Пуцін папярэджвае Ўкраіну пра адмену прэфэрэнцыі ў гандлі
У выпадку падпісаньня Ўкраінай пагадненьня з Эўразьвязам, Расея адменіць прэфэрэнцыі для ўкраінскага імпарту і ўвядзе стандартны рэжым гандлю. «Гэтыя захады будуць абараняць эканоміку Расеі», — сьцьвярджае Пуцін.
Парашэнка: «Лёс Украіны вырашаецца тут, у Менску».
Парашэнка просіць падтрымаць ягоны мірны плян
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікае ўдзельнікаў саміту падпісаць ягоны плян па ўрэгуляваньню сытуацыі ў Данбасе — перадае з Палаца незалежнасьці журналістка АР Натальля Васільева.
"Усе бакі зацікаўленыя выйсьці з канфлікту і захаваць твар. Я хачу абмеракаваць стратэгіі выхаду з канфлікту",— заявіў Парашэнка.
Парашэнка заявіў, што падпісаньне Ўкраінай дамовы з ЭЗ будзе ўлічвае жаданьне краіны працягваць гандлёвыя стасункі з краінамі Мытнага зьвязу.
Далей перамовы ў фармаце 4+1 працягваюцца ў закрытым рэжыме
Пуцін: Празь Беларусь ідзе забаронены рээкспарт тавараў з ЭЗ
«Нават у рамках Мытнага саюзу ўжо ідзе забаронены сёньня да ўвозу на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі тавар з краін ЭЗ. У дадзеным выпадку, на жаль, празь Беларусь», — заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін падчас сустрэчы кіраўнікоў краін Мытнага саюзу з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у прысутнасьці прадстаўнікоў ЭЗ.
Журналістаў на менскім саміце пакінулі бязь відэатрансьляцыі
Каля 100 акрэдытаваных на менскі саміт журналістаў сабралі ў так званым «зьнешнім прэс-цэнтры» — не ў самім Палацы незалежнасьці, а ў будынку павільёна «Белэкспа».
Твіт Пятра Парашэнкі пад час перамоў
Пуцін і Парашэнка «за кілямэтар адзін ад аднаго» пад час перамоваў — піша журналістка АФП Марыя Антонава
Пуцін і Парашэнка — пра шкоду ад асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што сукупная шкода расейскай эканоміцы ад рэалізацыі пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ можа скласьці больш за 100 млрд расейскіх рублёў.
Сустрэча прэзыдэнта Парашэнкі, лідэраў краін Мытнага саюзу і Эўракамісіі працягваецца больш за 3 гадзіны. Перамовы праходзяць за зачыненымі дзьвярыма, перадае РИА Новости.
Парашэнка і Пуцін маюць правесьці двухбаковую сустрэчу, — паведамляе прэс-служба беларускага прэзыдэнта. Такую інфармацыю распаўсюдзілі ў прэс-цэнтры для журналістаў, якія асьвятляюць саміт у Менску.
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў будзе мець сустрэчу з Кэтрын Эштан.
Цяпер, пасьля перамоваў у закрытым фармаце, ідзе абед. Потым адбудуцца заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы. Выніковая прэс-канфэрэнцыя чакаецца каля 21 гадзіны.
Украінскія мэдыі: Перамовы Пуціна і Парашэнкі не адбудуцца
Сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў Менску адмененая, паведамляе ўкраінскі тэлеканал 1 + 1.
На выніковую прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнка выйшаў адзін. Такое было рашэньне ўсіх удзельнікаў перамоваў – паведаміў кіраўнік Беларусі. “На жаль, сытуацыя ва Ўкраіне зайшла настолькі далёка, што аніякія дамоўленасьці на палітычным узроўні не прывядуць да вырашэньня”, - адзначае Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка зачытвае рутынную прамову, якая падсумоўвае вынікі саміту і паўтарае выказваньні яго ўдзельнікаў. Агульны пасыл прамовы: перамовы не далі нікага выніку.
Вынікі перамоваў Лукашэнка агучыў у трох пунктах:
1. Што тычыцца мірнага ўрэгуляваньня, удзельнікі падтрымалі прапанову Пятра Парашэнкi зрабіць Мeнск рэгулярнай пляцоўкай для такіх перамоваў. Пятро Парашэнка настойвае, каб новая сустрэча адбылася ўжо заўтра.
2. У галіне гандлёва-эканамічных стасункаў. Працоўнай групе Украіна-ЭЗ даручана да 12 верасьня “зьняць заклапочанасьць” Мытнага зьвязу ў дачыненьні да падпісаньня Ўкраінай пагадненьня з ЭЗ. Уладзімір Пуцін настойвае, каб перамовы Ўкраіны з Мытным зьвязам вяліся да ратыфікацыі Ўкраінай пагадненьня з ЭЗ. Па меркаваньні Пуціна, пасьля ратыфікацыі перамовы Ўкраіны з Расеяй і Мытным зьвязам пра эканамічнае супрацоўніцтва зьяўляюцца бессэнсоўнымі.
3. Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны дамовіліся пра двухбаковую сустрэчу “сам-насам”. Калі адбудзецца сустрэча – не паведамляецца.
Пачалася сустрэча Парашэнкі і Пуціна
У Менску пачалася двухбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Расеі Пятра Парашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
Пра гэта паведамляе адміністрацыя ўкраінскага прэзыдэнта на сваёй старонцы ў Твітэры.
Як паведаміла ў сацсетцы упаўнаважаная прэзыдэнта па мірным урэгуляваньні канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласьцях Ірына Герашчанка, перамовы ў фармаце ЭЗ-Украіна-"Эўразійская тройка" за зачыненымі дзьвярыма доўжыліся амаль 4 гадзіны. затым прэзыдэнты 4 краін і кіраўніцтва ЭЗ працягнулі гутарку без дэлегацый.
Раней у СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што наступны раўнд перамоваў паміж украінскім і расейскім прэзыдэнтамі адбудзецца 28 жніўня ў Анкары.