Украіна прыпыніць санкцыі супраць беларускіх тавараў, калі беларускі бок здыме перашкоды для ўкраінскага экспарту.
Пра гэта на брыфінгу ў Кіеве паведаміў урадавы ўпаўнаважаны па справах эўрапейскай інтэграцыі Валеры Пятніцкі.
Ён патлумачыў, што ўкраінскі бок вырашыў прыпыніць санкцыі супраць беларускіх тавараў. Аднак у выпадку паўторных парушэньняў зь беларускага боку Ўкраіна адновіць дзеяньне гэтых санкцыяў. Пятніцкі адзначыў, што пакуль гэтыя абмежаваньні ня зьнятыя, а экспарт у Беларусь не адноўлены. Беларускі бок павінен цалкам разблякаваць усе пастаўкі ўкраінскіх тавараў на свой рынак. Гэта тычыцца ўведзенага Беларусьсю ліцэнзаваньня імпарту ўкраінскай прадукцыі, якое парушае пагадненьне аб свабодным гандлі.
«Мы правялі кансультацыі ў Менску, і беларускі бок зрабіў пэўныя крокі, каб выправіць гэтую сытуацыю. Мы будзем маніторыць, як беларускі бок выконвае свае абавязаньні, каб забясьпечыць доступ украінскіх тавараў на свой рынак. Для нас важна, каб гэта было ня толькі напісана, але каб гэта адбылося на справе», — цытуе Пятніцкага УНІАН.
Мы правялі кансультацыі ў Менску, і беларускі бок зрабіў пэўныя крокі, каб выправіць гэтую сытуацыю. Мы будзем маніторыць, як беларускі бок выконвае свае абавязаньні
Паводле спадара Пятніцкага, калі абмежавальныя захады, зробленыя Ўкраінай, застануцца, то яны будуць аўтаматычна дзейнічаць да 2016 году. Пры гэтым пэўную адказнасьць за гандлёвыя абмежаваньні, уведзеныя Беларусьсю, нясе Расея, якая, уступаючы ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, абавязалася, што ўсе краіны Мытнага саюзу будуць выконваць правілы УГА, адзначыў Пятніцкі.
Улады Беларусі раней увялі абмежаваньні на пастаўкі ўкраінскіх тавараў: бульбы, піва і некаторых будматэрыялаў. Украіна заявіла, што такія абмежаваньні парушаюць дамову аб свабодным гандлі ў рамках СНД, і ўвяла ў адказ абмежаваньне на беларускія тавары.
25 ліпеня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў, што Беларусь адмяніла ліцэнзаваньне імпарту некаторых тавараў з краінаў СНД. Гэта прадугледжана пастановай Савету міністраў ад 24 ліпеня. Паводле Мірончыка, гэтая пастанова «здымае асьцярогі нашых партнэраў па СНД адносна доступу іхніх тавараў на беларускі рынак». Ён распавёў, што 18 ліпеня ў Менску прайшлі беларуска-ўкраінскія кансультацыі, і беларускі бок чакае, што Ўкраіна забясьпечыць доступ беларускіх тавараў на свой рынак у рэжыме, які вызначаны дамовай аб зоне свабоднага гандлю. Паводле Мірончыка, «калі ўкраінскія рашэньні ўступяць у сілу, мы вымушаны будзем прымаць меры адэкватнага рэагаваньня».