Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абы не было вайны»


Адносна Менскага саміту Мытны саюз-Украіна-ЭЗ выглядае, што спраўдзіўся парадаксальны прагноз расейскага палітоляга Фёдара Лук’янава ў інтэрвію Свабодзе. Ён казаў, што калі будуць пэўныя вынікі, то яны могуць быць толькі канстатацыяй правалу. А гучнае маўчаньне, увасобленае ў самотнай постаці Лукашэнкі, які выйшаў да журналістаў, можа сьведчыць пра тое, што пэўныя зрухі адбыліся, пэўныя пункты судакрананьня ўзьніклі.

Варта прыгадаць, якія перасьцярогі луналі напярэдадні і нават падчас саміту: што ён наагул не адбудзецца, што Пятро Парашэнка і Ўладзімір Пуцін не сустрэнуцца сам-насам, што Менскі саміт стане новым Мюнхенам і Парашэнку прымусяць капітуляваць перад злавесным плянам Пуціна-Мэркель, нарэшце, што бакі адно канстатуюць несумяшчальнасьць пазыцый і разьедуцца ваяваць і канфрантаваць далей.

Саміт адбыўся, перамовы сам-насам прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны — таксама (даволі працяглыя, у адрозьненьне ад кароткага абмену рэплікамі ў чэрвені ў Францыі), страшылкі пра злавесныя пляны страшылкамі і засталіся.

Ну і разьехаліся бакі не зусім з пустымі рукамі, дыпляматычны дыялёг вырашана працягваць, вызначаны фармат гэтага працягу.

Таго, што пэўная калі ня згода, то паразуменьне было дасягнутае ў сфэры эканомікі, у пытаньні наступстваў асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ для Мытнага саюзу, можна было чакаць — пытаньні грошай вырашаюцца прасьцей, чым пытаньні крыві і тэрыторыяў. Парашэнка прынамсі прызнаў пэўную рацыю і абгрунтаванасьць перасьцярогаў Пуціна наконт наступстваў асацыяцыі Украіны з ЭЗ для Расеі і прапанаваў шлях да вырашэньня хаця б гэтага пытаньня. Яно, зразумела, ня першаснае, але ў такім вострым канфлікце пагадненьне нават па другасных пытаньнях стварае атмасфэру, якая дазваляе вырашаць і галоўныя.

Ніхто ня вымушаны капітуляваць

Прынамсі публічна фактычна нічога канкрэтнага не было сказана па пытаньні вайны — ну дык надта шмат крыві ўжо пралілася, і пры гэтым ніхто не знаходзіцца ў тым стане, калі застаецца толькі падпісаць капітуляцыю.

Заходнія санкцыі — сур’ёзная пагроза эканоміцы Расеі, але небясьпечныя наступствы іх праявяцца ня заўтра і Пуцін мае час. Ваяваць Захад у цэлым, а Эўропа асабліва, катэгарычна ня хоча. Гэта не азначае, што ніколі ня вырашыцца на гэта, але «чырвоная лінія» праходзіць зусім не ў Данбасе. А там Пуцін мае магчымасьці забясьпечыць сытуацыю, пры якой сэпаратысты прынамсі не прайграюць.

Куды больш складанае становішча ва ўкраінскага лідэра: сытуацыя на фронце як мінімум няпэўная, сытуацыя ў эканоміцы пэўная і надзвычай гаротная. Пазыцыю Эўропы сфармулявала Ангела Мэркель, якая ў мінулую суботу наведала Кіеў. Справа ня ў тонкіх адрозьненьнях паміж фэдэралізацыяй і дэцэнтралізацыяй, пра што казала яна і іншыя нямецкія палітыкі, а ў яе тэзе — сытуацыя ня мае ваеннага рашэньня. Так што Ўкраіну і яе лідэра можна павіншаваць з тым, што Менск сапраўды ня стаў Мюнхенам.

Для разуменьня сытуацыі варта прыгадаць, што цяперашні канфлікт — зусім ня першы ў гісторыі кантынэнту. І ня трэба зь любой нагоды прыгадваць самы катастрафічны і жахлівы — Другую сусьветную, які скончыўся татальным разгромам аднаго з бакоў. Эўропа ведала шмат войнаў, і пераважна яны ўрэшце канчаліся перамовамі і кампрамісным мірам. Тое, што цяпер перамовы аб міры пачаліся празь месяцы, а не праз гады канфлікту — добры знак. Эўрапейскія кангрэсы ХІХ стагодзьдзя цягнуліся тыднямі, калі не месяцамі, формулы міру выпрацоўваліся няпроста. З чаго вынікае, што ў Менску ўсё мусіла вырашыцца за адзін дзень?

Ёсьць, зразумела, і іншая думка, іншы погляд. Якія перамовы? Гэта ганьба — даеш перамогу! Ну, калі яна даецца, то пытаньняў няма. Але падчас выбарчай кампаніі кандыдат Парашэнка казаў, што антытэрарыстычная апэрацыя мусіць доўжыцца ня месяцы і нават ня тыдні, а гадзіны. Цяпер пры прэзыдэнце Парашэнку ўкраінская армія закупляе кажушкі для зімовай кампаніі. Ці не таму, паводле Лукашэнкі, менавіта прэзыдэнт Украіны стаў ініцыятарам сустрэчы ў Менску? «Чыстае» рашэньне — выдатная справа, але за яго Ўкраіна заплаціць больш за ўсіх.

Пераможца менскага саміту

Але хто атрымаў ад сустрэчы ў Менску найбольш палітычных бонусаў, дык гэта яе гаспадар — Аляксандар Лукашэнка. Гэта было настолькі відавочна, што ён мог сабе дазволіць нават дэманстратыўную сьціпласьць, маўляў, гэта ўсё Парашэнка прапанаваў. Але і прыехалі эўрапейцы ў падсанкцыйны Менск, і сустрэлася Кэтрын Эштан — першы дыплямат Эўропы — зь яе «апошнім дыктатарам», і падзякавала за «ініцыятыву па правядзеньні сустрэчы», і што вельмі важна — на прапанову Парашэнкі ўсе, і эўрапейцы ў тым ліку, пагадзіліся, каб Менск стаў сталай пляцоўкай перамоваў па ўкраінскай праблеме.

Цікава, што Лукашэнка тут выйграў маленькі двубой з Нурсултанам Назарбаевым. Казахстанскі лідэр прапанаваў у якасьці перамоўнай пляцоўкі сваю краіну — абралі Менск. І зразумела, дарэчы, чаму. Ягонае павучэньне Парашэнку, што вырашаць усё трэба з Пуціным, прапанова абвясьціць замірэньне дзеля дастаўкі гуманітарнай дапамогі — абедзьве ініцыятывы прадэманстравалі, што пазыцыя Астаны істотна бліжэйшая да пазыцыі Масквы, чым пазыцыя афіцыйнага Менску.

Менскага міру пакуль не атрымалася. Крок да яго — атрымаўся. Беларусь як дзяржава, са сваім традыцыйным «абы не было вайны», зрабіла кантынэнту значную паслугу. Мяркую, што кантынэнт гэта ацэніць. Ужо ў якія інстытуцыйныя формы ўвасобіцца гэтая ацэнка — цяпер сказаць цяжка, але ўжо цяпер зразумела, што ўвасобіць будзе імкнуцца ня толькі беларуская, але і эўрапейская дыпляматыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG