Першым прыляціць Парашэнка
26 жніўня а 11.15 чакаецца прылёт у Менск Пятра Парашэнкі, праз 15 хвілін пасьля яго прылятае Высокі кіраўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і эўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт, а 12-й прылятае прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, а 13.15 — эўракамісар па энэргетыцы Гюнтэр Этынгер. Уладзімер Пуцін мае прыляцець а 13.20.
Чакаецца дзьве сустрэчы Пуціна і Парашэнкі
У пачатку перамовы лідэраў Украіны і Расеі пройдуць з удзелам прэзыдэнтаў Беларусі і Казахстана і высокапастаўленых чыноўнікаў Эўразьвязу ў фармаце Ўкраіна — Эўразьвяз — Мытны саюз.
Гэтая частка дыскусіі будзе датычыць перш за ўсё эканамічных аспэктаў далучэньня Ўкраіны да зоны свабоднага гандлю з ЭЗ і зьвязанымі з гэтым пытаньнямі супрацоўніцтва з краінамі Мытнага саюза.
Чакаецца таксама, што прэзыдэнты Парашэнка і Пуцін таксама будуць мець двухбаковыя перамовы сам-на-сам, тэмай якіх будзе канфлікт на Данбасе. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў пастаўках у Данбас зброі і баевікоў, а таксама кадравых вайскоўцаў. Масква сваю датычнасьць адхіляе. Антытэрарыстычная апэрацыя на ўсходзе Ўкраіны працягваецца з красавіка.
Парашэнка пачне менскі візыт сустрэчай з Эштан
Пляцоўкай для менскай сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах Кэтрын Эштан абраная амбасада Ўкраіны ў Менску.
У аэрапорце «Менск» — падвышаныя захады бясьпекі
Як паведамляе карэспандэнт Свабоды Ігар Карней, у Нацыянальным аэрапорце «Менск» перад прылётам гасьцей на сёньняшні саміт увялі надзвычайныя захады бясьпекі, вельмі шмат супрацоўнікаў спэцслужбаў. Выстаўленая таксама ганаровая варта і пакладзеныя дывановыя дарожкі. Сустракаць прэзыдэнта Ўкраіны ўжо прыбыў амбасадар гэтай дзяржавы Міхаіл Ежаль.
Пуцін сустрэнецца з Парашэнкам сам-на-сам
У Менску сёньня адбудуцца сустрэча на найвышэйшым узроўні ў фармаце Украіна — Эўразьвяз — «Эўразійская тройка» (Беларусь, Казахстан і Расея).
У рамках саміту заплянавана таксама сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Расеі,— паведамляе афіцыйнае агенцтва БелТА.
Прэсавы цэнтар
Парадак дня саміту пакуль не агучаны
Як паведамляе карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько, каля Палаца Незалежнасьці пакуль не назіраецца значнай актыўнасьці. Вакол будынку стаяць мужчыны ў цывільным, дзяжурыць некалькі аўтамабіляў ДАІ. Тэрыторыя каля Палаца і вакол агароджы амаль бязьлюдная.
Большая частка журналістаў разьмешчаная ў зьнешнім прэс-цэнтры ў суседнім будынку «Белэкспа» і будзе назіраць за самітам праз TV-трансьляцыю. Цяпер у прэс-цэнтры каля трох дзясяткаў журналістаў розных СМІ. Але на тэрыторыі самога Палаца незалежнасьці знаходзяцца групы журналістаў зь відэакамэрамі. Якія СМІ маюць магчымасьць асьвятляць саміт непасрэдна ў будынку, пакуль невядома. Журналістам таксама яшчэ не паведамілі праграму саміту.
Парашэнка прыляцеў на саміт першым
Аб 11.20 «Airbus» прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі прызямліўся ў менскім аэрапорце, яго сустракалі хлебам сольлю і ганаровай вартай. Зь беларускага боку госьця сустракаў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Не зрабіўшы ніякіх заяваў, Парашэнка сеў у пасольскую машыну і зьехаў.
Прыбыў перадавы самалёт Пуціна
Пасьля Парашэнкі ў Менскі аэрапорт прыбыў самалёт з расейскімі чыноўнікамі — так званы перадавы самалёт Уладзімера Пуціна.
Эштан таксама нічога не сказала ў аэрапорце
Аб 11.50 ў менскім аэрапорце прызямліўся самалёт зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Яе сустракала намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Госьцю сустракалі з кветкамі і ганаровай вартай.
З аэрапорта Эштан накіравалася ў амбасаду Ўкраіны ў Менску, дзе адбудуцца яе перамовы з Пятром Парашэнкам.
Журналістам прапануюць піва і каньяк
Украінскія журналісты зьдзіўленыя, што ў прэсавым цэнтры Палаца незалежнасьці на сталах піва, віно, каньяк, гарэлка. Пра гэта ў прывтнасьці піша карэспандэнтка 5 канала Вольга Сьнісарчук.
Назарбаеў прыляцеў зь вялікай дэлегацыяй
Прэзыдэнта Казахстану ў менскім аэрапорце сустракала вялікая ганаровая варта, салдат 20, нашмат большая, чым тая, якая сустракала Пятра Парашэнку, — сьведчыць карэспандэнт Свабоды Ігар Карней. Сустракаў Назарбаева віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.
Разам з Назарбаевым прыляцела шмат казахскіх чыноўнікаў і журналістаў. Да журналістаў казахстанскі кіраўнік не падыйшоў.
Пачынаецца сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі
Журналістаў на яе не дапускаюць, паведамляе карэспандэнтка АР Натальля Васільева
Перамовы маюць пачацца ў 14.10
Агульная сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і краін Мытнага саюза, а таксама прадстаўнікоў Эўрзьвязу заплянаваная на 14.10.
Гэта будзе ў выпадку, калі ня спозьніцца Ўладзімер Пуцін, чый прылёт заплянаваны на 13.30.
Але, як зазначаюць журналісты ў кулюарах менскага саміту, Пуцін заўсёды спазьняецца.