавецтвам былі галоўным чынам зьвязаныя з гутарковай мовай. Гутарка ва ўкраінскіх сёлах не зьяўляецца чыстай. Гэтак жа — у турме. Асаблівасьць нашых пісьменьнікаў у 20-х гадах была ў тым, што іх героі казалі так, як кажа народ. Гэтак жа ў «Чонкіне», — распавядае Камянюк.
Дырэктар «Клюбу сямейнага вольнага часу» Алег Шпільман кажа: часта пытаюцца, навошта патрэбны ўкраінскі пераклад, калі большасьць чытачоў добра памятаюць гэтую кнігу менавіта па-расейску. «Попыт на ўкраінскую кнігу расьце, і для гэтага выданьня ёсьць аўдыторыя», — тлумачыць ён.
Чонкін, як і ахвяры прапаганды, ёсьць у кожным народзе — Вайновіч
Міхаіл Камянюк перакананы: свой Чонкін ёсьць у кожным народзе. Гэтак жа лічыць і аўтар рамана. Такіх герояў хапае: і сярод чыноўнікаў, і сярод простых людзей, кажа Уладзімер Вайновіч. Тыя ж палонныя расейскія дэсантнікі — гэта бяздумныя жаўнеры, не разумеюць, што робяць, лічыць Вайновіч. Гэтыя расейцы знаходзяцца пад уплывам прапаганды, якая дзейнічае на ўсіх аднолькава, незалежна ад нацыянальнасьці, падкрэсьлівае ён.
Я не магу адказваць за ўсіх адкідаў, якія гэта робяць ад імя расейскага народа. Я падтрымліваю справядлівасьць і асуджаю дзеяньні расейскай дзяржавы
«Значная частка грамадзянаў, якія мысьляць, расейцаў, усё ж не задаволеная тым, што адбываецца ў краіне. Я разумею, што цяпер ідзе вайна, і ва Ўкраіне бачаць расейцаў як ворагаў. Але гэта ашуканыя прапагандай людзі — тыя, што ідуць на Данбас ваяваць. Трэба памятаць, што сярод тых, хто ідзе на вас, заўсёды ёсьць, паводле выразу Высоцкага, «той, хто не страляў», — распавядае пісьменьнік.
Разам з тым Вайновіч адзначае, што не саромеецца называць сябе расейцам.
«Я не магу адказваць за ўсіх адкідаў, якія гэта робяць ад імя расейскага народа. Я падтрымліваю справядлівасьць і асуджаю дзеяньні расейскай дзяржавы», — тлумачыць ён.
На будучыню Расеі Ўладзімір Вайновіч глядзіць «з асьцярожным аптымізмам». Кажа, што яна зрабіла крок да дэмакратыі, калі выйшла з СССР. І нягледзячы на тое, што цяпер ёй кіруюць рэваншысты, якія «вярнулі савецкія правілы суіснаваньня», пісьменьнік спадзяецца, што калі-небудзь расейцы прымуць і зразумеюць эўрапейскія каштоўнасьці — раней, чым краіна распадзецца.