Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы з Украіны: «У нас нічога няма, застаўся толькі пашпарт...»


Сям’я Фурман — уцекачы з Данецку
Сям’я Фурман — уцекачы з Данецку

У Горадні распачаўся збор сродкаў і рэчаў для ўцекачоў з Украіны. Гэтым займаецца Гарадзенскае абласное аддзяленьне Чырвонага Крыжа разам з цэнтрам сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, болей за 700 грамадзян Украіны зьвярнуліся ў органы міграцыі Гарадзенскай вобласьці за апошнія тры месяцы. Тры сям’і папрасілі надаць ім статус уцекачоў. Сёньня я наведаў сям’ю з Данецку: Аляксандар і Валянціна Фурман — пэнсіянеры, зь імі старая маці, якой 85 год.

Спадарыня Валянціна распавядае, што мужу ў менскай клініцы рабілі апэрацыю на вока, а ў гэты час пачаліся падзеі на паўднёва-ўсходняй Украіне. Родныя параілі дамоў не вяртацца, і так яны засталіся ў Беларусі. Зьвярнуліся ў эміграцыйныя службы з просьбай аб статусе ўцекача, пасьля чаго іх накіравалі ў Горадню. Цяпер яны жывуць у кватэры сацыяльнага патраніраваньня.

Фурман: «Мы ўсе — пэнсіянеры. Муж — інвалід першае групы, бабуля наша — удзельніца вайны, ёй 85, і мне 62 гады — таксама пэнсіянэрка. Вядома, нам тут цяжка, пэнсіі мы ніякай ня маем, і як яно што будзе, нічога ня ведаем. І там у нас ужо нічога няма. У нас застаўся толькі адзін пашпарт».

У гарадзкім транспарце кантроль зайшоў, а мы ім паказваем кніжачку і кажам, што мы з Украіны, езьдзілі ў абласны шпіталь, і нам у адказ: калі ласка

Пытаюся — ці маюць сувязь з роднымі і блізкімі ў Данецку? Аказваецца, абедзьве дачкі таксама прыехалі ў Беларусь, а са знаёмымі размаўляюць праз тэлефон.

Фурман: «Адзін раз на дзень даюць ваду, сьвятла ўжо няма, сувязь пакуль ёсьць, а вось у Луганску ўжо няма, людзі хаваюцца ў падвалах і начуюць там. Шмат дамоў разбамбілі, учора перадавалі, што ў Варашылаўскім раёне бамбілі, а наш побач — Калінінскі. Наш рынак разбамбілі...»

Фурман Аляксандар: «Дый аэрапорт разбамбілі, нават чыгунку разбамбілі...»

Цікаўлюся — ці аказала беларуская дзяржава ім фінансавую дапамогу?

Фурман: «Пакуль ветэраны аказваюць дапамогу».

Спадар Аляксандар: «А болей пакуль ніхто нічога не аказваў...»

Фурман: «Так, прыходзілі вэтэраны Ленінскага раёну, Кастрычніцкага, і па магчымасьці сабралі грошай. Потым людзі прачыталі ў інтэрнэце і прыходзілі, прыносілі рэчы і ежу. Адна жанчына зь дзіцём прынесла нам і пасьцельныя рэчы, і харчы, і грошай дала. Вось мы гэтыя грошы беражэм, каб нам заплаціць за жыльлё тут».

Спадарыня Ніна: «Тут нас ніхто ня крыўдзіць, тут добра. Людзі проста выдатныя. Я такіх людзей яшчэ ня бачыла, а прайшла фронт, жыцьцё пражыла...»

Яшчэ спадарыня Валянціна дадае, што практычна паўсюль яны адчуваюць спагаду і разуменьне беларусаў, нават у гарадзкім транспарце.

Фурман: «Вось учора ў гарадзкім транспарце кантроль зайшоў, а мы ім паказваем кніжачку і кажам, што мы з Украіны, езьдзілі ў абласны шпіталь, і нам у адказ: калі ласка... І ў Менску ў мэтро таксама падыходзілі, паказвалі свае дакумэнты, і ніякіх праблемаў не было».

Грошы нясуць, ежу, дарэчы, нясуць адразу са сваіх лецішчаў сьвежую садавіну, Аддаюць і плачуць...

Размова пра палітыку ў нас неяк не пайшла, але Фурманы ўсё ж выказаліся і на гэтую тэму амаль у адзін голас.

Фурманы: «Мы хацелі, каб Украіна была нармальная. Адзіная. Ну, але як пайшла дзялёжка... Разумееце, дзеляць, і народ ад гэтага церпіць, мясцовы народ пачаў гінуць ні за што...»

Карэспандэнт: «А ці хочацца вам дадому?»

Фурманы: «Вядома, каб было там усё нармальна, то вельмі хочацца. Але ехаць цяпер проста — то мы там будзем толькі паміраць з голаду...»

У Горадні месьціцца ганаровае консульства Ўкраіны. Я пайшоў пацікавіцца, якую дапамогу ўцекачам аказваюць там. Консула на месцы не было. Сакратарка спадарыня Вікторыя патлумачыла, што ў іх толькі ганаровае консульства, але ўсё, чым могуць дапамагчы людзям, якія зьвяртаюцца, — усё дапамагаюць.

Спадарыня: «Накіроўваем у іміграцыйную службу, падказваем, што трэба адразу атрымаць даведку пра тое, што не былі судзімыя, якую трэба замовіць у генэральным консульстве ў Берасьці. Раз на два месяцы генэральнае консульства прыяжджае працаваць у Горадню. У апошні прыезд у ліпені наведнікаў было каля 50. У асноўным гэта былі людзі з Луганску і Данецку, якія вырашылі сваё жыцьцё зьвязаць зь Беларусьсю».

Яшчэ я пацікавіўся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, як вядзецца збор сродкаў і рэчаў для ўцекачоў з Украіны. Вось што мне адказала супрацоўніца цэнтру Жана Ценяжук:

Ценяжук: «Грошы нясуць, ежу, дарэчы, нясуць адразу са сваіх лецішчаў сьвежую садавіну, сухпайкі, кансэрвы, адзеньне, пасьцельныя рэчы — усё, што можна. Аддаюць і плачуць... Проста хочуць дапамагчы гэтым людзям. Бывае, нічога ня кажуць, а толькі плачуць — вазьміце, і ўсё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG