Урады Ўкраіны, ЗША і Эўразьвязу заявілі пра адкрытае ўварваньне расейскіх войскаў на поўдзень Данецкай вобласьці, захоплены горад Новаазоўск, шэраг вёсак, памежны пункт.
У сувязі з абвастрэньнем ваенных дзеяньняў сытуацыю на пытаньні Радыё Свабода адказаў вайсковы экспэрт, кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук.
— Як вы ацэньваеце чарговае абвастрэньне сытуацыі ва Ўкраіне?
— Насамрэч сытуацыя ня вельмі аптымістычная для нас. Але пакуль не ідзе гаворка пра паўнавартаснае ўварваньне Расеі. Відавочна, проста ідзе працэс такога своеасаблівага тэставаньня, то бок расейцы выпрабоўваюць нас на трываласьць. Пуцін, як заўсёды, гуляе ў «шматхадоўку», то бок у дадзенай сытуацыі мы бачым стратэгічнай мэтай — праверыць магчымасьць прабіцьця сухапутнага калідора ад Расеі да Крыму. Гэта вельмі актуальна зараз для расейскай улады, бо Керчанская пераправа, празь якую зараз ідзе забесьпячэньне Крыму, абсалютна не спраўляецца. Грузапаток павінен быць вельмі вялікі, каб задаволіць патрэбы Крыму ў перавозках. Таму вельмі важна для Расеі забясьпечыць наземныя зносіны.
З другога боку, калі зараз гэта не атрымаецца ў Пуціна, усё адно будзе дасягнута іншая мэта — гэта адцягваньне нашых рэсурсаў ад зоны правядзеньня расейскай апэрацыі ў Данецкай вобласьці. То бок калі ўкраінскія войскі ня змогуць адбіць гэтае ўварваньне ў раёне Новаазоўску, цалкам відавочна, што будуць уводзіцца новыя падразьдзяленьні расейскіх войскаў, і там ужо будзе вельмі сур’ёзная сытуацыя, і нічога добрага Ўкраіне чакаць не давядзецца.
— Як вы ацэньваеце вынікі менскага саміту Ўкраіна — Мытны Зьвяз —Эўразьвяз і сустрэчы прэзыдэнтаў Украіны і Расеі сам-насам?
— Што да нядаўняй сустрэчы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу ў Менску і цяперашняга абвастрэньня сытуацыі, — Расея традыцыйна выкарыстоўвае перамовы, каб адцягнуць увагу і каб даць магчымасьць тэрарыстам і сваім войскам вырашыць нейкія тактычныя задачы па ўзаемадзеяньні. То бок гэта «ўсыпленьне» пільнасьці Кіева. Тое самае мы бачылі, калі былі трохбаковыя кансультацыі 31 ліпеня ў Менску, калі было абвешчана на 10 дзён замірэньне (20–30 чэрвеня). У гэты час тэрарысты зрабілі перагрупоўку, атрымалі сьвежае папаўненьне, А Масква настойвала, угаворвала, пагражала, патрабавала працягнуць замірэньне. Але калі толькі пачалі працягвацца баявыя дзеяньні, мы зразумелі, што замірэньне якраз было выкарыстана тэрарыстамі і Расеяй для таго, каб назапасіць сілы, правесьці перагрупоўку, контратакаваць і дамагацца сваіх мэтаў на Данбасе. Цяпер, я лічу, адбылося тое ж самае. Занадта шмат надзеяў было на тое, што Пуцін раптам «празрэе», раптам працягне руку дружбы, пачне каяцца і перастане разьдзімаць агонь пажару на Данбасе. Але надзеі гэтыя не апраўдаліся. Больш за тое, тут спачатку трэба было ставіць пытаньне: пра што можна размаўляць з краінай, якая не прызнае таго, што яна вядзе агрэсію супраць Украіны? Любыя перамовы зводзяцца да таго, што ідзе прызнаньне нейкага факта абодвума бакамі і пошук кансэнсусу, пошук выйсьця. Давайце паглядзім, што адбывалася ў Менску: у цэлым усе падтрымалі ўкраінскі мірны плян, але Расея так і не прызнала сваёй адказнасьці за падзеі ў Данбасе.
— А якія настроі ва ўкраінскім войску?
— Ва ўкраінскім войску сытуацыя няпростая. Таму што, з аднаго боку, мы бачым на некаторых участках фронту трываласьць, прыклады мужнасьці і гераізму, вельмі высокі патрыятычны дух, маральна-псыхалягічны стан войска. З другога боку, мы бачым на пэўных участках непрыкрытае дызэртырства, паніку цэлых падразьдзяленьняў, якія кідаюць зброю і тэхніку. Я лічу, гэта выклікана тым, што ідзе працэс мабілізацыі, часьці даўкамплектоўваюцца рэзэрвістамі. А часьцяком людзі, якія зьяўляюцца ваеннаабавязанымі, маюць цьмянае ўяўленьне пра вайсковую службу, не валодаюць вайсковымі спэцыяльнасьцямі. Менавіта часьці, укамплектаваныя рэзэрвістамі, паводзяць сябе, так бы мовіць, няўстойліва. Самае горшае — у такіх умовах абсалютна немагчыма плянаваць вайсковыя апэрацыі.